Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю ў РФ і прыгразіў ядзернай зброяй (абноўлена)
Пуцін у сваім звароце абвясціў частковую мабілізацыю ў Расіі. Мабілізацыйныя мерапрыемствы пачынаюцца сёння.
Ён таксама заявіў, што мэта Захаду — аслабіць, раз'яднаць і знішчыць Расію: яны прама кажуць, што ў 1991 годзе змаглі раскалоць СССР, а зараз прыйшоў час і Расіі, перадае АФН.
Па словах Пуціна, «прызыву на ваенную службу будуць падлягаць толькі грамадзяне, якія ў гэты момант знаходзяцца ў запасе, і перш за ўсё тыя, хто праходзіў службу ў шэрагах УС, мае пэўныя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці і адпаведны вопыт».
«Указ аб частковай мабілізацыі падпісаны, мабілізацыйныя мерапрыемствы пачнуцца сёння», — заявіў ён, перадае ВВС.
Пра «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях Украіны ён сказаў: «Расія не можа аддаць блізкіх ёй людзей на разарванне ката і не адгукнуцца на іх імкненні вызначаць свой лёс».
У сваім выступленні Пуцін прыгразіў выкарыстаннем ядзернай зброі: «Пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны, нашай зямлі і народа мы выкарыстоўваем усе неабходныя сродкі для іх абароны. Гэта не блеф», цытуе яго «Радыё Св*бода».
«Усе, хто спрабуе шантажыраваць нас такім чынам, павінны ведаць, што ружа вятроў можа павярнуцца і ў іх бок», — сказаў Пуцін.
Тэлезварот чакалі яшчэ напярэдадні вечарам. Выданне РБК паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што Пуцін пасля 20:00 зробіць заяву наконт рэферэндумаў у самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама часткова ў акупаваных Херсонскай і Запарожскай абласцях.
Акупацыйныя ўлады ў гэтых рэгіёнах Украіны ў аўторак днём сінхронна назвалі 23-27 верасня датамі правядзення рэферэндумаў аб неадкладным далучэнні да Расіі.
Адначасова Дзярждума прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс Расіі, якія ўводзяць паняцці «мабілізацыя», «ваеннае становішча» і «ваенны час», а таксама новыя пакаранні за добраахвотную здачу ў палон, ухіленне ад службы ў войску і дэзерцірства. Крымінальная адказнасць з'явіцца таксама ў сферы дзяржабаронзаказу.
Усё гэта разам, а таксама распачатае ў верасні ўкраінскае контрнаступленне на акупаваных частках краіны зноў паставіла пытанне аб магчымай мабілізацыі ў Расіі для ўзмацнення баявых дзеянняў ва Украіне. Крэмль да гэтага часу заяўляў, што мабілізацыя «ў бягучы момант» не плануецца.
Кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў (былы намеснік міністра абароны Расіі) увечары ў аўторак заявіў, што «ўсеагульнай мабілізацыі не будзе». Так ён адказаў на пытанне, наколькі апраўданыя асцярогі, што прынятыя ў аўторак папраўкі ў КК аб адказнасці за дэзерцірства і марадзёрства нацэлены на падрыхтоўку ўсеагульнай мабілізацыі.
Заходнія краіны жорстка асудзілі Расію за падрыхтоўку «рэферэндумаў» у часткова акупаваных рэгіёнах Украіны. «Гэта спроба Расіі ўзаконіць незаконны ваенны кантроль з мэтай гвалтоўнага змянення меж Украіны, што ўяўляе сабой відавочнае парушэнне Статута ААН і незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», — заявіў, у прыватнасці, вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазэп Барэль.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, не прамаўляючы слова «рэферэндум», у вячэрнім звароце ў аўторак сказаў: «Вядома, сёння вельмі шумныя навіны з Расіі. Шмат пытанняў з гэтай нагоды, але што, уласна, адбылося? Што прагучала з таго, чаго не гучала раней? Нашы пазіцыі выразныя і добра вядомыя, толькі гэта нас павінна цікавіць».
«Нашы пазіцыі не мяняюцца ад шуму або якіх-небудзь анонсаў аднекуль, — дадаў Зяленскі. — Я дзякую ўсім сябрам і партнёрам Украіны за сённяшняе масавае, прынцыповае, цвёрдае асуджэнне спроб Расіі разыграць чарговы псеўдарэферэндум».
Позна ўвечары ў аўторак пракрамлёўскія тэлеграм-каналы паведамілі, што зварот Пуціна перанесены на раніцу серады. «Кладзіцеся спаць», — напісала ў сваім тэлеграм-канале галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян.