Ад туманных балот Палесся да вогнішча ля Віслы. Беларусы ў эміграцыі распавялі, чаму святкуюць Купалле
Купальская ноч — не толькі пра вянкі, агонь і пошукі папараць-кветкі. Для многіх беларусаў гэта магчымасць адчуць сувязь з радзімай, і тымі, каго ўжо няма побач. Мы сабралі шчырыя гісторыі тых, хто, апынуўшыся за мяжой, працягвае захоўваць традыцыю і знаходзіць у ёй надзею, цеплыню і сэнс.

Марына: — Я з Палесся, і ў нас шмат вады, туманаў і балот. І мая бабуля заўсёды казала: на Купалле трэба ісці на прыроду — «каб душа не пасохла, як поле без дажджу». Яна брала мяне, яшчэ зусім маленькую, на луг каля ракі. Мы плялі вянкі, спявалі разам з яе сяброўкамі. А хлопцы тым часам палілі шыны. Яны загадзя хавалі іх у рацэ ад мянтоў, каб пасля дастаць і ўсю ноч паліць — дым ішоў чорны, вязкі... Ніхто з іх не ведаў, навошта. Цяпер бабулі няма, я ў Польшчы. Але іду на Купалле з беларусамі. І, можа, калісьці дома гэта зноў стане сапраўдным святам і для мяне.
Таццяна: — Я на Купаллі, бо толькі ў гэтую ноч можна верыць у цуды і не саромецца. У Беларусі, у Барысаве, мы святкавалі Купалле па-гарадску: з выканкамам, феерверкамі, сцэнай, народнымі калектывамі. Я танцавала ў адным з іх. Потым свята забаранілі — казалі, што МНС забараніў: ці то з-за пажарнай небяспекі, ці то яшчэ з якой прычыны. А пасля зноў можна было, але ўжо побач — натоўп міліцыі. А цяпер, у Варшаве, я апранаю вышыванку, іду да беларусаў на бераг Віслы, пускаю вянок на ваду. І кожны год уяўляю: вось нехта зловіць мой вянок — і гэта будзе знак. Пакуль не злавілі, але я спадзяюся.

Ілля: — Я ніколі не быў на Купаллі ў Беларусі, бо я інтраверт. Асабліва пасля турмы — масавыя мерапрыемствы не для мяне. Мне цяжка быць з людзьмі. Але мая дзяўчына казала, што Купалле — іншае. Што тут усе робяць тое, што хочуць. Я люблю сядзець ля агню і маўчаць, і я згадзіўся. Мы пайшлі, там людзі спяваюць, гуляюць разам, прыгожа, і гэта не напружвае, гэта лекавае.
Паліна: — Мяне ўпершыню пацалавалі на Купаллі. Пад дрэвам, за некалькі метраў ад вогнішча. Гучала «Купалінка», а я адчувала толькі, як б’ецца маё сэрца. Цяпер нам абаім за трыццаць, мы шмат перажылі, змянілі краіну, змянілі мову, на якой гаворым. І мы прыходзім на Купалле і таму, што ёсць дні, якія вызначаюць жыццё, і таму, што гэта наша сапраўднае, беларускае...
Глядзіце таксама

Максім: — Я жыў у Мінску, у гуку трамваяў і людзей, хадзіў на працу. А на Купалле заўсёды была прычына выехаць пад Баранавічы да дзядоў — туды, дзе траву ніхто не касіў, дзе можна ісці басанож, дзе ноч глытае цябе... Кастры паліў, чарку з яблыкамі піў. А потым я трапіў на Купалле ў Варшаве — каб зразумець, што гэта ўсё значыць і з беларусамі быць. І здзівіўся: гэта больш, чым мы разумелі ў юнацтве. Гэта і казка, і гісторыя, і прыгажосць.
Ірына: — Мой амаль шасцігадовы сын кажа: «Мама, а мы зноў паедзем туды, дзе вогнішча?» — і я не магу не паехаць. Хаця мы з мужам амаль у разводзе і пакуль нічога не гаворым яму... Ды і я пакуль не ведаю, што рабіць з нашымі адносінамі. Год таму, на Купалле, сын убачыў, як яго тата скокнуў праз агонь — ён герой. І я на яго так паглядзела... Так што мы ідзем на Купалле, каб уцячы ад нашых будняў, ад цяжкіх размоваў. А потым будзем вырашаць...

Наталля: — Мне 27. І я ўсё яшчэ шукаю кветку папараці. Не, не таму, што веру, што яна існуе, а таму, што гэта прыгожая гульня. Гэта цікава было пад Віцебскам, дзе я працавала ў вясковым клубе. Я збірала мясцовыя традыцыі ў розных рэгіёнах, слухала старых бабулек. Народная традыцыя Купалля з нячысцікамі, але і царка праваслаўная адзначае гэты дзень, дзіўна.
Цяпер я працую ў краме — горад Радом, каля Варшавы. На 21 чэрвеня папрасіла напарніцу, замяніца, калі мне сказалі: «паехалі на Купалле у Варшаву». Гэта ж для мяне як вяртанне дадому, нават калі дома ўжо няма.
«Купалле на Вісле» — свята летняга сонцастаяння ў Варшаве
21 чэрвеня на Вісле ў Варшаве адбудзецца Купалле — традыцыйнае беларускае свята летняга сонцастаяння, якое штогод аб’ядноўвае сям’і, сяброў і тых, хто нясе ў сэрцы беларускую культуру. Арганізатар — тэатральная студыя «Купалінка».
— Некалькі гадоў таму мы ўпершыню зрабілі Купалле ў Варшаве — і прыйшло столькі людзей, што мы зразумелі: гэта сапраўды трэба, — кажа заснавальніца студыі Вольга Гардзейчык-Мазярская. — Было шмат дзяцей, людзей у вышыванках, з вянкамі і беларускімі сцягамі. І ўсе — з адным жаданнем: быць разам.
Купалле на Вісле — гэта спалучэнне традыцый і сучаснасці: карагоды, вогнішча, вянкі, жывая музыка, гульні, майстар-класы, беларускія песні і сцэнічныя мініяцюры. Арганізатары асаблівую ўвагу надаюць дзецям і падлеткам — для іх будзе асобная праграма з анімацыямі і творчымі заняткамі.
— Гэта не проста фальклорнае свята. Мы паказваем, што беларуская культура жывая. Што яна гучыць, смяецца, танчыць. Мы — ёсць. І мы маем права быць бачнымі, — кажа Вольга.
Падлеткі з «Купалінкі» ўжо другі год запар самастойна рыхтуюць частку праграмы — яны становяцца сапраўднымі «аніматарамі культуры». Яны вучацца не толькі мастацтву, але і адказнасці, каардынацыі, працы з людзьмі.
— Мы не лічым сябе гаспадарамі. Мы проста кажам: «Прыходзьце. Гэта прастора — для ўсіх нас», — дадае яна.
Калі: 21 чэрвеня? 16.00 Дзе: Варшава, Вісла (Wisla Bijacz, 03—942 Praga-Południe, Polska) Арганізатар: тэатральная студыя «Купалінка» Уваход: вольны