Як гараць вусы Пяскова: InformNapalm працягвае выкрываць дадзеныя пілётаў ВКС РФ у Сірыі
Міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm.org працягвае цыкл ультыматыўных публікацыяў, звязаных з публікацыяй у адкрытым доступе ўсіх сабраных дадзеных на вайсковых пілотаў ВКС РФ, якія выконваюць злачынныя загады ў здзяйсненні ракетна-бомбавых удараў па мірных жыхарах у Сірыі і па ўмеранай сірыйскай апазіцыі.
Не гэтак даўно нашыя дзеянні ўзарвалі расейскія сродкі масавай інфармацыі і нават змусілі прэс-сакратара прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Пяскова зрабіць нязграбныя заявы пра «спецслужбы, якія ўжо займаюцца пытаннем бяспекі пілотаў». Таксама расейскі сегмент інтэрнэту быў вельмі напалоханы з'яўленнем перакладаў інфармацыі пра пілотаў менавіта на арабскай мове.
Нагадаем, што сутнасць нашага ультыматуму — спыніць злачынствы крамлёўска-тэрарыстычных сілаў ва Украіне і за ейнымі межамі. Публікацыя дадзеных кожнага асобнага пілоту адбываецца праз парушэнне расейскімі тэрарыстамі рэжыму спынення агню на Данбасе.
Азнаёміцца з усімі публікацыямі ў тэме ультыматуму і канфлікту ў Сірыі можна ў спасылцы.
17 і 18 кастрычніка 2015 году расійска-тэрарыстычныя сілы здзейснілі шэраг правакацыйных абстрэлаў ў раёне Пяскоў (Данецкая вобласць), у выніку якіх быў паранены вайсковец збройных сілаў Украіны. У адказ на гэтае парушэнне мы публікуем дадзеныя штурмана бамбоўца Су-24М (бартавы нумар 16 «белы») 6980-й гвардзейскай авіябазы.
Борт 16 («белы») быў зафіксаваны ў карных аперацыях супроць Сірыйскага народу ў рэпартажы RT.
Выявіць дадзеныя экіпажу самалёта нам удалося з дапамогаю відэа тэлеканалу «Звезда» (рас.) з рэпартажам пра вышкалы пілотаў 6980-й гв. АвБ.
На відэа штурман Антон Шульга дае інтэрв'ю журналісту на тле самалёта Су-24 з бартавым нумарам («10», «18» альбо «16»). Вызначыць, што Антон Шульга (18.02.1989 г.н., скончыў сярэднюю школу №16 гораду Чалябінска, скончыў ЧВВАКВШ у 2011 годзе) удзельнічае ў карнай аперацыі ў Сірыі і ўскосна пацвердзіць, што ён штурман 16 борту дапамаглі валанцёры з Цэнтра «Міратворац» (асобная падзяка супрацоўніку Цэнтра з пазыўным «Shurf»).
Падчас збору і аналізу інфармацыі было выяўленае, што Антон Шульга перад вылетам у Сірыю выдаліў у Сеціве практычна ўсе свае дадзеныя. Аднак, дапамагла яго выявіць, як гэта не дзіўна — ягоная ўласная жонка. Яна, вядома ж, намагалася напоўніцу прыхаваць дадзеныя свайго мужу, аднак ейныя нязграбныя дзеянні патрапілі ў поле зроку аналітыкаў. Менавіта дзякуючы ейным намаганням мы атрымалі асноўную інфармацыю пра ейнага мужа — вайсковага злачынцу. У нас не было фатаздымкаў Антона Шульгі з Сірыі, але толькі з Шагола, што пад Чалябінскам. І мы не былі на 100% упэўненыя ў тым, што ён паляцеў на Блізкі Усход. Але Наста Шульга адкінула ўсе сумневы. Напрыканцы верасня 2015 года яна пачала раптоўна выдаляць з профілю ўсе фатаздымкі з мужам: акурат тады, калі пачалося перакідванне расейскай авіяцыі ў Сірыю (на першым скрыншоце — фатаздымкі ў ейным профілі з 25-га верасня, на другім — з 17 кастрычніка; выдаленыя фота пазначаныя чырвоным). Ёй падалося гэта недастатковым, і яна вырашыла змяніць у сваім профілі прозвішча. Гэтак мы даведаліся пра ейнае дзявочае прозвішча, а дзякуючы гэтаму — пра папярэдняе мейсца жыхарства ў Беларусі і дату нараджэння, а таксама дадаткова пераканаліся ў тым, што фатаздымкі з мужам зніклі ня проста так. Праз вясельныя фатаздымкі, дбайна сабраныя Настай, мы атрымалі масу інфармацыі пра сваякоў мужа і пра яго самога.
Што дае нам падставы лічыць Антона Шульгу штурманам 16-га борту:
— ягоная жонка напрыканцы верасня, падчас перакідвання самалётаў у Сірыю, выдаліла ў сваім профілі ўсе фатаздымкі з мужам (першая спроба прыхавання слядоў);
— пазней яна змяніла прозвішча на дзявочае (другая спроба прыхавання слядоў).
— у сірыйскай апэрацыі ўдзельнічаюць Су-24М: 04 (белы), 05 (белы), 08 (белы), 16 (белы), 25 (белы), 26 (белы), 71 (белы); Су-24М2: 72 (белы), 74 (белы), 75 (белы), 76 (белы) (то бок з нашага
спісу мы можам выключыць барты «10» і «18»).
Таксама мы зараз прадэманструем, як Мінабароны РФ хлусіць у сваіх заявах, згодна з якімі авіяўдары здзяйсняюцца нібы па баявіках «ІД», але не па апазіцыі.
Праз аналіз відэа каналу «Расея 24» былі выяўленыя цікавыя дадзеныя. На 01:27 хранаметражу відэа можна пабачыць мапу, на якой пазначаныя месцы авіяўдараў Су-24М ў раёне Эл-Латамна, Тель-Біса, Эр-Растан. У гэтым жа відэа мы бачым, што ў начных авіяўдарах 1 кастрычніка 2015 году прымалі ўдзел барты «05» і «26» «белы» з 6980-й гв. АвБ. Нагадаем, што група Інфармнапалм выявіла і апублікавала дадзеныя экіпажаў гэтых самалётаў у папярэдніх артыкулах.
Далей мы параўналі лякацыі авіяўдараў з інтэрактыўнай мапай грамадзянскай вайны ў Сірыі (чырвоным пазначаныя ўрадавыя войскі Сірыі, зялёным – ўмераная сірыйская апазыцыя). Як бачым, удары Су-24М 01 кастрычніка 2015 году былі зьдзейсьненыя па гарадох, якія кантралюе сірыйская апазыцыя.
Цяпер скарыстаемся відэа каналу “ВГТРК” з рэпартажам, які прысвечаны начным ударам 1 кастрычніка 2015 году. У ім мы можам пабачыць борт “16”, які і ажыццяўляў карныя налёты на Эл-Латамну, Тэль-Бісу, Эр-Растан.
Такім чынам, мы пацвердзілі, што экіпаж борту 16 мае наўпроставае дачыненне да бамбавання мірных сірыйскіх жыхароў і ўмеранай апазіцыі, а ягоныя пілёты з'яўляюцца вайсковымі злачынцамі.
Вайсковаму кіраўніцтву РФ мы нагадваем, што кожнае вайсковае злачынства, здзейсненае як у Сірыі, гэтак і на Данбасе будзе мець асіметрычны адказ з боку нашае міжнароднае валанцёрскае групы.
Матэрыял падрыхтаваны міжнароднай валанцёрскай групай InformNapalm
Пераклаў на беларускую мову — Дзяніс Івашын