Качынскі: Польшча не прыме ўцекачоў
Такую супярэчлівую заяву лідар польскай кіруючай партыі ПіС зрабіў у суботу, адказваючы на пытанні інтэрнэт-карыстальнікаў.
Яраслаў Качынскі. Фота PAP/Tomasz Gzell.
Палітык сцвярджае, што "з-за нядаўніх падзей, звязаных з тэрарызмам", прыём уцекачоў немагчымы, бо "няма механізмаў, якія б гарантавалі бяспеку".
Таксама ён заявіў што ПіС будзе рашуча супраціўляцца прапановам Еўракамісіі, якія прадугледжваюць штраф у 250 000 еўра за кожнага ўцекача, якога адмовіцца прыняць краіна ў межах сваіх абавязкаў. Паводле Качынскага, такая прапанова — гэта крок супраць суверэнітэту еўрапейскіх краін, у першую чаргу слабейшых удзельнікаў Еўрасаюза.
«Гэтую пазіцыю падзяляюць і прэм'ер-міністр і ўся партыя»
Не ўсе ў Польшчы падзяляюць пазіцыю кіруючай партыі. У той самы дзень у Варшаве прайшло апазіцыйнае шэсце, якое сабрала, па розных ацэнках, ад 45 000 да 240 000 удзельнікаў. Незадаволеныя палякі крытыкуюць ПіС за разнастайныя палітычныя рашэнні ва ўнутранай і знешняй палітыцы, накіраваныя, як лічаць дэманстранты, на адыход ад еўрапейскіх каштоўнасцяў і разрыў з Еўрасаюзам.
Паводле Качынскага, пытанне аб выхадзе з Еўрасаюза не стаіць. «Мы хочам быць у Еўропе, каб уплываць на яе лёс» — заявіў ён.
Паводле thenews.pl