Усаў: Масква выкарыстоўвае гнеў стомленага народа, спароджаны тыраніямі
Калі дапусціць, што падзеі ў Казахстане справакаваныя і кіруюцца Масквой для рэалізацыі сваіх планаў па пашырэнні імперыі, то тады мы маем справу з глабальным, геапалітычным монстрам, які вызначае правілы гульні, мяркуе палітолаг Павел Усаў
Калі гэта так, то зусім невядома, як яму супрацьстаяць і як сарваць яго планы і сцэнары. Бо пры такім раскладзе самыя патрыятычныя патрыёты, самыя нацыянальныя нацыяналісты, аўтарытарныя аўтакраты, кансерватары і лібералы могуць ператварыцца ў момант у карысных ідыётаў.
Зыходзячы з падзей апошніх гадоў, Крэмль падрыхтоўваў і ажыццяўляў свае стратэгіі ў Грузіі 2008—2022, ва Украіне 2014—2022, Беларусі (доўгатэрміновы праект 1994—2022), (кароткатэрміновы 2020—2022), Арменіі (2020), Казахстане, у Сірыі, Лівіі, наёмніцкія аперацыі ў іншых афрыканскіх краінах і Лацінскай Амерыцы.
З аднаго боку, распрацоўка і рэалізацыя ўсіх хітрых шматхадовак азначае наяўнасць сур'ёзнага інтэлектуальнага і эканамічнага патэнцыялу, здольнасці планаваць і ажыццяўляць таемныя аперацыі, якія для мясцовых эліт і таварыстваў, нацыянальных арганізацый становіцца поўным адкрыццём.
Гэта азначае, што за любым палітычным паваротам (працэсам-трансфармацыяй) у суседняй дзяржаве стаіць ФСБ-СВР-ГРУ.
Разам з тым сітуацыя ў самой Расіі, у элітах і грамадстве, гаворыць аб поўнай дэградацыі ў кіраванні і развіцці дзяржавы. І як растлумачыць "аперацыі" апошніх гадоў — "справа Скрыпаляў", "справа Навальнага" (замахі на забойства)?
Так ці інакш, атрымліваецца, што вялізныя рэсурсы накіраваны на забеспячэнне глабальных стратэгій, а лакальныя праблемы нікога не цікавяць. Больш за тое, Крэмль цікавіць сам працэс "захопу" тэрыторыі, узмацнення ўплыву, бо пасля "аперацыі" рэгіён прыходзіць у поўны сацыяльна-эканамічны заняпад.
З іншага боку, ажыццяўленне стратэгій Крамля ў Беларусі і Казахстане паказваюць поўную няздольнасць аўтакратый змагацца ці нешта супрацьпаставіць "рускаму міру" для захавання краіны ў доўгатэрміновай перспектыве. Пры гэтым у руках аўтакратаў сканцэнтраваны ўсе рэсурсы (сілавікі, спецслужбы, СМІ), якія выкарыстоўваюцца для эфектыўнай барацьбы з апазіцыяй і ўтрымання ўлады, аднак цалкам бездапаможныя перад маскоўскай пагрозай. Аўтакраты (іх службы) пры пашыраным палітычным кантролі не ў стане абмежаваць/нейтралізаваць актыўнасці "рускіх агентаў", іх пранікненні ва ўласныя сілавыя і бюракратычныя структуры. Бо для таго, каб падрыхтаваць аперацыю а-ля Беларусь —2020, Казахстан —2022, патрэбен не адзін месяц аператыўнай і агентурнай працы ў краіне, проста пад носам у дыктатара і яго "адданых" спецслужбаў і чыноўнікаў. Лукашэнка не змог прадбачыць з'яўлення Бабарыкі і Ціханоўскага, а Назарбаеў — дзеянняў Такаева.
Таксама гэтая паспяховасць сцэнара (-оў) прадугледжвае сістэмную апрацоўку грамадства, якое ў патрэбны момант будзе прытрымлівацца дадзеным звонку сігналам. Па сутнасці, гэта маштабная праца цэлага інстытута, які адпрацоўвае гібрыдную атаку на суседнюю дзяржаву. У той жа Беларусі цэлы комплекс інстытутаў бяспекі ад КДБ, ААЦ і стратэгічных цэнтраў, акадэмія навук з эфектам у працы.
Атрымліваецца, што якой бы ні была дыктатура — антынацыянальнай (Лукашэнка), пранацыянальнай (Назарбаеў), — яна зусім неэфектыўная ў супрацьстаянні з Масквой. У момант крызісу (арганізаванага Расіяй) іх "рэжымы" ператвараюцца ў failed state. Масква выкарыстоўвае рэжымныя інстытуты, чыноўнікаў (крымінальнікаў) і грамадства, якое рэжымы ўзмоцнена кантралявалі. У такім выпадку, пры палітычным і геапалітычным панаванні Расіі на постсавецкай прасторы няма ніякіх інструментаў для супрацьдзеяння Маскве.
Нават у самай стабільнай дыктатуры надыходзіць такі момант нявызначанасці, у якім народ становіцца бязвольнай марыянеткай у чужой гульні. У гэтым выпадку ў грамадства невялікі выбар: альбо быць паслухмянай прыладай у руках карумпаванага аўтакрата ці алігархата (які няшчадна эксплуатуе краіну), альбо стаць прыладай у руках Масквы.
Які з гэтага вынікае вывад? Насельніцтва нашых краін дурное і сляпое, якое не заслугоўвае ўласную дэмакратычную дзяржаву, бо не можа за яе змагацца? І што трэба верыць толькі ў шчасны зыход пасля смерці дыктатара? Але падзеі ў Казахстане гавораць пра адваротнае. Я не веру ў звышгеній насельнікаў Крамля, якія будуюць палацы за 1 млрд, гуляюць на крыштальных фартэпіяна, якія гвалцяць і забіваюць сваіх грамадзян. Яны толькі карыстаюцца плёнам шматгадовага кіравання дыктатараў, якія самі руйнуюць грамадства, нацыянальныя інстытуты, падрываюць асновы дзяржаўнай і сацыяльнай устойлівасці кланавасцю, карупцыяй, самавольствам і палітычным бандытызмам.
Дыктатуры робяць з насельніцтва паслухмяных рабоў, няздольных абараняць сваю дзяржаву. Масква можа выкарыстаць гнеў стомленага народа, але гэты гнеў спараджае не Масква, а тыраніі.