Беларусь па-ранейшаму не рэкамендуе набываць украінскія кандытарскія вырабы
Беларусь па-ранейшаму блакуе межы і націскае на арганізацыі гандлю, не рэкамендуючы ім набываць украінскія кандытарскія вырабы. Пра гэта паведаміў прэзідэнт асацыяцыі "Укркандпрам" Аляксандр Балдынюк.
produkty24.com.ua
Паводле яго слоў, перамовы пра аднаўленне паставак украінскіх кандытарскіх вырабаў на рынак Беларусі асаблівых вынікаў не далі. Некалькім фурам з украінскім таварам удалося прайсці беларускую
мяжу, але толькі пасля таго, як мінулі ўсе законныя тэрміны для іх утрымання на мяжы. Больш за тое, адзначыў Балдынюк, беларускі ўрад націскае на гандлёвыя арганізацыі, рэкамендуючы
ім мець у асартыменце не больш як 15% кандытарскіх тавараў замежнай вытворчасці.
"Па ўсіх прыкметах мы назіраем, што быў выразны сігнал зверху аб блакаванні мяжы для ўкраінскіх кандытарскіх тавараў. Гэта парушае беларуска-ўкраінскія пагадненні, у тым
ліку аб свабодным гандлі, скіраваныя на павелічэнне тавараабароту, якія прадугледжваюць бесперашкодны доступ тавараў на рынкі адзін аднаго", — падкрэсліў Балдынюк.
Асацыяцыя "Укркандпрам", паводле яго слоў, будзе звяртацца ва ўкраінскі ўрад з просьбай пра абарону сваіх эканамічных інтарэсаў у Беларусі. У прыватнасці, у другой палове мая
плануецца правядзенне міжурадавай камісіі, падчас якой, магчыма, будзе абмяркоўвацца і гэтае пытанне.
Каментарыі беларускага боку атрымаць не ўдалося.
Як паведамлялася раней, праблемы з пастаўкамі ў Беларусь узніклі ва ўкраінскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў у пачатку красавіка. Асацыяцыя "Укркандпрам", якая аб'ядноўвае ўкраінскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў, звярталася ва ўкраінскія органы ўлады. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, пытанне ўзнімалася падчас красавіцкіх перамоў членаў урада Украіны з віцэ-прэм'ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам. "Беларускі бок абяцаў разабрацца і сітуацыю ўрэгуляваць, але час прайшоў, а ўкраінская кандытарская прадукцыя на беларускі рынак так і не паступае", — сказаў тады Балдынюк.