Кветачкі ці арматура? Падзеі ў Казахстане далі адказ на галоўнае пытанне пратэсту

Пры ўмове, што пратэст у Алматы здзьмуўся (а хутчэй за ўсё, гэта так), адказ не на карысць адэптаў радыкальных дзеянняў.

mycollages__1__3.jpg


Ледзьве пачаўшыся з надыходам новага года, казахстанскія пратэсты адразу адгукнуліся ў Беларусі. Не былой, канешне, вулічнай турбулентнасцю, але, прынамсі, усплёскам старой фэйсбучнай фрустрацыі.
«Ну што, неверагодныя? Дагэтуль лічыце, што ўставаць на лаўку ў шкарпэтках — эфектыўная форма пратэсту?» — пісалі адны, кідаючы спасылкі на паспяховыя бойкі з паліцыяй у Талдыкаргане альбо спаленыя «даішныя» аўто ў Алматы. «Будзеце і надалей адмахвацца кветачкамі ад АМАПа?» — з’едліва пыталіся другія, лайкаючы штурм чарговай гарадской адміністрацыі. «Гэта вам не сцягамі махаць і стужачкі развешваць», — выносілі бязлітасныя высновы трэція, робячы рэпост на кадры раззбраення сілавікоў у Актаў.
Цяжка не пагадзіцца: выглядала ўсё эфектна. Аднак у выніку да перамогі не прывяло. Раптоўны пратэст у Казахстане, які ўспыхнуў цалкам на сацыяльнай глебе (праз няправільнае энергетычнае цэнаўтварэнне), фатальна прайграе — гэтак жа, як прайграў пратэст беларускі ў 2020-м. Розніца толькі ў тым, што ў Беларусі захоўваецца шанец на рэванш, тады як у Алматы і іншых гарачых стэпах яго — шанец — зараз вынішчаюць замежнікі з шэўронамі АДКБ. Пад ухвальныя, што важна, погляды значнай часткі мясцовага насельніцтва.
Чаго дасягнуў наогул пратэст у Казахстане? На першы погляд, здабыткі ёсць, і немалыя: тут і зніжэнне цэн на той звадкаваны газ, з якога ўсё пачалося, і іншыя сацыяльна-эканамічныя саступкі, і звальненне нацыянальнага ўрада… Асаблівы смак — сыход абрыдлага Назарбаева, які, кажуць, ганебна збег у Турцыю ці ў Расію.
Дасягненні выглядаюць салідна, і ў пэўным сэнсе можна сказаць, што ўсё было нездарма. Аднак галоўнай мэты — дэмакратызацыі аўтарытарнай краіны — казахстанскія барацьбіты не дамагліся. Што з таго, што 81-гадовы Елбасы пакінуў сваю пажыццёвую пасаду ў Радзе бяспекі? Яго цудоўна заменіць прэзідэнт Такаеў, ён прызначыць у новы ўрад сваіх людзей — і вуаля: састарэлага кіраўніка замесціць больш маладзейшы, на выгляд інтэлігентны з харошай фрызурай на чыстым брыаліне. Яшчэ глядзі, ён і помнікі Назарбаеву адновіць, бо стаялі ж як мае быць, пакуль вандалы іх не разбурылі.
То-бок «трафеі» ў казахстанскіх пратэстоўцаў досыць сімвалічныя. А вось выдаткі на іх аказаліся трагічна, невымерна, катастрафічна велізарнымі.
Дастаткова сказаць пра ахвяры з абодвух бакоў — там лік у выніку можа пайсці на сотні. Дастаткова дадаць пра руйнаванне інфраструктуры і іншых прыкмет цывілізацыі. Але галоўнае нават не ў гэтым, а ў тым, што ў краіну панаехалі войскі АДКБ. І ўжо не трэба быць Шрайбманам, каб гаварыць пра ўзрослую залежнасць ад Расіі. І ўжо не трэба быць Зянонам, каб казаць пра пагрозу суверэнітэту.
Ну і асобная чарвяточына студзеньскага сілавога супраціву ў Казахстане. Вельмі глыбокая і надзвычай выразная. Некантралюемы разгул гвалту выліўся цераз край, і напрыканцы, як выглядае, пратэст страціў сімпатыі насельніцтва. А то нават і набыў антыпатыі.
Няцяжка зразумець. Пагром мала асацыюецца з прагай цывілізаванага жыцця. Рабаванне мала падобнае на дэмакратычныя каштоўнасці. Грабежнік, які цягне з супермаркета новую «плазму», альбо, закінуўшы за спіну «калаш», пакуе ў багажнік дублёнку, мала нагадвае змагара за правы чалавека і роўнасць усіх перад законам. Хутчэй гэта нешта з рэпертуару бандаў Нью-Ёрка з вядомага амерыканскага блокбастара.
Можна доўга спрачацца, сцвярджаючы, што марадзёры — гэта засланыя казачкі, якія не маюць дачынення да барацьбы з дыктатурай. Можна нават настойваць, што рабаўнікоў інспіравалі ўлады для дыскрэдытацыі супраціву. Абывацеля гэта не ўразіць, бо абывацель верыць вачам. А ў вачах страшныя рэчы. Ганебныя знішчэнні гандлёвых цэнтраў і крам, узломы банкаў і банкаматаў. Ганебныя пагромы рэстаранаў, падпалы будынкаў і блакіроўкі машын хуткай дапамогі. І ўсё такое іншае, дзякуючы чаму Алматы месцамі стаў падобны на Грозны 90-х. І праз што простыя алмацінцы спужана сядзяць па сваіх кватэрах — і яны баяцца зусім не сілавікоў.
Відавочна, што пратэсныя падзеі ў Казахстане прынялі такі абарот, што пабочныя эфекты раптам сталі адыёзным трэндам. І менавіта праз гэту некантраляваную метамарфозу прыхільнікі перамен зусім не атрымліваюць міжнароднай падтрымкі. Што там пастсавецкія суседзі з роднаснымі рэжымамі. Ці цяперашняя Турцыя, якая таксама ідэалагічна супраць любой вулічнай актыўнасці. Нават ЕС і ЗША выказваюцца наконт казахстанскай страляніны асцярожна нейтральна, з чаго вынікае роўна наступнае: калі ўлада Такаева пераможа, у вачах Захаду яна захавае і легітымнасць, і рукапаціскальнасць. Пры ўмове, зразумела, што пасля аднаўлення статус-кво не распачне людажэрныя рэпрэсіі з касмічнымі тэрмінамі зняволення.
Ці можа так званы радыкальны пратэст мець больш цывілізаваны выгляд? Самае цікавае, што загадзя гэта невядома і ў кожным выпадку высвятляецца наўпрост на практыцы. Ва Украіне ў 2014-м, здаецца, было інакш, аднак гэта не ўратавала нябесную сотню. У Кыргызстане інакш аніяк не атрымліваецца, хаця рэвалюцыі там адбываюцца з фантастычнай рэгулярнасцю.
Як было б у Беларусі, нам таксама невядома, то, мусіць, яно і добра. На што здатныя беларускія сілавікі, бачыў літаральна ўвесь свет. Бачна тым часам і іншае: «аксамітныя» падзеі 2020-га акрамя негатыўных наступстваў (смерці, рэпрэсіі, палітвязні і г.д.) прынеслі і важныя зрухі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі страціў легітымнасць і стаўся ізгоем. Сёння ён абкладзены міжнароднымі эканамічнымі санкцыямі, якія хоць «дзірава», але сяк-так працуюць. Апазіцыйныя штабы за мяжой маюць цесныя зносіны з лідарамі мацнейшых заходніх краін. Амаль паўтара года беларуская тэма не сыходзіць са старонак сусветных медыя і з сусветнага парадку дня.
І нарэшце галоўнае: арыентаванасць на змены, незадаволенасць уладамі і прагрэсіўная электаральная большасць нікуды не дзеліся. Як не дзеўся — вось адрозненне — і сам працэс, які працягваецца, нягледзячы ні на якія захады рэжыму.
Вось у гэтым і ёсць перавага беларускіх кветачак перад казахстанскімі ягадкамі.
Фота reuters, telegram.