Галіцыя аднаўляе сепаратызм
Ва Украіне заснаваны аргкамітэт Украінскай галіцкай партыі (УГП). Пра тое, ці збіраюцца галічане ствараць асобную дзяржаву, журналісту “Новага Часу” Алегу Новікаву распавядае кіеўскі палітолаг Юрый Паповіч.
— Пра праект УГП стала вядома яшчэ 16 красавіка. Як піша прэса, у адным з гарадоў на Львоўшчыне адбылася нарада, на якой была агучана ідэя УГП. Хто такія стваральнікі новай партыі, і чаго яны хочуць?
— Заснавальнікамі Украінскай галіцкай партыі з’яўляюцца прадстаўнікі заходнеўкраінскай інтэлігенцыі: публіцыст Арэст Друль, культуролаг і пісьменнік Ігар Мельнік, журналіст Андрэй Квяткоўскі, грамадскі дзеяч Васіль Палойка і іншыя. Напэўна, Палойка — адзіны з пералічаных, хто мае палітычны досвед. У яго за плячыма кіраўніцтва львоўскай абласной арганізацыяй партыі зялёных. Нягледзячы на тое, што ў прэсе УГП часта называюць сепаратыстамі, праграмныя арыенціры аргкамітэту партыі вельмі памяркоўныя. «Місію Галіцыі» бацькі-заснавальнікі УГП бачыць у тым, каб рэгіён стаў прыкладам для іншых рэгіёнаў Украіны.
Па словах таго ж Палойкі, УГП лічыць сваім ідэалам баварскі Сацыяльна-хрысціянскі саюз (CSU), які, падтрымліваючы на федэральным узроўні хрысціянскіх дэмакратаў, дзейнічае выключна ў Баварыі. Праўда, аўтары УГП прызнаюць: паколькі яшчэ не было ўстаноўчага з’езда, партыя знаходзіцца на этапе фармавання. Гэта значыць, што ідэалагічныя прынцыпы будуць дапаўняцца і пашырацца. Хутчэй за ўсё, будзе пастаўлена пытанне пра федэралізацыю Украіны. Увогуле, большую ўвагу стваральнікі УГП надаюць не ідэалогіі, а новай мадэлі, па якой павінна будавацца УГП.
— Наколькі можна зразумець, мы маем справу з чарговай спробай стварыць ва Украіне ўплывовую партыю, якая можа быць цалкам выключана з арбіты ўплыву алігархічных кланаў. У чым ноў-хаў галічан?
— Ёсць некалькі фішак. Па-першае, рэгіяналізм. Ва Украіне дастаткова шмат рэгіянальных палітычных праектаў, і яны ў прынцыпе паспяховыя. Можна згадаць той жа Крым. Па-другое, у Галіцыі гістарычна вельмі моцная школа палітычнага рэгіяналізму. Створаныя на пачатку ХХ стагоддзя першыя мясцовыя ўкраінскія партыі мелі выразна рэгіянальны характар, адстойвалі інтарэсы ў межах Аўстра-Венгерскай імперыі, а пасля — у межах Другой Рэчы Паспалітай.
Стаўка робіцца на тое, каб партыя сама фінансавала сябе за кошт унёскаў сваіх сябраў. Як не дзіўна, на лакальным узроўні ў вельмі карумпаванай Украіне сапраўды існуюць такія нізавыя грамадзянскія арганізацыі. Па іх аналагу мяркуецца стварыць больш шырокія структуры. Асобны пункт тычыцца фігуры лідара. Вядома, што амаль усе партыі ва Украіне — партыя лідарскія. УГП не плануе мець канкрэтнага лідара. Будзе прымяняцца перыядычная ратацыя кіраўнікоў, каб, па словах актыву УНП, пастаянна выбіраць найбольш маральных і эфектыўных.
— Ці можна лічыць стварэнне УГП своеасаблівай рэакцыяй грамадства на крызіс старых палітычных сіл Заходняй Украіны?
— Крызіс сапраўды існуе. Гэта добра прадэманстравалі пазатэрміновыя выбары ў мясцовыя саветы Львоўскай вобласці ў жніўні мінулага года. На адным з участкаў кандыдат ад Партыі рэгіёнаў набраў 96 працэнтаў. Увогуле, палітычнае жыццё ў рэгіёне пабудавана на супрацьстаянні сяброў агрэсіўнага аб’яднаня «Свабода» і рэшткаў аранжавых і нацдэмаў. Праект УГП — гэта ў тым ліку спроба перагрупоўкі нацыянал-дэмакратаў, якім не падабаюцца экстрэмісцкія выхадкі цягнібокаўцаў (Алег Цягнібок — лідар «Свабоды»). Стваральнікі УГП, сярод якіх львоўская культурная эліта, лічаць, што «Свабода» — гэта левы рух люмпенаў. Сваімі прыхільнікамі заснавальнікі УГП называюць грамадзянскую супольнасць, малы і сярэдні прыватны бізнэс. Ужо зараз палітолагі не выключаюць, што галічане могуць стаць сузаснавальнікамі новага холдынгу «Правыя» — аб’яднання шэрагу аранжавых партый вакол фігуры Сяргей Бандарчука (былога старшыні палітсавету партыі «Наша Украіна»).
— Як у Кіеве сустрэлі рэанімацыю галіцкага аўтанамізму?
— Навіна выклікала вялікі інтарэс, аднак пакуль нейкіх заяў з боку вядомых палітыкаў няма. Што тычыцца грамадскай думкі, дык, верагодна, яна будзе негатыўнай. Варта ўзгадаць, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года вядомы пісьменнік Юры Андруховіч выступаў за стварэнне на базе заходнеўкраінскіх абласцей асобнай дзяржавы. Кіеўская свядомая інтэлігенцыя моцна яго крытыкавала. У гэтым асяроддзі папулярны міф: аддзяленне Галіцыі дазволіць Расіі лёгка ўцягнуць Украіну ў свае геапалітычныя гульні.
Акрамя таго, некаторыя лідары Партыі рэгіёнаў таксама заклікаюць да таго, каб надаць Заходняй Украіне дзяржаўную самастойнасць. Яны лічаць, што постсавецкая ўкраінская нацыянальная ідэнтычнасць (фундаментальныя ўяўленні ўкраінцаў пра сябе) не можа сфармавацца з-за супрацьлеглага бачання ўкраінскай ідэнтычнасці на Захадзе і Усходзе. Дайшло да таго, што цяперашні міністр культуры Дзмітрый Табачнік выдаў фундаментальную працу па гісторыі галічан, каб давесці іх непадабенства да ўкраінцаў нават на ўзроўні генаў. У сувязі з гэтым некаторыя жартам называюць Табачніка ідэолагам галіцкага сепаратызму.
— Партыйнае будаўніцтва УГП адбываецца на фоне скандалу вакол намеру польскіх правых прыняць рэзалюцыю, якая абвяшчае АУН–УПА злачыннымі арганізацыямі. Гэта неяк паўплывае на перспектывы УГП?
— Толькі з улікам таго, што скандал спрыяе росту рэгіянальнай свядомасці заходніх украінцаў, бо шмат хто з іх пазітыўна ацэньвае дзейнасць бандэраўскіх фармаванняў. Па-сутнасці, галічане вельмі ізаляваныя ў гэтай дыскусіі. Партыя рэгіёнаў вуснамі харкаўскага губернатара Міхаіла Добкіна не толькі вітала ініцыятыву польскіх правых, аднак нават заклікала стварыць у Еўропе візавы «чорны спіс для цяперашніх бандэраўцаў з партыі «Свабода». Дэмакратычныя партыі ў сваю чаргу не жадаюць абвастраць адносіны з Варшавай напярэдадні намечанага на восень падпісання дамовы аб асацыяцыі Украіны з ЕС. Такім чынам, ствараецца ўражанне, што Кіеву няма справы да Львова.
У дадатак, мясцовая прэса шмат спекулюе на гэтым пытанні. Абывацеля Заходней Украіны пужаюць тым, што ў чорны спіс трапяць таксама ўнукі і праўнукі чальцоў АУН-УПА і нават усе ўкраінцы з прапіскай у населеных пунктах Заходняй Украіны.
Лагічным следствам такога ідэйнага разрыву ў тым ліку стала рашэнне ўладаў Львова адмяніць святкаванне 9 мая. Гэта больш небяспечна за феномен УГП, паколькі сітуацыя трошкі іншая, чым была раней. Маю на ўвазе тое, што Партыя рэгіёнаў з-за сваёй эканамічнай палітыкі ўжо не можа мабілізаваць свой электарат нават пад патрыятычнымі лозунгамі. Як паказалі апазіцыйныя акцыі «Паўстань, Украіна!», сярэднестатыстычны жыхар Заходняй Украіны трымаецца далей ад актыўнай палітыкі. Таму сёння паўзучы працэс расколу адбываецца на фоне большай абыякавасці грамадства, што робіць яго наступствы непрадказальным.