Герцагіня Кембрыджская пакінула клініку пасля родаў (відэа)
Прынц Уільям з жонкай і нованароджанай дачкой пакінулі шпіталь, дзе раніцай у суботу герцагіня Кембрыджская нарадзіла дзяўчынку.

Герцаг і герцагіня Кембрыджскія з нованароджанай дачкой на парозе клінікі
Роды адбыліся ў прыватным крыле Lindo Wing пры бальніцы Сэнт-Мэры на захадзе Лондана.
Прынц Уільям некалькі разоў на працягу дня выходзіў з клінікі, дзе сабралася вялікая колькасць рэпарцёраў і разявак, і таксама прывозіў пазнаёміцца з малодшай сястрой свайго сына, прынца Джорджа.
На парозе клінікі герцаг і герцагіня, якая трымала на руках немаўля, памахалі рукой прысутным, але нічога не сказалі.
Імя нованароджанай прынцэсы пакуль не абвешчана. Букмекеры прымаюць стаўкі, самыя папулярныя варыянты — Аліса або Шарлота.
Таксама букмекеры прымалі стаўкі на тое, у якім уборы Кэтрын пакіне бальніцу.
Пасля нараджэння прынца Джорджа яна з'явілася ў дзвярах бальніцы ў блакітнай сукенкцы ў дробны белы гарошак. На гэты раз герцагіня была апранутая ў белую сукенку з жоўтым кветкавым арнаментам.

Прынц Уільям аднёс дзіця ў спецыяльным кошыку ў машыну.
З лякарні герцаг і герцагіня Кембрыджскія накіраваліся ў сваю афіцыйную рэзідэнцыю — Кенсінгтонскі палац.
Пасля нядаўніх змяненняў заканадаўстве аб каралеўскім пасадзе дачка прынца Уільяма зойме чацвёртае месца ў чарзе на спадчыну трона — пасля свайго дзеда, прынца Валійскага, бацькі — герцага Кембрыджскага, і старэйшага брата прынца Джорджа.