Як галасавалі ва Украіне?

Самы кароткі адказ будзе: "Не так як у нас". Пачынаючы ад стварэння спісаў для галасавання, заканчваючы ўласна падлікам галасоў. Мяркую беларусам будзе цікавы досвед нашых блізкіх паўднёвых суседзяў. А цяпер пра ўсё па парадку.



Камісіі фармуюцца паводле парытэтнага прынцыпу

Паводле Закону, кандыдаты маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у камісіі. Такім чынам апошнія фармуюцца з прадстаўнікоў канкуруючых палітычных сілаў і паводле парытэтнага прынцыпу. Таму сярод сябраў камісіі ёсць людзі розных узроставых катэгорый і з рознымі палітычнымі поглядамі. Каб захавалася згода, усе імкнуцца дзейнічаць паводле вызначанай законам працэдуры.

Спісы выбарцаў фарміруюцца/карэктуюцца да дня галасавання

Выбаршчык, калі ён хоча прыйсці ў дзень выбараў і прагаласаваць без праблемаў, мусіць напярэдадні дня выбараў прыйсці на выбарчы ўчастак і спраўдзіць наяўнасць свайго прозвішча ў спісах выбарцаў, калі яшчэ можна ўнесці ў спіс карэктывы. Змены ў спіс выбаршчыкаў у дзень галасавання выключаныя. Само сабой, не існуе і так званых дадатковых спісаў, якія ствараюцца ў Беларусі ў дзень выбараў.

 

Датэрміновага галасавання не існуе

Такой з'явы, як датэрміновае галасаванне ва Украіне не існуе. Лічаць, што гэта не дае настолькі значных перавагаў для выбаршчыка, якія маглі б кампенсаваць высілкі камісіі на забеспячэнне сапраўднага волевыяўлення грамадзян. Да таго ж датэрміновае галасаванне абцяжарвае здзяйсненне грамадзянінам свядомага, узважанага выбару, паколькі можа працягвацца агітацыя і няма магчымасці скарыстацца "днём цішыні".

Калі муж у камандзіроўцы…

Чалавек, які будзе адсутнічаць у дзень выбараў на тэрыторыі свайго ўчастку, але хоча скарыстацца сваім правам выбару свайго прадстаўніка ва ўладзе, мусіць за пяць дзён да дня галасавання альбо раней звярнуцца ў мясцовы аддзел вядзення дзяржрэестра выбаршчыкаў з адпаведнай заявай. Ягонае прозвішча будзе выкраслена са спісаў па месцы пражывання і дададзенае ў спіс па месцы часовага знаходжання. Каб выключыць памылкі варта спраўдзіць свае дадзеныя для пачатку хаця б праз інтэрнэт. Напісанне такіх заяваў не дужа паулярнае.

 

Дзень на тое, каб падумаць і ўсё ўзважыць

Праславуты "дзень цішыні" папярэднічае дню галасавання. Грамадзянін мае магчымасць абстрагавацца ад агітацыйнага тлуму, паразважаць над сваім выбарам і прыняць канчатковае рашэнне так бы мовіць на свежую галаву. Агітацыя ў суботу, за дзень галасавання забараняецца.

Галасаванне на даму

Калі чалавек не можа прыйсці на выбарчы ўчастак, прыкладам па стану здароўя, ягоныя сваякі альбо суседзі мусяць прынесці да таго дня, як пачалося галасаванне, пісьмовую заяву на галасаванне дома. Доля такіх выпадкаў зазвычай складае не болей за 1% ад усіх выбаршчыкаў. Напрыклад на ўчастку №800621 Кіева, у спісах якога 2377 выбарцаў, на даму 25 траўня галасавала 20 чалавек.

Бюлетэні і кантрольныя талоны

Пры выдачы бюлетэня выбаршчыку адрываецца кантрольны талон, які захоўваецца ў камісіі (пасля закрыцця ўчастку яны будуць падлічвацца). Перад адрывам талона на ім распісваецца сябра камісіі і выбаршчык. Гэта стварае дадатковыя гарантыі ад магчымага ўкідвання ў выбарчую скрыню падробных бюлетэняў.

 

Празрыстыя скрыні і пранумераваныя пломбы

Ва Украіне выкарыстоўваюцца празрыстыя пластыкавыя скрыні для галасавання, якія пламбуюцца спецыяльнымі пластыкавымі пломбамі. Пломбы, якія маюць свой унікальны нумар (нанесены ў завадскіх умовах) немагчыма зняць без пашкоджання. Нумар пломбы запісваецца ў кантрольны ліст, які падпісваюць сябры камісіі, і які закідваецца ў скрыню для бюлетэняў.

"Лічым талоны, пасля адкрываем скрыню"

Сябры камісіі падлічваюць адарваныя кантролныя талоны, нескарыстаныя бюлетэні і звяраюць атрыманыя лічбы з колькасцю выбарцаў на ўчастку (павінна супасць!). Пасля выкладаюцца бюлетэні са скрынні для галасавання, складаюцца ў стос і падлічваюцца (павінна супасць з колькасцю адарваных талонаў!). І нарэшце пачынаецца падлік галасоў, пададзеных за кожнага з прэтэндэнтаў.

Кожны бюлетэнь агучваецца і паказваецца

Сябра камісіі бярэ бюлетэнь і агучвае за каго пададзены голас выбаршчыка ды адкладае яго ў адпаведны стос. Усе маюць магчымасць бачыць пазнаку ў бюлетэні. Так робіцца з кожным бюлетэнем. Такі парадак можа зацягнуць падлік галасоў, затое выключае ў далейшым спрэчкі паміж сябрамі камісіі і назіральнікамі.

Назіральнікі і сябры ВК — партнёры

Працэдура падліку адбываецца максімальна празрыста. Назіральнікі і журналісты маюць магчымасць вельмі добра бачыць бюлетэні, а таксама ўсе маніпуляцыі камісіі з імі. Старшыня камісіі перыядычна цікавіцца меркаваннямі назіральнікаў адносна той ці іншай пацэдуры, якая можа выклікаць пытанні. Усе прысутныя пры падліку галасоў дзейнічаюць, як партнёры, працуючы на агульную задачу — зрабіць галасаванне на ўчастку і падлік галасоў максімальна адкрытымі і справядлівымі ды выключыць магчымыя махінацыі.

На прэзідэнцкіх выбарах 25 траўня 2014 года кіеўскім камісіям давялося працаваць да ранку. Разам з прэзідэнцкімі выбарамі кіяне абіралі мэра горада і дэпутатаў гарсавета па мажарытарнай і прапарцыйнай сістэмах. Адпаведна значна павялічылася нагрузка на сябраў камісій пры падліку галасоў. Камусьці такі парад галасавання і падліку можа падасца забюракратызаваным і грувасткім, але гэта невялікая цана для атрымання сапраўднага выніку выбараў і іх прызнання ў краіне і за яе межамі.