Літва. Выратаваць венесуэльскіх літоўцаў!
За крызісам у Венесуэле ўважліва сочаць у Вільнюсе.
Мясцовы МЗС распрацаваў план, у межах якога збіраецца дапамагчы тым літоўцам Венесуэлы, якія, з-за абвастрэння сітуацыі ў краіне, хацелі б пераехаць на гістарычную радзіму.
«Мы папрасілі старшыню літоўскай абшчыны Венесуэлы паведаміць нам пра асобаў, якія жадаюць быць перамешчанымі ў Літву неадкладна», — кажуць чыноўнікі.
На першы погляд, ініцыятыва дзіўная. Той жа літоўскі МЗС сцвярджае, што за ўвесь час працы консульства ў Каракасе былі сабраныя звесткі пра пражыванне ў краіне ўсяго 50 грамадзян Літвы або асоб літоўскага паходжання.
Зрэшты, магчыма, што пра суайчыннікаў згадалі, каб праціснуць у Сейме закон, які дае асобам літоўскага паходжання і чальцам іх сямей права пераехаць у Літву, дзе ім будуць створаныя ўмовы для інтэграцыі.
У любым выпадку, калектыўная рэпатрыяцыя венесуэльскіх літоўцаў, напэўна, можа выглядаць добрым піярам для ўраду, кіраўнік якога балатуецца ў прэзідэнты. Нагадаем, што Літва — рэкардсмен па тэмпах міграцыі на Захад, і як вынік — адмоўнай дэмаграфіі. Як кажуць песімісты, калі не зламаць трэнд, праз 50 гадоў нацыя будзе пад пагрозай знішчэння.
Паводле літоўскай прэсы