Расія трапіла балістычнай ракетай ў шматпавярховік у Кіеве, шмат ахвяр

У ноч на 17 чэрвеня Кіеў зазнаў вялікую камбінаваную атаку дронамі, балістыкай, і крылатымі ракетамі. Адна з балістычных ракет наўпрост трапіла ў жылы дом, што выклікала багата ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Ідзе 1210-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Расія трапіла балістычнай ракетай ў шматпавярховы дом у Кіеве. Фота: Украінская праўда

Расія трапіла балістычнай ракетай ў шматпавярховы дом у Кіеве. Фота: Украінская праўда

За мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 186 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 17 чэрвеня.

На Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках з пачатку сутак украінскія воіны адбілі 38 штурмавых дзеянняў расіян.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 56 наступальных дзеянняў арміі РФ у раёнах Папова Яру, Міралюбаўкі, Шаўчэнка Першага, Удалага, Новасергіеўкі, Арэхавага, Катляроўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне атакавалі 28 разоў у раёнах Навасёлкі, Вольнага Поля, Багатіру, Бурлацкага і ў бок Запарожжа і Шаўчэнкі.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак у раёнах Тарэцка, Дыліеўкі і ў бок Шчарбінаўкі, Русінага Яра і Яблонаўкі.

На Краматорскім кірунку зафіксавана 12 боесутыкненняў у раёнах Часавага Яру, Курдзюмаўкі, Арэхава-Васільеўкі і ў бок Белай Гары.

Па чатыры штурмы на кожным зафіксавана на Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім), Купянскім і Гуляйпольском кірунках. На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала сем разоў.

* * *

Паводле звестак прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, у цэлым Расія атакавала Украіну больш чым 440 беспілотнікамі і 32 ракетамі.

«Больш за 440 дронаў і 32 ракеты. Адзін з самых страшных удараў па Кіеве. Таксама на працягу ночы былі атакаваныя Адэса, Запарожжа, Чарнігаўская, Жытомірская, Кіраваградская, Мікалаеўская і Кіеўская вобласці», — напісаў Зяленскі ў Telegram.

У ноч на 17 чэрвеня зазнаў магутны камбінаваны ўдар Кіеў. Расійскія войскі ўжылі па Кіеве 175 дронаў, больш за 15 крылатых ракет, як мінімум дзве балістычныя, паведаміў кіраўнік КГВА Цімур Ткачэнка.

Балістычная ракета трапіла ў 9-павярховы дом у Кіеве. «Знішчаны цалкам пад'езд. І знішчаны ён аж да падвальнага памяшкання, таму што гэта было прамое трапленне», — паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка. Паводле папярэдніх звестак, 14 чалавек загінулі і яшчэ 99 атрымалі раненні, 59 з іх шпіталізаваныя. Работы па пошуку людзей пад заваламі працягваюцца, па меншай меры 5 чалавек лічацца зніклымі без вестак.

У выніку атакі расійскіх дронаў на досвітку 17 чэрвеня ў Адэсе паўсталі пажары, ёсць разбурэнні. Расійцы разбурылі жылыя дамы ў гістарычным цэнтры Адэсы, дзіцячы сад і інклюзіўны цэнтр. Адзін чалавек загінуў, яго цела знайшлі пад заваламі, працягваюцца пошукі яшчэ аднаго чалавека. Паведамляецца пра 17 пацярпелых, сярод якіх дзіця.

У ноч на 17 чэрвеня на фоне ракетнай пагрозы ў Запарожскай вобласці прагрымелі выбухі, ўзнік пажар на прадпрыемстве.

* * *

508589654_1069259905387087_8605230961820671500_n.jpg

* * *

Расія ўсё часцей выкарыстоўвае на полі бою ва Украіне хуткія матацыклы і ўсюдыходы таму, што запасаў танкаў і бронетэхнікі ў РФ можа хапіць максімум да канца бягучага года, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі спаслаліся на крыніцу, якая сочыць за абсталяваннем на расійскіх вайсковых складах з дапамогай спадарожнікавых здымкаў. Крыніца падзялілася абноўленай ацэнкай некалькіх складоў з танкамі і бронетэхнікай 15 чэрвеня. У прыватнасці гаворыцца пра тое, што на складах РФ захоўваецца 46% яе даваенных запасаў танкаў, а таксама 42% такіх запасаў БМП і 48% запасаў БТР. Пры гэтым незразумела, колькі гэтай тэхнікі працаздольна.

Як пішуць у справаздачы ISW:

«Здымкі васьмі расійскіх вайсковых складоў паказваюць, што РФ спустошыла большасць складоў, дзе захоўваліся запасы тэхнікі. Паводле ацэнак, Расія, імаверна, вычарпае свае запасы танкаў і бронетэхнікі да канца 2025 года».

Са слоў аналітыкаў, расійскія войскі ўсё часцей выкарыстоўваюць матацыклы і ўсюдыходы (ATV) замест бронетэхнікі на лініі фронту. «Больш шырокае выкарыстанне матацыклаў Расіяй з'яўляецца адаптацыяй у адказ на паўсюдныя ўдары ўкраінскіх дронаў па расійскай бронетэхніцы і няўстойлівыя страты бронетэхнікі, якія расійскія войскі панеслі ў канцы 2023 і 2024 гадоў. Аперацыі ўкраінскіх беспілотнікаў значна ўскладнілі тактычнае выкарыстанне танкаў, паколькі буйныя і марудныя бронемашыны і танкі ўразлівыя для беспілотнікаў», — растлумачылі ў ISW.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў журналістам на саміце G7 у Канадзе, што адкладае ўвядзенне новых санкцый супраць Расіі ў чаканні магчымага заключэння пагаднення пра спыненне вайны ва Украіне.

На пытанне журналіста, ці падтрымліваюць ЗША заклік Еўропы да новых санкцый, Трамп адказаў: «Еўропа пра гэта кажа, але яшчэ нічога не зрабіла. Паглядзім, ці зробяць яны гэта».

Калі яго спыталі, чаму Штаты самастойна не ўводзяць санкцыі ўжо цяпер, ён сказаў: «Таму што я чакаю, каб убачыць, ці будзе заключана пагадненне».

«І не забывайце, санкцыі каштуюць нам шмат грошай. Калі я ўводжу санкцыі супраць нейкай краіны, гэта каштуе ЗША вельмі шмат грошай, велізарныя сумы. Гэта не проста — падпісаць дакумент. Гаворка ідзе пра мільярды і мільярды долараў. Санкцыі — гэта не так проста. Гэта не вуліца з аднабаковым рухам», — заявіў Трамп.

* * *

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што ўсё яшчэ верыць, што Вашынгтон можа падтрымаць узмацненне жорсткасці санкцый супраць Расіі, нягледзячы на заявы Дональда Трампа.

Выступаючы перад журналістамі ў кулуарах саміту G7 у Канадзе, Макрон сказаў, што абмяркоўваў з Трампам далейшыя санкцыі супраць Расіі, і амерыканскі прэзідэнт запэўніў яго, што Вашынгтон гатовы да дзеянняў.

«Ён адказаў досыць пазітыўна», — сказаў Макрон, дадаўшы, што Трамп сказаў яму, што не будзе стаяць на шляху новых амерыканскіх санкцый, якія прапануюцца заканадаўцамі-рэспубліканцамі. «Гэта вельмі добрая навіна для мяне», —  дадаў Maкрон.