Малдова не прапусціць у Прыднястроўе «зялёных чалавечкаў»
Улады Малдовы перакрылі расійскім вайскоўцам магчымасці дабірацца да Прыднястроўя.
Аэрапорт Кішынёва заставаўся адзінай легальнай магчымасцю для расейцаў дабірацца да Прыднястроўя пасля рашэння Вярхоўнай Рады дэнансаваць дамову аб транзіце вайскоўцаў і ваенных грузаў з Расіі
праз тэрыторыю Украіны. Аднак, як паведамляе газета «Коммерсант», толькі за апошнія два тыдні ў кішынёўскім аэрапорце былі затрыманыя, а пазней дэпартаваныя на радзіму адразу трое
расіянаў, у тым ліку і сяржант-кантрактнік.
Па дадзеных выдання, з кастрычніка 2014 года з Малдовы былі дэпартаваныя каля сотні вайскоўцаў — грамадзян Расіі.
У Кішынёве сцвярджаюць, што гатовыя прапускаць ваеннаслужачых, калі Масква будзе за месяц апавяшчаць аб іх прыездзе. Тых, хто прылятае без папярэджання, Малдова змяшчае ў спіс
«непажаданых». Адпаведную заяву МЗС краіны перадаў у Маскву па дыпламатычных каналах.
Малдова не прызнае абмежаваную групу расійскіх войскаў (АГРВ), якая знаходзіцца ў Прыднястроўі, міратворцамі, настойваючы на іх вывадзе з самаабвешчанай «рэспублікі». Пры
гэтым спробы салдат трапіць у Прыднястроўе выклікаюць незадаволенасць у Кішынёве. Апошні скандал быў звязаны з палкоўнікам Дзмітрыем Зелянцовым, які вырашыў пазбегнуць праблем пры перасячэнні мяжы і
прадставіўся «міратворцам», аднак, прыбыўшы ў Прыднястроўе, узначаліў менавіта АГРВ.
Колькасць АГРВ у Прыднястроўі складае каля 1000 чалавек, тады як міратворчы батальён у непрызнанай рэспубліцы складаецца з 412 чалавек. АГРВ акрамя гэтага ахоўвае склады з савецкай зброяй, на
вывазе якіх Малдова настойвае з канца 1990-х гадоў.
РБК