Сіламі АДКБ у Казахстане будзе кіраваць камандуючы ПДВ Расіі Сердзюкоў. Ён удзельнічаў у анексіі Крыма

Кіраваць дзеяннямі сіл АДКБ (Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы) у Казахстане будзе камандуючы ПДВ генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў. Пра гэта паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Мінабароны Расіі Ігара Канашанкава, піша currenttime.tv.

000022_4f581a25ac56a358432587c200502c2d_474911.jpg


Расія адправіла ў Казахстан падраздзяленні 45-й брыгады спецназа ПДВ, 98-й дывізіі ВДВ і 31-й асобнай брыгады ПДВ. У Мінабароны заявілі, што ўсе вайскоўцы маюць баявы вопыт.
З біяграфіі Сердзюкова вядома, што ён быў удзельнікам Першай і Другой чачэнскіх войнаў, марш-кідка зводнага батальёна ПДВ на Прышціну і ваеннай аперацыі Расіі ў Сірыі. У 2014 годзе ён прымаў удзел у далучэнні Крыма да Расіі, праз гэта яго ўнеслі ў санкцыйны спіс Украіны.
Між тым, у Казахстан прыбылі і «прыступілі да выканання пастаўленых задач» беларускія вайскоўцы. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны РБ. У складзе роты 103-й Вiцебскай паветрана-дэсантнай брыгады пастаянна служаць 100 чалавек, пры неабходнасці склад можа быць павялічаны да 300 чалавек, адзначае «Свабода».
«Падраздзяленне прайшло ўвесь комплекс навучання і падрыхтаванае для выканання такіх задач. Яно ўкамплектаванае толькі кантрактнікамі. Сёння ўначы гэтае падраздзяленне здзейсніла марш у раён аэрадрома Мачулішчы, дзе ажыццёўлена пагрузка на самалёты Расійскай Федэрацыі. Цяпер яно рухаецца да месца выканання задач», — заявіў учора міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
103-я Вiцебская асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада была створаная ў 1992 годзе, а ў 2007 годзе ўвайшла ў склад Сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь. Дыслакуецца ў Віцебску.
У склад брыгады ўваходзяць тры асобныя парашутна-дэсантныя батальёны, змяшаны артылерыйскі дывізіён, зенітная ракетна-артылерыйская батарэя, батальён сувязі, выведвальная рота, інжынерна-сапёрная рота, рота аховы і абслугоўвання, рамонтная рота, рота матэрыяльнага забеспячэння і медыцынская рота.
Брыгада мае на ўзбраенні БТР-70МБ1, мінамёт «Нона-М1», бранявік «Volat V1», БРДМ «Кайман», АК-74М, ВСК-94, СВД, РПГ-7.
У 2010 годзе ўдзельнічалі ў міратворчай місіі ў Ліване, але афіцыйна не паведамлялася, у якім складзе і з якім узбраеннем.
Раней СМІ меркавалі, што Беларусь адправіць у Казахстан у рамках аперацыі АДКБ па падаўленні пратэстаў каля 500 салдат, Расія — каля 3000, Таджыкістан — каля 200, Арменія — каля 70.