Садзьмуліся хутка. Расія заявіла аб вяртанні ў збожжавую здзелку

Расія вяртаецца да выканання дамоўленасцяў Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы. Пра гэта заявілі ў Мінабароны РФ.

ee35a2c4ed314788aec54ee3de19bc36_1920x960px_1x.webp


Як перадае ТАСС, у заяве гаворыцца, што РФ атрымала пісьмовыя гарантыі Украіны аб невыкарыстанні збожжавага калідора для вядзення баявых дзеянняў. Украінскі бок запэўніў, што ён будзе выкарыстоўвацца толькі ў адпаведнасці з палажэннямі ініцыятывы.

Нагадаем, 29 кастрычніка былі атакаваныя караблі Чарнаморскага флоту РФ у Севастопалі. Расійскі бок абвінаваціў у гэтым Украіну і абвясціла аб прыпыненні свайго ўдзелу ў збожжавай ініцыятыве, якая забяспечвае экспарт збожжа з украінскіх партоў. Нягледзячы на заяву РФ, ААН, Украіна і Турцыя ўзгаднілі праходжанне судоў са збожжам па гуманітарным калідоры з панядзелка. Адгрузкі працягнуліся ў аўторак і сераду.

«Той факт, што ўдзел РФ даручылі афіцыйна агучыць галоўнаму расійскаму спецыялісту па "перагрупоўцы" генерал-лейтэнанту Канашэнкаву, толькі падкрэслівае палітычнае паражэнне Крамля. І гэта ганебнае паражэнне ва ўмовах вайны без правілаў не прыкрыеш фігавым лістком пад назвай "пісьмовыя гарантыі з боку Украіны", якім з гонарам прыкрываецца Канашэнкаў», — піша палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Два дні таму Уладзімір Пуцін казаў, што Расія не выйшла са «збожжавай угоды», а толькі прыпыніла ўдзел у ёй. Сувязь паміж атакай дронаў на караблі Чарнаморскага флоту і экспартам украінскага збожжа ён тлумачыў так: «Гэтыя беспілотнікі, як падводныя, так і паветраныя, часткова ішлі ў калідоры, па якім вывозіцца збожжа з Украіны», адзначае ВВС.


Заходнія краіны і Украіна палічылі аргументы Масквы на карысць прыпынення «збожжавай здзелкі» непераканаўчымі і патрабавалі перагледзець рашэнне аб адмове ад яе. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў бакі як мага хутчэй дамовіцца аб падаўжэнні тэрміну пагаднення, які заканчваецца 19 лістапада.

Варта зазначыць, што прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў аб аднаўленні працы «збожжавага калідора» незадоўга да заявы Мінабароны Расіі, выступаючы ў турэцкім парламенце.

«Пасля тэлефоннай размовы, якую мы правялі ўчора з Пуціным, міністр абароны Расіі спадар Шайгу патэлефанаваў нашаму міністру нацыянальнай абароны Хулусі Акару і сказаў, што пастаўкі збожжа будуць прадаўжацца згодна з раней прынятымі дамоўленасцямі з 12:00 сёння», — сказаў Эрдаган.


Высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі ўжо выказалі ўдзячнасць Турцыі і ААН за іх ролю ў рашэнні Расіі аднавіць удзел у пагадненні. На ўмовах ананімнасці адзін з чыноўнікаў сказаў агенцтву, што лічыць гэта вынікам ціску Турцыі на Расію.

«Зерневае пагадненне» — дамова, падпісаная 22 ліпеня Украінай, Расіяй і Турцыяй на перамовах у Стамбуле пры пасярэдніцтве ААН, якая разблакавала экспарт украінскага збожжа па Чорным моры. Украіна падпісала асобны дагавор з Турцыяй і ААН і нясе абавязацельствы перад імі. Расія падпісала люстраное пагадненне з Турцыяй і ААН.

З тых часоў, па даных ААН, з паўднёвых партоў Украіны з прыпынкам для праверкі ў Турцыі ў розныя краіны свету адправілася больш за 9 млн тон харчавання. «Збожжавае пагадненне» выратавала ад голаду 100 млн чалавек.

Тэрмін дамовы сканчаецца ў лістападзе, і расійскія прадстаўнікі некалькі разоў казалі, што ў Расіі ёсць прэтэнзіі да таго, як яно выконваецца. Не зусім задаволены быў і ўкраінскі бок — некалькі дзён таму прэзідэнт Зяленскі казаў пра тое, што Расія штучна стварыла чаргу з загружаных збожжам караблёў у «збожжавым калідоры», і ўкраінскія экспарцёры не паспяваюць выконваць свае абавязанні ў пастаўках.