Дата трэцяга раўнда перамоў Расіі з Украінай будзе ўзгодненая на наступным тыдні
Пра гэта паведаміў расійскі бок, які не імкнецца да хуткага міру. Пуцін упэўнены, што можа выйграваць у працяглай вайне, бо рэсурсаў у Расіі больш, чым ва Украіны. Але эксперты і аналітыкі не падзяляюць гэтай упэўненасці. Ідзе 1213-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 176 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 чэрвеня. Па-ранейшаму напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе за мінулыя суткі абаронцы Украіны спынілі 52 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах Палтаўкі, Мірнага, Міралюбаўкі, Копцева, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Навасергіеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку адбылося 29 баёў. Армія РФ спрабавала прасунуцца паблізу Новага Свету, Грэкаўкі, Надзеі, Рэдкадубу, Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Ямполаўкі і Рыгораўкі.
За мінулыя суткі на Тарэцкім кірунку расіяне атакавалі ўкраінскія падраздзяленні 20 разоў у раёнах Пятроўкі, Аляксандра-Калінавага, Яблонаўкі, Русінага Яра і ў бок Дыліеўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 17 атак расійцаў у раёнах Запарожжа, Багатіру, Навасёлкі і Шаўчэнкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і на Краматорскім кірунках украінскія абаронцы адбілі па 13 атак расіян на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку армія РФ атакавала 12 разоў у раёнах Ваўчанска, Зялёнага і Строеўкі.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін прытрымліваецца ў вайне ва Украіне тэорыі перамогі, па якой армія РФ будзе павольна прасоўвацца, пакуль УСУ і Украіна не вычарпаюцца. Але Крамлю будзе няпроста рэалізаваць гэты план з шэрагу прычын, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі нагадалі, што падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму (ПМЭФ) у чэрвені 2024 года Пуцін выразна выклаў сваю тэорыю. Згодна з ёй, расійскія войскі могуць павольна, але няўхільна прасоўвацца, перашкаджаць Украіне ў правядзенні паспяховых наступальных аперацый, якія маюць аператыўнае значэнне, і такім чынам выйграць вайну на знясіленне.
«Ацэнка Пуціна, што паступовыя поспехі расійскага войска дазволяць дасягнуць ягоных мэтаў ва Украіне, грунтуецца на здагадцы, што сілы абароны Украіны не змогуць вызваліць ніводнай значнай тэрыторыі, якую захопіць Расія. А расійскае войска зможа падтрымліваць наступальныя дзеянні з паступовымі тактычнымі поспехамі, нягледзячы на вялікія страты», — мяркуюць у ISW.
Гэтую версію Пуцін пацвердзіў у часе прэс-канферэнцыі падчас ПМЭФ 19 чэрвеня 2025 года. Ён дагэтуль прытрымліваецца сваёй тэорыі праз год пасля яе публічнага агучвання.
Але ў ISW перакананыя, што Расія ў сярэднетэрміновай перспектыве сутыкнецца з шэрагам сур'ёзных выклікаў у сферы эканомікі і абароннай прамысловасці, што не дазволіць ёй падтрымліваць зацяжную вайну супраць Украіны.
На думку аналітыкаў, далейшы рост коштаў нафты, справакаваны ізраільскімі ўдарамі па Іране, можа павялічыць даходы РФ ад экспарту нафты і ўзмацніць яе здольнасць фінансаваць ваенныя дзеянні. Але гэта адбудзецца толькі пры ўмове, што кошты застануцца высокімі значны час, і на расійскую нафту не будуць накладзеныя дадатковыя міжнародныя санкцыі.
«Павелічэнне аб'ёмаў вайсковай дапамогі Украіне і эканамічнага ціску на РФ з боку Захаду здольнае ўзмацніць пазіцыі УСУ на полі бою, паглыбіць эканамічныя праблемы Расіі і выкарыстоўваць яе слабыя бакі для дасягнення выгаднай перамоўнай пазіцыі, якая дазволіць Украіне і Захаду прымусіць Крэмль да крытычных саступак і скончыць вайну на справядлівых умовах», — перакананыя ў ISW.
Эксперты таксама звярнулі ўвагу на факт, што на прэс-канферэнцыі 19 чэрвеня Пуцін заявіў, што патэнцыйная перадача Украінай нямецкіх ракет Taurus нібыта не паўплывае на ход баявых дзеянняў ва Украіне, але нанясе «сур'ёзны ўрон» адносінам Германіі і Расіі.
«Такія заявы Пуціна з'яўляюцца часткай сталай кампаніі рэфлексіўнага кантролю Крамля, накіраванай на прымус Захаду прымаць рашэнні, выгадныя Расіі. Напрыклад, устрымацца ад далейшай дапамогі Украіне або спыніць намаганні па ўзмацненні абараназдольнасці NATO», — упэўненыя эксперты.
* * *
У ноч на 20 чэрвеня Расія атакавала Украіну 86-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 70 БПЛА, 34 збіта агнявымі сродкамі, 36 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
У ноч на 20 чэрвеня расійцы нанеслі масіраваны ўдар беспілотнікамі па Адэсе, зафіксавана 10 трапленняў. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 14 атрымалі раненні. Сярод пацярпелых — 3 ратавальнікі.
Быў цалкам ахоплены пажарам 4-павярховы жылы дом. Удалося выратаваць 3 чалавекі, яшчэ 6 эвакуяавалі. Таксама ў выніку траплення БПЛА пацярпеў 23-павярховы жылы дом — агонь ахапіў 18, 19 і 20 паверхі. Са шматпавярхоўкі эвакуявалі 600 чалавек. З заблакаванай кватэры выратавалі трох чалавек, сярод іх двое дзяцей.
Таксама расіяне атакавалі ўдарнымі дронамі Харкаў і Харкаўскі раён. Пад удары трапілі Шаўчэнкаўскі і Аснавянскі раёны абласнога цэнтра. Па папярэдніх даных, па медыцынскую дапамогу звярнуліся 4 грамадзянскія асобы, з якіх двое непаўналетніх дзяўчат ва ўзросце 12 і 17 гадоў.
* * *

* * *
«Дата трэцяга раўнда перамоў з Украінай будзе ўзгодненая на наступным тыдні», — паведаміў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў. Раней прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава выступіла з заявай, што расійская дэлегацыя нібыта ўжо гатовая да трэцяга раўнду перамоў з Украінай у Стамбуле пасля 22 чэрвеня.
Захарава таксама распавяла, што на перамовах Масква хоча абмяркоўваць украінскі і расійскі «мемарандумы» аб перамір'і і завяршэнні вайны.
Тым часам у Кіеве заявілі, што першыя два раўнды перамоў паміж Украінай і Расіяй былі пустымі, таму Украіне дагэтуль незразумела, што можна абмеркаваць з расійцамі на трэцяй сустрэчы. Расійскі «мемарандум» уяўляе сабой ультыматум з невыканальнымі для Украіны ўмовамі. Са слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, нават самі расійцы падчас сустрэчы ў Стамбуле гэта прызналі.
* * *
Група еўрапейскіх краін, якія маюць выхад да мора, на сустрэчы 19 чэрвеня дамовіліся прыняць далейшыя меры, каб процідзейнічаць «ценявому флоту» Расіі. Прадстаўнікі 12 краін ЕС (краін Балтыі, Бельгіі, Даніі, Германіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Фінляндыі, Францыі і Швецыі), а таксама Вялікабрытаніі і Ісландыі заклікалі да «сумесных і скаардынаваных дзеянняў з мэтай эфектыўнага процідзеяння спробам Расіі абысці міжнародныя санкцыі».
«Мы дамовіліся аб далейшым узмацненні супрацоўніцтва і забеспячэнні сумеснага і скаардынаванага падыходу нацыянальных органаў улады да барацьбы з ценявым флотам Расіі», — гаворыцца ў заяве.
У прыватнасці, група еўрапейскіх дзяржаў плануе распрацаваць кіруючыя прынцыпы «для садзейнічання адказным паводзінам на моры, узмацнення захавання міжнароднага права і забеспячэння празрыстасці марскіх аперацый».
«Калі судны не будуць плаваць пад сапраўдным сцягам у Балтыйскім і Паўночным марах, мы будзем прымаць адпаведныя меры ў рамках міжнароднага права», — адзначаецца ў заяве.
Нагадаем, па стане на мінулы месяц расійскі «ценявы флот» налічваў да 1000 адзінак пераважна састарэлых танкераў (агульным дэдвейтам больш за 100 млн тон), якія пад нейтральнымі сцягамі ажыццяўляюць экспарт нафты і нафтапрадуктаў з РФ у абыход санкцый ЗША і ЕС.
У канцы траўня гэтага года Еўрасаюз зацвердзіў 17-ты пакет санкцый супраць Расіі, у якім пад абмежаванні трапілі 189 суднаў з трэціх краін, што з'яўляюцца часткай «ценявога флоту» РФ і адказваюць за транспартаванне расійскай нафты.