Трамп у адчаі? Кіт Келаг рыхтуецца да сустрэчы з Лукашэнкам

З аднаго боку, Расія ігнаруе усе мірныя прапановы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. З іншага — ціснуць на Пуціна санкцыямі Трампу вельмі не хочацца з-за бізнес-інтарэсаў. Таму, імаверна, ЗША вырашылі, што на Пуціна мае ўплыў Лукашэнка, і да яго збіраецца спецпрадстаўнік Трампа па Украіне Кіт Келаг. Ідзе 1211-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

495184255_1069794592000285_7512577278088860631_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 186 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы 18 чэрвеня.

Па-ранейшаму самы напружаны Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 57 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян у раёнах Копцава, Палтаўкі, Малінаўкі, Мірнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Дачанскага, Удалага, Новапаўлаўкі, Аляксееўкі і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках украінскія ваяры адбілі 28 штурмаў арміі РФ. 

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне 22 разы атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Атраднага, Свабоднага Поля, Багатіру і іншых.

На Ліманскім і Тарэцкім кірунках адбылося па 16 атак на кожным.

На Краматорскім кірунку зафіксавана 11 боесутыкненняў у бок Маркавага, Прадцечынага, Белай Гары і паблізу Курдзюмаўкі.

На Северскім і Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунках расіяне атакавалі па тры разы на кожным.

* * *

На фронце фіксуецца прасоўванне з боку расійскіх войск паблізу Северска, вакол Пакроўска і на поўнач ад Тарэцка, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія войскі нядаўна ажыццявілі прасоўванне на Северскім кірунку, на поўнач ад Серабранкі. Цягам 16-17 чэрвеня расійскія войскі ажыццявілі серыю атак на паўночны ўсход ад Сіверска — паблізу Рыгораўкі і Серабранкі, на ўсход — паблізу Верхнекаменскага, а таксама на паўднёвы ўсход - у раёне Івана-Дар'еўкі. Баявыя дзеянні ў гэтым сектары фронту застаюцца інтэнсіўнымі.

15-17 чэрвеня расійскія сілы здзейснілі серыю атак на розных участках фронту вакол Пакроўска. Геалакацыйныя відэа, апублікаваныя 15 чэрвеня, пацвярджаюць прасоўванне расійцаў на паўночны ўсход ад вёскі Шаўчэнка Першае.

Паводле геалакацыйных відэазапісаў, расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач, усход і паўднёвы ўсход ад Дыліеўкі на поўначы ад Тарэцка.

* * *

У ноч на 18 чэрвеня Расія атакавала Украіну 58-мю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 30 БПЛА. 12 — збіта агнявымі сродкамі, 18 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

Уначы 18 чэрвеня расійскія беспілотнікі атакавалі аўтамабіль «хуткай дапамогі» і цывільнага жыхара ў Херсоне, у выніку чаго пацярпелі 3 чалавекі, з якіх 2 медработнікі.

* * *

509380459_1069999795313098_1043331526989503867_n.jpg

* * *

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне Кіт Келаг збіраецца ў бліжэйшыя дні сустрэцца з беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, піша Reuters.

Чатыры дасведчаныя крыніцы паведамілі журналістам, што Келаг мае намер адправіцца ў Беларусь на фоне таго, што перамовы аб спыненні агню паміж Украінай і Расіяй усё яшчэ знаходзяцца ў тупіку. 

«Дакладны парадак сустрэчы невядомы, аднак Келаг у прыватным парадку ахарактарызаваў паездку як крок, які можа дапамагчы надаць імпульс мірным перамовам, накіраваным на спыненне вайны ва Украіне», — піша Reuters.

* * *

Лідары краін-удзельніц Вялікай сямёркі не змаглі пераканаць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўзмацніць санкцыі супраць Расіі, піша Bloomberg.

Выданне нагадвае, што Трамп заклікаў расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна пагадзіцца на спыненне агню ў вайне ва Украіне, але ён супраціўляўся новым санкцыям супраць РФ, нягледзячы на неаднаразовыя пагрозы іх увядзення. На саміце ў Канадзе амерыканскі прэзідэнт яшчэ больш расчараваў саюзнікаў, заявіўшы, што санкцыі абыходзяцца ЗША занадта дорага.

Больш за тое, Трамп выступіў супраць фармулёвак заявы саміту з нагоды Украіны, якія, на яго думку, маглі б абмежаваць яго магчымасці для далейшых перамоваў з Пуціным. Таму заявы G7 па Украіне не было.

Як адзначае Bloomberg, еўрапейскія краіны ўсё больш сумняюцца, ці можна давяраць Трампу ў пытанні далейшага ціску на Расію. Яны працягваюць узаемадзейнічаць з прэзідэнтам ЗША і не супрацьстаяць яму, але паралельна імкнуцца ўмацаваць сувязі ў сферы бяспекі з аднадумцамі-саюзнікамі і вырашаюць, як дапамагчы Украіне, у той час, калі Вашынгтон не жадае аказваць дапамогу Кіеву.

* * *

Лідары краін Вялікай сямёркі дамовіліся аб узмацненні санкцый супраць Расіі. Пра гэта на палях саміту G7 у Канадзе заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Паводле яго, краіны ЕС рыхтуюць значна больш магутныя санкцыі супраць Расіі, чым тыя, што цяпер дзейнічаюць у ЗША. «Узнікае агульная пазіцыя — нам варта ўзмацніць санкцыі», — сказаў ён.

Французскі лідар дадаў, што Канада, Японія і Вялікабрытанія «шчыльна каардынуюць» свае пазіцыі з ЕС з гэтай нагоды. «На нашу думку, гэта дазволіць нам вярнуць Расію за стол перамоваў, як патрабуе прэзідэнт Трамп», — адзначыў Макрон.

* * *

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц таксама заклікаў да ўзмацнення ціску на Расію. «Я вяртаюся ў Германію з асцярожным аптымізмам у дачыненні да рашэння ЗША ўвесці далейшыя санкцыі супраць Расіі», — напісаў Мерц у сацсетцы Х.

* * *

Канада выдаткуе новы пакет вайсковай дапамогі Украіне на больш чым 2 млрд долараў. У яго ўвойдуць беспілотнікі, верталёты і боепрыпасы, заявіў прэм'ер-міністр Канады Марк Кэрні падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на саміце G7.

Частка гэтых сродкаў будзе накіравана на ўнутраную абаронную вытворчасць Украіны.

«Гэта наш уклад. Мы будзем працаваць з нашымі еўрапейскімі і іншымі саюзнікамі, каб забяспечыць неабходную падтрымку. І хачу дакладна сказаць: гэтая падтрымка будзе нязменнай датуль, пакуль мы не дасягнем справядлівага міру», — заявіў Марк Кэрні.