Мандэла жыве, а справа яго памірае
Увесь свет сочыць за здароўем Нельсана Манделы — легенды руху за грамадзянскія правы, якому на мінулым тыдні споўнілася 95 гадоў. Асабліва, думаецца, перажываюць кіраўнікі партыі «Афрыканскі нацыянальны кангрэс» (ANC), які доўгі час узначальваў Мандэла.
Фігура Мандэлы і яго культ — важная складовая палітычнай рэкламы ANC. Больш таго, падаецца, што ганарыцца«Афрыканскі нацыянальны кангрэс» у хуткім часе зможа толькі героямі мінулага, накшталт таго самага Мандэлы.
Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), якой ANC кіруе ўжо 19 гадоў, перажывае сістэмны крызіс. Сёння беспрацоўем у ПАР ахоплена 25 працэнтаў насельніцтва (палова з іх — моладзь). Узровень крыміналу ў ПАР— адзін з самых высокіх у свеце, а яго брутальныя формы проста шакуюць.
Адзін мой знаёмы, які нядаўна вярнуўся з Кейптаўна, распавёў, што мясцовыя вадзіцелі падчас язды абавязкова апускаюць аўтамабільныя шыбы на пару сантыметраў. На практыцы праверана, што ў выпадку спробы рабавання на светлафоры гэта дапаможа шыбе лепш стрымаць удар молатам.
Аднак галоўны біч ПАР — карупцыя. Па падліках, толькі ў мінулым годзе чыноўнікі скралі з бюджэту праз розныя схемы каля мільярда долараў. Прычым фігурантамі афёр, як правіла, становяцца асобы з самых высокіх паверхаў вертыкалі. Трэнд відавочны: сістэма, якая ўзнікла пасля падзення апартэіду, больш не дае сацыяльных шансаў для простых грамадзян. Эліта муціравала ў клуб нарцысаў, якія займаюцца, як у нас прынята казаць, «распілам».
Не выпадкова апошнім часам у Паўднёвай Афрыцы назіраецца бум нараджэння новых партструктур, якія збіраюцца кінуць выклік ANC. Так, у чэрвені на свет з’явілася партыя «Agang», якую заснавалі шэраг былых змагароў з апаратэідам. Іх маніфест вельмі катэгарычны. «Праз 20 гадоў пасля калапсу апартэіду мы знаходзімся на ростанях. Мы павінны змяніць курс зараз, ці нястрымная карупцыя пазбавіць кожнага мужчыну, жанчыну і дзіця будучыні, а наша краіна страціць свой патэнцыял. На нашых вачах падаюць аснова за асновай нашай канстытуцыйнай дэмакратыі: судовая сістэма, свабода прэсы, падсправаздачнасць урада і гарантыя правоў грамадзян».
Аднак значна большы інтарэс прэса надае не «Agang», а іншай, альтэрнатыўнай «Афрыканскаму нацыянальнаму кангрэсу», палітычнай ініцыятыве. Гаворка пра рух «Змагары за эканамічную свабоду» (Economic Freedom Fighters), якую 12 ліпеня заснаваў 32-гадовы Джуліус Малема — былы функцыянер і актывіст Моладзёвай лігі ANC, якога нядаўна выключылі з партыі.
Большая ўвага грамадскасці да праекту Малемы часткова звязана са старонкамі гісторый ANC. Гісторыя партыі, якая была заснаваная ў 1912 годзе, чымсьці нагадвае верш пра папа і яго сабаку. Рэгулярна ў партыйных шэрагах узнікала фракцыя радыкальнай моладзі, якая жадала «паруліць». Першы эпізод меў месца ў 1950 годзе, калі пад ціскам моладзі «Афрыканскі нацыянальны кангрэс» фактычна пагадзіўся на стварэнне парамілітарных структур, што каштавала яму статусу легальнай партыі. Праз два дзесяцігоддзі курс партыі стала вызначаць група арганізатараў паўстання ў Саўэта (1976). Нарэшце, у 1980-х у ANC пачалі задаваць тон т. зв. «таварышы» — лідары вулічных груповак, якія бралі пад кантроль урбаністычныя зоны.
Чаму моладзі практычна заўсёды ўдавалася пасунуць старых лідараў і навязаць больш радыкальную праграму? Адказ на гэта пытанне даволі просты. У Паўднёвай Афрыцы заўсёды хапала чарнаскурых маладых люмпенаў, якія, як правіла, запісваліся ў ANC.
Такім чынам, у асобе Малемы мы назіраем рымейк апісанага вышэй цыклу навязвання ўлады маладых, тым больш, што сацыяльныя ўмовы — хваля маргіналізацыі — вельмі гэтаму спрыяюць. Можна нават сцвярджаць, што калі б не было Малемы, з’явіўся б іншы малады палітык, які б крытыкаваў «Афрыканскі нацыянальны кангрэс» з левых пазіцый.
Што тычыцца непасрэдна Малемы, то ён нарадзіўся ў правінцыі Трансвааль. Выхоўвала яго выключна маці, якая працавала на фермах белых. Джуліус мае дыплом спецыяліста па працы з моладдзю, што, напэўна, цалкам слушна. Ён зрабіў сабе кар’еру як функцыянер ANC, адказны за працу менавіта з моладзевым актывам. Кульмінацыяй яго кар’ернага росту стала яго абранне на пасаду старшыні Моладзевай лігі ў 2008 годзе.
Прыход Малемы на гэту пасаду храналагічна супаў з буйным карупцыйным скандалам з удзелам прэзідэнта Якаба Зумы. Ліга выступіла за чыстку партыйных шэрагаў ад карупцыйных элементаў, а Малема нават пагражаў гаранту расправай. Пасля Малема выступіў за экспрапрыяцыяю ў белых прадпрымальнікаў аб’ектаў горназдабываючага сектара. Усе гэтыя выхадкі стварылі Джуліусу імя на палітычным рынку. Аднак найбольш правакацыйным аказаўся яго публічнае выкананне ў 2010 годзе песні «Забей бура!». Выступ выклікаў вялікі скандал, паколькі песня была забароненая як ксенафобская.
Тут ужо нервы ў кіраўніцтва ANC не вытрымалі. Хутка сяброўства Малемы ў партыі часова прыпынілі, і знялі яго з пасады лідара Моладзевай лігі, распусціўшы ў дадатак выканкам арганізацыі. Аднак, як бачым, рэпрэсіі не спынілі харызматычнага маладога палітыка, які, дарэчы, на думку «Forbes Magazine», уваходзіць у спіс дзесяці самых уплывовых маладых людзей Афрыкі.
Чаго дабіваюцца «Змагары за эканамічную свабоду», і наколькі сур’ёзна яны могуць паўплываць на палітычны працэс? Нагадаем, што цяпер галоўнымі палітычнымі акторамі з’яўляюцца ANC і «Дэмакратычны альянс» (DA), за які галасуюць белыя і афрыканскі сярэдні клас.
Паводле праграмнага дакумента, «Змагары за эканамічную свабоду» выступаюць «за новую дэмакратычную рэвалюцыю, якая павінна цалкам знішчыць у менталітэце грамадзян ПАР рэшткі апартэіду».
Каментючы перспектывы руху «Змагары за эканамічную свабоду», газета «Business Review» піша: «Асноўная ідэя гэтага напрамку — ахапіць самых бедных, асабліва маладых людзей, якія не могуць дазволіць сабе нават купіць чырвоны берэт [сімвал партыі Малемы]. Сам фактар Малемы мае тут вялікае значэнне».
Не трэба забываць і тое, што Малема сябруе з Робертам Мугабэ — аўтарытарным лідарам суседняй Зімбабве, які можа аказаць руху «Змагары за эканамічную свабоду» матэрыяльную дапамогу.
Што тычыцца слабых месцаў праекту, то гэта найперш падмочаная рэпутацыя новага рэвалюцыйнага правадыра. У мінулым годзе супраць яго пачалі крымінальную справу за лабізм некаторых фірм.
Ёсць сумневы, што партыя, якая мае выключна персаналісцкі характар, зможа стварыць структуры на месцах, якія будуць сістэмна працаваць. «Вельмі не проста стварыць рух у нашым палітычным ландшафце. Нашы апазіцыйныя партыі нагадваюць клуб «Арсенал». «Арсенал» гуляе вельмі прыгожа. Калі глядзіш матч з удзелам «Арсеналу», разумееш значэнне слова «паэзія ў руху», але гэтая каманда не мае ў сваім заліку шмат перамог. У гэтым плане праца «Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу» падобная на стыль гульні «Манчэстэр Юнайтэд». Гульня «МЮ» не эстэтычная, але заўсёды прыносіць вынік», — піша іншая мясцовая газета «Sunday Times».
Ці мае шанс Малема перамагчы ANC, мы даведаемся вельмі хутка. Чарговыя парламенцкія выбары ў ПАР прызначаныя на наступны год.