Мабілізацыя ў Расіі будзе бесперапыннай: другая хваля пачнецца пасля восеньскага прызыву

Адмова Пуціна падпісваць указ аб заканчэнні мабілізацыі была ўсё-такі невыпадковай. У Крамлі рыхтуюцца да таго, каб зноў адпраўляць мужчын на вайну. Тое, што другая хваля немінучая, пацвердзілі блізкія да Крамля крыніцы, піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».

rossiya_mobilizaciya_sevastopol_27092022_05_570a50527dda7173358a5b7514f3b4bc1397a627.jpg


«Я не ведаю дакладных тэрмінаў, але новая мабілізацыя ў Расіі можа пачацца хутка, магчыма, ужо зімой», — распавёў блізкі да Крамля суразмоўца. Па словах іншага суразмоўцы, пасля «эмацыйнай разгрузкі насельніцтва» падчас навагодніх святаў можна будзе зноў пачаць мабілізацыйныя мерапрыемствы: «У канец [мабілізацыі] ніхто не верыць: ясна, што людзі спатрэбяцца яшчэ, незразумела толькі, колькі іх будзе».

Каналу «Можам патлумачыць» стала вядома ўжо пра тры выпадкі, калі ваеннаабавязаным загадалі прыбыць у ваенкамат у наступным годзе. Такое здарылася з уладальнікам мабілізацыйнай броні для супрацоўнікаў IT-сферы з Ніжняга Ноўгарада: 28-гадовы мужчына схадзіў у ваенкамат і атрымаў там позву на 30 сакавіка 2023 года.

Нешта падобнае адбылося з супрацоўнікам аднаго з дэпартаментаў адміністрацыі Наўгародскай вобласці (катэгорыя «В» — абмежавана прыдатны): яго прозвішча ў ваенкамаце зверылі па спісах і сказалі прыходзіць у сакавіку наступнага года. Позву чыноўніку не далі, але абяцалі даслаць па месцы працы.

Падпісчык канала з Масквы напісаў пра свайго сябра, які адслужыў у выведцы. Яму нядаўна прыйшла позва. «У ваенкамаце ўдакладнілі яго даныя і сказалі, што прызавуць у другую хвалю мабілізацыі пасля Новага года», — паведаміў чытач.


Пра тое, што пачнецца другая хваля (ці другі этап) мабілізацыі, загаварылі губернатары прыгранічных абласцей — Растоўскай, Курскай і суседняй Варонежскай, але тады ў Крамлі ўсё гэта абвяргалі.

Праваабаронца Сяргей Крывенка з арганізацыі «Грамадзянін. Армія. Права» таксама сказаў каналу: «Мабілізацыя не скончана, прайшла толькі першая хваля». Ён перакананы, што мабілізацыя працягнецца ў 2023 годзе. Яна толькі адкладзена на перыяд, «пакуль ваенкаматы будуць занятыя тэрмінавікамі, а войска будзе пераварваць ужо прызваных».

Нагадаем, «частковая мабілізацыя» ў Расіі была аб'яўлена 21 верасня. Згодна з афіцыйнымі заявамі, пад яе падпадаюць у першую чаргу вайскоўцы запасу, якія маюць баявы вопыт і ваенна-ўліковую спецыяльнасць. Па даных Мінабароны, павінны быць прызваны 300 тысяч чалавек. Амаль адразу пасля пачатку мабілізацыі дзяржаўныя СМІ пачалі паведамляць аб парушэннях падчас прызыву.

Гэта выклікала масавыя ўцёкі расіян за мяжу. За два тыдні пасля яе абвяшчэння Расію пакінулі ад 700 тысяч да мільёна чалавек.