Пагранкамітэт: ніякіх танкаў на беларуска-ўкраінскай мяжы няма
Старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Леанід Мальцаў заявіў, што становішча на беларуска-ўкраінскай мяжы стабільнае і кантраляванае.
Фота ByMedia.net
На прэс-канферэнцыі 27 траўня ён назваў выдумкамі паведамленні ў інтэрнэце аб колькасці на мяжы Беларусі і Украіны ваеннай тэхнікі. "Ніякіх танкаў, бронетранспарцёраў ці яшчэ чаго-небудзь падобнага на мяжы ніколі не было", — сказаў Леанід Мальцаў.
Паводле яго слоў, у гэтым няма ніякай неабходнасці. "Мы надзейна ахоўваем дзяржаўную мяжу", — падкрэсліў старшыня Дзяржпагранкамітэту, перадае БелТА.
Ён паведаміў, што ахова мяжы ўзмоцнена, але толькі за кошт сіл памежнай службы: разгорнута некалькі дадатковых застаў і пагранічных пастоў. Таксама задзейнічана авіяцыя і іншыя тэхнічныя сродкі.
Леанід Мальцаў таксама растлумачыў, што рэжым памежнай зоны, у адпаведнасці з заканадаўствам, дапамагаюць падтрымліваць сілы міліцыі, што праводзяць праверку дакументаў менавіта ў памежнай зоне.