Ірландцы прагаласавалі за легалізацыю абортаў

Па дадзеных экзітполаў, за адмену забароны на аборты выказаліся 68 адсоткаў удзельнікаў рэферэндуму ў Ірландыі. За легалізацыю перапынення цяжарнасці прагаласавалі ў асноўным маладыя людзі.

43935815_303.jpg


Жыхары Ірландыі ў пятніцу, 25 траўня, большасцю галасоў прагаласавалі за легалізацыю абортаў. Па даных экзітполаў, за адмену замацаванага ў Канстытуцыі "права на жыццё эмбрыёна" прагаласавалі 68 адсоткаў удзельнікаў рэферэндуму. Усяго ў ім маглі прыняць удзел 3,2 мільёна чалавек.
Як адзначае агенцтва dpa, за легалізацыю абортаў прагаласавалі ў асноўным маладыя людзі і жанчыны. Так, сярод тых, каму ад 18 да 24 гадоў, за адмену забароны прагаласавала каля 90 адсоткаў.
У каталіцкай Ірландыі забарона абортаў была ўнесена ў канстытуцыю пасля рэферэндуму 1983 года. З 2014 года аборты дазволены ў тым выпадку, калі цяжарнасць уяўляе пагрозу для жыцця маці. Пры гэтым ірландкам не забаранялася рабіць аборт за мяжой. З 1980 па 2016 гады гэтай магчымасцю скарысталіся 170 тысяч жыхарак краіны.
Пасля станоўчага зыходу рэферэндуму ўрад збіраецца ўнесці праект закона, які дазваляе перапыненне цяжарнасці ў першыя 12 тыдняў, а ў выключных выпадках — такіх, як пагроза жыцця маці або цяжкія парокі развіцця плода, — да 22 тыдняў цяжарнасці. Афіцыйныя вынікі рэферэндуму будуць абвешчаныя па выніках падліку галасоў у суботу, 26 траўня.
Паводле dw.com