Украінскае МЗС заклікае сваіх партнёраў падтрымаць дэмакратычныя рэформы ва Украіне

У заяве, распаўсюджанай 27 мая, зазначаецца, што пазачарговыя выбары прэзідэнта Украіны "прайшлі свабодна і дэмакратычна ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі" і "сталі гістарычным поспехам украінскага народа і яго дэмакратычнай дзяржавы". 



mid_ukraina_245.jpg

еспрэцэдэнтная актыўнасць людзей на выбарах — гэта праяўленне гатоўнасці абараняць родную дзяржаву ад цяперашніх пагроз, жаданне міру і еўрапейскай будучыні, а таксама дэманстрацыя рашучага супраціўлення расійскай агрэсіі. Грамадзяне Украіны з усіх рэгіёнаў краіны, уключаючы акупаваны Крым, пераканаўча паказалі жаданне жыць у адзінай, саборнай і ўнітарнай Украіне. Амаль 90% выбаршчыкаў аддалі свае галасы ў падтрымку кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, якія падтрымліваюць еўрапейскую інтэграцыю дзяржавы", — гаворыцца ў заяве.


МЗС Украіны звяртае ўвагу на тое, што дэмакратычнасць і легітымнасць выбараў прызналі не толькі міжнародныя назіральнікі, але і ўсе ўдзельнікі прэзідэнцкай гонкі. 


"Украіна гатовая і адкрытая для інтэнсіўнага двухбаковага і шматбаковага дыялогу на вышэйшым узроўні", — заяўляе ўкраінскае знешнепалітычнае ведамства. 


Нагадаем, напярэдадні беларускае МЗС заявіла пра паважанне выбару ўкраінскага народа і пра гатоўнасць "да далейшага канструктыўнага супрацоўніцтва са сваім суседам". 


"Выбарчая кампанія праходзіла ў беспрэцэдэнтна жорсткай і напружанай сітуацыі. На жаль, частка грамадзян не была ўцягнута ў выбарчы працэс, — зазначалася ў заяве МЗС Беларусі. — Разам з тым украінскае грамадства прадэманстравала высокі ўзровень грамадзянскай свядомасці і імкненне пачаць рух да забеспячэння нацыянальнай згоды, унутранай стабільнасці і ўстойлівага эканамічнага і палітычнага развіцця". 


Беларускі бок выказаў надзею, што гэтыя выбары "стануць значным крокам на шляху да аднаўлення ўзаемаразумення, нармалізацыі сітуацыі ў краіне, пабудовы ва Украіне паўнавартаснай вертыкалі ўлады". 


Паводле апошніх звестак ЦВК Украіны, у выніку апрацоўкі 95,34% бюлетэняў бізнесмен і парламентарый Пётр Парашэнка набраў 54,56% галасоў. З вялікім адрывам ад яго ідуць Юлія Цімашэнка, за якую прагаласавалі 12,88% выбаршчыкаў.
БелаПАН