ЗША адкладаюць санкцыі супраць Расіі, але не забываюцца пра іх

Нягледзячы на кансэнсус сярод сенатараў, ЗША адкладаюць увядзенне новых санкцый супраць Расіі як мінімум да ліпеня —прычынай стаўся ірана-ізраільскі канфлікт. У той жа час Пуцін заявіў пра магчымасць перамоваў з Уладзімірам Зяленскім — але так і не даў адказу, для чаго. Ідзе 1212-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

503129943_1069575972022147_3211760149489417690_n.jpg

Ва Украіне за мінулыя суткі зафіксавана 163 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 19 чэрвеня. 

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 48 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян у раёнах Малінаўкі, Лісоўкі, Міралюбаўкі, Новапаўлаўкі, Мірнаграду, Удалага, Новасергіеўкі, Катляроўкі, Аляксееўкі і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках за мінулыя суткі адбылося 29 боесутыкненняў. 

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне 20 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Запарожжа, Багатіру, Вясёлага, Мірнага, Навасёлкаў, Вольнага Поля і Шаўчэнкі.

На Ліманскім, Краматорскім і Тарэцкім кірунках расіяне атакавалі 15 разоў на кожным. На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку армія РФ 8 разоў штурмавала пазіцыі падраздзяленняў УСУ у раёнах Ваўчанска, Каменкі, Ліпцаў.

* * *

Расійскія войскі аднавілі механізаваныя штурмы ў раёне Тарэцка, што можа сведчыць пра змену тактыкі і прыярытэтаў, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Войскі Расіі 17 чэрвеня рэалізавалі прынамсі адну механізаваную атаку ў кірунку горада Тарэцк (Данецкая вобласць) памерам не менш за ўзвод, піша ISW. Паводле апублікаваных у той жа дзень геалакацыйных кадраў, штурм адбываўся на захад ад населенага пункта Яблонаўка (на захад ад Тарэцка) з удзелам не менш трох браняваных баявых машын і чатырох матарызаваных транспартных сродкаў, як мяркуецца ўсюдыходаў (ATV).

Украінскі вайсковы аглядальнік Юрый Бутусаў 18 чэрвеня паведаміў, што расійскія сілы таксама правялі механізаваны штурм каля горада Канстанцінаўка. Украінскія падраздзяленні знішчылі не менш за 15 адзінак цяжкай бронетэхнікі праціўніка і 8 матарызаваных машын.

Эксперты адзначаюць, што пачынаючы з зімы 2024-2025 гадоў расійскія войскі паменшылі колькасць механізаваных штурмаў. Галоўнымі прычынамі гэтага лічыцца высокая эфектыўнасць ўкраінскіх дронаў і паступовае вычарпанне запасаў бронетэхнікі ва Узброеных Сілах РФ. На фоне зніжэння наяўнасці бронетэхнікі, расійскае камандаванне ўсё больш засяродзілася на грамадзянскіх транспартных сродках, усюдыходах (квадрацыклах) і матацыклах для вядзення штурмавых дзеянняў.

На думку ISW, механізаваныя штурмы расійцаў у раёне Тарэцка могуць сведчыць пра намеры вайсковага камандавання РФ засяродзіць увагу менавіта на гэтым кірунку фронту.

* * *

У ноч на 19 чэрвеня Расія запусціла супраць Украіны 104 беспілотных лятальных апаратаў. Супрацьпаветранай абароне (СПА) удалося абясшкодзіць 88 з іх. 40 дронаў былі збітыя агнявымі сродкамі, 48 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

У Херсонскай вобласці ў выніку атакі БПЛА загінуў 38-гадовы электраслесар службы падстанцый. Мужчына загінуў падчас выканання аднаўленчых работ пасля папярэдняга абстрэлу.

У выніку расійскіх удараў па Нікапольскім і Самараўскім раёнах Днепрапятроўскай вобласці пацярпелі пяць чалавек. Сярод пацярпелых у выніку атак на Нікапольшчыну — 11-гадовы хлопчык. Ён у шпіталі, як і яшчэ трое дарослых.

* * *

509434837_1070795945233483_5851377144525432148_n.jpg

* * *

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з прадстаўнікамі сусветных інфармагенцтваў заявіў, што Расія імкнецца да заканчэння вайны супраць Украіны «як мага хутчэй». Паводле яго, пасля 22 чэрвеня расійская дэлегацыя гатовая да новай сустрэчы з украінскім бокам.

Пуцін заявіў, што ён нібыта падтрымлівае «як мага больш хуткае» завяршэнне «канфлікту ва Украіне мірным шляхам», але «параіў» Украіне не марудзіць з перамовамі, інакш, з ягоных слоў, «сітуацыя для Кіева можа яшчэ пагоршыцца».

Пуцін заявіў, што гатовы сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на завяршальным этапе перамоваў, але зноў заявіў пра нібыта нелегітымнасць украінскага лідара.

«Мы гатовыя сустракацца... Я гатовы сустракацца з усімі, уключаючы Зяленскага... Калі ўкраінская дзяржава давярае камусьці весці перамовы, дзеля Бога, няхай гэта будзе Зяленскі», — сказаў Пуцін. Але, па яго словах, ёсць пытанне, хто будзе падпісваць дакументы. Каментуючы тэму, кіраўнік Крамля зноў пачаў распавядаць, што Зяленскі нібыта нелегітымны: ён сцвярджае, што ва Украіне падчас ваеннага становішча выбары не праводзяцца, але «нідзе не напісана, што (падаўжаюцца) правы прэзідэнта — не, усё», — кажа Пуцін.

«Нам усё роўна хто вядзе перамовы, нават калі гэта дзейны кіраўнік рэжыму, я нават гатовы сустракацца, але калі гэта будзе нейкі завяршальны этап, каб не сядзець там і нешта дзяліць бясконца, а паставіць кропку — подпіс павінен стаяць легітымных уладаў», — сказаў Пуцін.

Ва ўмовах ваеннага становішча ва Украіне не могуць праводзіцца выбары. У Канстытуцыі Украіны гаворыцца, што прэзідэнт Украіны працягвае свае паўнамоцтвы да ўступлення на пасаду новага прэзідэнта. Гэта азначае, што раней абраныя ўлады застаюцца легітымнымі датуль, пакуль не будзе знятае ваеннае становішча і праведзеныя новыя выбары.

* * *

Наступны саміт NATO праз амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа працягнецца ўсяго дзве з паловай гадзіны, піша The Times.

Звычайна фармат саміту NATO пабудаваны вакол трох сустрэч, кожная з якіх доўжыцца дзве з паловай гадзіны і сканцэнтраваная на геапалітыцы і стратэгіі. Аднак сустрэча на наступным тыдні працягнецца толькі адну сесію. Камюніке саміту, у якім будуць выкладзеныя мэтавыя паказчыкі выдаткаў NATO, будзе змяшчаць толькі пяць абзацаў на адным аркушы фармату А4. Да прыкладу, леташняя сустрэча ў Вашынгтоне ўтрымлівала дэкларацыю з 44 абзацаў аб'ёмам 5400 слоў.

«Саміт павінен быць мэтанакіраваным, кароткім і лаканічным. Трамп... мае кароткі перыяд канцэнтрацыі ўвагі. Чым карацей, тым лепш», — адзначыў ананімны дыпламат.

У тэксце саміту Расія па-ранейшаму будзе названая «прамой пагрозай», але не будуць паўтарацца папярэднія заявы, што Украіна мае «незваротны» шлях да сяброўства ў NATO.

* * *

Нягледзячы на кансэнсус сярод сенатараў, ЗША адкладаюць увядзенне новых санкцый супраць Расіі як мінімум да ліпеня, піша Semafor.

З аднаго боку, суаўтары дакумента сенатары Ліндсі Грэм і Рычард Блюменталь спрабуюць унесці тэхнічныя праўкі, якія павінны аслабіць ціск на саюзнікаў Украіны. З іншага боку, прычынай адтэрміноўкі стала эскалацыя вайны паміж Ізраілем і Іранам, а таксама новыя падатковыя ініцыятывы рэспубліканцаў. Па словах сенатара Джона Туна, Сенат «адкрыты да абмеркавання», але чакае сігналу ад адміністрацыі Трампа.

Сам Дональд Трамп пакуль не ўхваліў законапраект, засяродзіўшыся на ўнутранай палітыцы і патэнцыйным ваенным канфлікце з Іранам. На гэтым фоне нават законапраекты з шырокай падтрымкай, такія як рэгуляванне крыптавалют, не рухаюцца.

Сенатар Грэм прызнаў, што санкцыі давядзецца адкласці, але запэўніў, што пытанні Расіі і Украіны застаюцца для яго прыярытэтам. «Іран цяпер у цэнтры ўвагі, але гэта не значыць, што я забыў пра Расію ці Украіну», — заявіў ён.