Кандыдат у прэзідэнты РФ прызнаў анэксію Крыма і выступіў за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны
Кандыдат у прэзідэнты Расійскай Федэрацыі Рыгор Яўлінскі прызнаў анэксію Крыма і выступіў за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Пра гэта гаворыцца ў перадвыбарнай праграме на сайце палітыка, піша rbc.ua. "Я выступаю за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і катэгарычна супраць рэанімацыі "дактрыны абмежаванага суверэнітэту". Крым анэксаваны Расіяй. Крым належыць Украіне. Рэферэндум 16 сакавіка 2014 года прайшоў незаконна, пад "аховай "расійскіх узброеных сіл", — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, палітык заявіў, што анэксія Крыма і перадача расійскай зброі баявікам, а таксама прапагандысцкае і ваеннае суправаджэнне з боку Расеі "ўкладваецца ў паняцце "распальванне вайны".
Палітык таксама заявіў аб неабходнасці ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне і нармалізацыі стасункаў Расіі і Украіны. "Перш за ўсё, неабходная ініцыятыва з расійскага боку аб правядзенні Міжнароднай канферэнцыі па Крыме з удзелам прадстаўнікоў народаў паўвострава, Украіны, Расіі, ЕС, самага шырокага кола зацікаўленых бакоў", — гаворыцца ў паведамленні.