Іспанія. Перасварыліся праз Магелана

У верасні гэтага года будзе адзначацца 500 гадоў з пачатку першай экспедыцыі вакол свету, якой, як вядома, кіраваў Фернан Магелан.

06_ayoxrl2.jpg

Фінансавала той ваяж Іспанская імперыя. Адпаведна, над караблямі лунаў іспанскі сцяг. Аднак сам Магелан быў партугальцам, што праз пяць стагоддзяў раптам узгадалі яго суайчыннікі.

Такая трактоўка гісторыі выклікала абурэнне часткі іспанскага грамадства. А некаторыя іспанскія правыя палітыкі нават зрабілі гэту тэму часткай сваёй цяперашняй парламенцкай кампаніі. Яны здолелі дамагчыся, каб мясцовая каралеўская акадэмія прыняла катэгарычную заяву пра іспанскі патранат над Магеланам.

Такая катэгарычнасць, у сваю чаргу, абурыла партугальцаў, якія ўпарта называюць згаданую экспедыцыю партугальскай. Праўда, урад сацыялістаў, які зараз кіруе ў Мадрыдзе, вырашыў шукаць дыялог і прапанаваў Лісабону палову ўрачыстасцяў, прысвечаных юбілею, правесці ў Партугаліі.

Прапанова, быццам, слушная, аднак не выключана, што ў красавіку на выбарах у Іспаніі перамогуць правыя, якія перагледзяць фармат святаў на карысць Мадрыду.

Застаецца дадаць самае смешнае — Магелан не збіраўся плыць вакол зямлі. Мэтай яго маршруту быў адзін з астравоў цяперашняй Інданезіі, аднак праз кепскае надвор’е ў Індыйскім акіяне ў Еўропу маракі вырашылі вяртацца праз Ціхі акіян.

Паводле іспанскай прэсы