Польшча і краіны Балтыі пабудуюць «лінію Манергейма» на межах з Расіяй і Беларуссю

На фоне вайны ва Украіне, якая працягваецца, і пагроз атакі з боку РФ, Польшча і краіны Балтыі просяць ЕС падтрымаць будаўніцтва сеткі бункераў і абарончых збудаванняў уздоўж межаў з Расіяй і Беларуссю. Тым часам эстонская выведка лічыць, што летні наступ Расіі на Украіну забуксаваў. Ідзе 1214-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

509359081_1071855821794162_4778995784472788326_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 188 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 53 штурмавых і наступальных дзеянні расіян у раёнах Палтаўкі, Мірнага, Малінаўкі, Міралюбаўкі, Арэхавага, Аляксееўкі, Удалага, Надзіеўкі, Срэбнага і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія ваяры адбілі 38 штурмаў арміі РФ. 

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Тарэцка, Белай Гары, Дыліеўкі, Шчарбінаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) і Новапаўлаўскім кірунках расіяне атакавалі па 15 разоў на кожным. 

На Ліманскім кірунку за суткі зафіксавана 14 атак расіян. Сілы абароны Украіны адбілі штурмавыя дзеянні паблізу Альгоўкі, Грэкаўкі, Рэдкадубу.

Па сем штурмаў расіян адбіта на Северскім і Краматорскім кірунках.

* * *

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне расійскіх войскаў у раёнах Купянска, Северскай, Тарэцка і Пакроўска.

Расійскія войскі прасунуліся на Купянскім кірунку на ўсход ад Доўгенькага. 19 і 20 чэрвеня войскі РФ правялі наземныя атакі пад Купянскам у раёнах Каменкі, Кандрашоўкі і Стэпавай Навасёлаўкі.

Нядаўна расійскія войскі прасунуліся ў напрамку Северска ў раёне Серабранкі. У ходзе атак расійцы выкарыстоўваюць бронетэхніку і танкі, што нехарактэрна для апошняй тактыкі РФ, калі часцей атакуюць невялікімі пяхотнымі групамі на матацыклах і ўсюдыходах. 

Нядаўна расійскія войскі прасунуліся на Тарэцкім кірунку — на поўнач ад Тарэцка і ў цэнтральнай частцы Яблонаўкі.

Таксама войскі РФ прасунуліся на Гуляйпольском кірунку — у цэнтральнай частцы вёскі Малінаўка. Па словах спікера Сіл абароны поўдня Уладзіслава Валошына, расійцы правялі механізаваную атаку з выкарыстаннем «некалькіх» адзінак бронетэхнікі ў раёне Малінаўкі. Там, пераважна, расійскія войскі працягваюць атакі, выкарыстоўваючы матацыклы, багі і квадрацыклы.

* * *

Камандуючы цэнтрам разведкі Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Антс Ківісельг мяркуе, што расійскае войска не здольнае ажыццявіць прарыў на ўсходзе Украіны і кампенсуе нязначны прагрэс на фронце авіяўдарамі па жылых дамах, піша ERR.

«Расійскі летні наступ, які працягваецца ўжо два месяцы, у асноўным на ўсходзе Украіны, па сутнасці, уграз ва ўпартай абароне ўкраінцаў і перарос у баявую аперацыю тактычнага ўзроўню, у якой расійцы спрабуюць працягваць атакі, нягледзячы на вялікія страты», — адзначыў ён.

Ён дадаў, што расійскі наступ у Сумскай вобласці ў значнай ступені спынены ўкраінскімі абаронцамі, нягледзячы на першапачатковы поспех РФ на гэтым кірунку.

«Што тычыцца далейшых дзеянняў, то ацэнка застаецца такой: хоць стратэгічныя мэты і планы расійцаў не змяніліся, нягледзячы на іх намаганні, расійскі бок не здольны ажыццявіць аператыўны прарыў ні на адным з франтоў, а ўкраінскія сілы абароны здольныя кантраляваць ціск», — падсумаваў ён.

Ківісельг звярнуў увагу, што Расія ўсё часцей атакуе ўсё больш грамадзянскіх аб'ектаў і жылых раёнаў. З ягоных слоў, раней гэта адбывалася, хутчэй, «эпізадычна», але цяпер такія атакі набываюць рэгулярны характар. «РФ, калі не ўдаецца дамагчыся чаканага поспеху на фронце, пераходзіць да прамой тэрарыстычнай тактыкі, нападу на грамадзянскія аб'екты з мэтай аказання псіхалагічнага ціску на насельніцтва», — падкрэсліў ён.

* * *

У ноч на 21 чэрвеня ў Адэсе прагрымелі выбухі на фоне пагрозы варожых ударных дронаў.

Расійскія войскі атакавалі шматпавярховік у Сумах ударным дронам «Ланцэт». У выніку пацярпела адна жанчына.

Расійскія войскі ў чарговы раз масіравана і камбінавана атакавалі Крэменчуг ў Палтаўскай вобласці. Ёсць трапленні і падзенне абломкаў на аб'ектах энергетычнай інфраструктуры і на адкрытых тэрыторыях.

* * *

509439362_1072277101752034_4304061436428692124_n.jpg

* * *

Ёсць «нязначны прагрэс» у перамовах паміж Украінай і Расіяй. Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, паведаміў Fox News. «На перамовах паміж Расіяй і Украінай назіраецца нязначны прагрэс... Я заўсёды міратворац. Часам трэба быць жорсткім, але заўсёды быць міратворцам», — падкрэсліў амерыканскі кіраўнік.

Гэтую заяву Трамп зрабіў на фоне слоў Пуціна пра тое, што расійскі і ўкраінскі народы «адно цэлае», што ён не выключае захопу Сум, што РФ нібыта стварае «буферную зону» ў Сумскай вобласці Украіны, і ў чарговы раз згадаў «брудную бомбу».

* * *

Кіраўнікі ўрадаў Эстоніі, Латвіі, Польшчы і прэзідэнт Літвы звярнуліся з адкрытым лістом да кіраўніцтва ЕС з заклікам узмацніць падтрымку абаронных ініцыятыў на ўсходняй мяжы Саюза. Ліст падпісалі прэм'ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал, прэм'ер-міністр Латвіі Эвіка Сіліня, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

«Расія адчувае нашу здольнасць да стрымлівання і цягавітасць праз дэстабілізуючы дзеянні і акты сабатажу, асабліва ўздоўж усходніх межаў ЕС. Мы таксама сутыкаемся з дадатковым ціскам праз выкарыстанне мігрантаў у якасці зброі з боку Расіі і Беларусі», – заявілі яны.

У лісце лідары краін падкрэслілі, што пагроза для ЕС і яго дзяржаў-членаў расце, таму неабходны больш скаардынаваны і рашучы стратэгічны адказ. Аўтары звароту заклікалі ЕС разглядаць ініцыятывы «Балтыйскай абароннай зоны» і «Усходняга шчыта» як праекты агульнай еўрапейскай цікавасці і падтрымаць іх усімі наяўнымі інструментамі Саюза.

«Усходні шчыт» і «Балтыйская абаронная зона» маюць на мэце развіццё шматузроўневых абарончых захадаў уздоўж усходняй мяжы Еўрасаюза. Яны ўжо рэалізуюцца, але маюць патрэбу ў больш шырокай падтрымцы з боку еўрапейскіх інстытутаў. 

Перад гэтым стала вядома, што Эстонія, Латвія, Літва і Польшча звернуцца да Еўрапейскага Саюза для фінансавання будаўніцтва сеткі бункераў, бар'ераў, размеркавальных ліній і вайсковых складоў уздоўж межаў з Расіяй і Беларуссю.