Галоўная пагроза кіберзлачыннасці зыходзіць з Расіі: Апублікаваны сусветны рэйтынг
Расія, Украіна, КНР, ЗША і Нігерыя. Беларусь жа — толькі на 12-м месцы. Пра краіны, што ўзначалілі рэйтынг кіберзлачыннасці, паведамілі ў Оксфардскім універсітэце са спасылкай на даследаванне, якое праводзілася ў апошнія тры гады, піша dw.com.
Найбольшая пагроза ва ўсім свеце, звязаная з кіберзлачыннасцю, зыходзіць ад нязначнай колькасці краін, а яе галоўным агмянём з'яўляецца Расія, за якой ідуць Украіна, Кітай, ЗША і Нігерыя. Да такіх высноў прыйшлі аўтары даследавання Оксфардскага ўніверсітэта і ўніверсітэта Новага Паўднёвага Уэльса ў Канберы, вынікі якога былі апублікаваныя ў сераду, 10 красавіка.
У ходзе даследавання, якое праводзілася на працягу трох гадоў, былі ацэненыя самыя значныя крыніцы кіберзлачыннасці і ўпершыню ў гісторыі складзены рэйтынг краін у адпаведнасці з сусветным індэксам кіберзлачыннасці (WCI, World Cybercrime Index).
Пры гэтым выкарыстоўваліся ацэнкі 92 вядучых экспертаў у сферы кіберзлачыннасці з усяго свету. Іх папрасілі вызначыць найбольш значныя крыніцы пяці асноўных тыпаў кіберзлачыннасці і ацаніць краіны па выніках кібератакі, прафесіяналізму і тэхнічных магчымасцях хакераў, якія дзейнічаюць у іх.
Расія — на першым месцы з вялікім адрывам
- У выніку Расія, якая апынулася на першым месцы, атрымала 58,39 бала, Украіна — 36,44 бала, Кітай — 27,86 бала, ЗША — 25,01 бала, Нігерыя — 21,28 бала.
- У першую дзясятку ачагоў сусветнай кіберзлачыннасці ўвайшлі таксама Румынія (14,83 бала), Паўночная Карэя (10,61 бала), Вялікабрытанія (9,01 бала), Бразілія (8,93 бала) і Індыя (6,13 бала).
- Месцы з 11-га па 20-е занялі, адпаведна, Іран, Беларусь, Гана, ПАР, Малдова, Ізраіль, Польшча, Германія, Нідэрланды і Латвія. Значэнне WCI ўсіх гэтых краін не дасягае 5 балаў.
Са слоў суаўтара даследавання Міранды Брус, вынікі працы навукоўцаў дазволяць Нацыянальным агенцтвам кібербяспекі засяродзіцца ў іх працы на ключавых агмянях хакерскай дзейнасці.
Яно «дапаможа зняць заслону ананімнасці вакол кіберзлачынцаў» і больш эфектыўна змагацца з пагрозай злачыннасці ў Інтэрнэце, якая ўвесь час расце.
«Цяпер у нас маецца больш глыбокае разуменне геаграфіі кіберзлачыннасці і таго, як розныя краіны спецыялізуюцца на розных відах кіберзлачыннасці», — адзначыла Міранда Брус.
Навукоўцы, калі прэзентавалі вынікі даследавання, падкрэслілі, што спадзяюцца вывучыць уплыў на кіберзлачыннасць розных нацыянальных характарыстык, у прыватнасці ўзроўню адукацыі, ВУП і ўзроўню карупцыі.