Габрэі, якія перажылі Халакост, пікетавалі польскую амбасаду
Пажылыя габрэі, якія перажылі Халакост, пікетавалі польскую амбасаду ў Тэль-Авіве. Яны абураныя планамі Польшчы змяніць закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці.
Удзельнікі пікету, які арганізаваў фонд Yad Ezer La-Haver, дэманстравалі плакаты з надпісамі на іўрыце і польскай «Гэты польскі закон плюе ў твар ізраільскаму народу» («To polskie prawo pluje w twarz narodowi izraelskiemu»), «Ніякі закон не можа сцерці гісторыю» («Żadne prawo nie może wymazać historii») і іншыя, паведамляе Onet.pl. Таксама яны атачылі аўтамабіль аднаго з дыпламатаў з крыкамі «Ніхто не забудзе, што вы зрабілі». Некаторым удалося прарвацца ў сам будынак, але ахова іх выправадзіла.
Пікетоўцы таксама нагадалі пра палякаў, якія дапамагалі нацыстам здзекавацца над іх суайчыннікамі і забіваць іх.
Польшча лічыць, што папраўкі ў закон патрэбныя для абароны рэпутацыі ахвяр нацысцкай агрэсіі. Па меркаванню Ізраіля, закон забароніць праўдзівыя выказванні пра ролю некаторых палякаў у нацысцкіх злачынствах. Польскай ініцыятывай абураныя і ва Украіне: нацыяналісты пікетавалі польскія дыппрадстаўніцтва 5 лютага.
Гэтую папраўку Сейм прыняў 26 студзеня, а 1 лютага яе падтрымаў Сенат. Зараз чакаецца падпісанне прэзідэнтам. Анджэй Дуда ужо заявіў пра сваю гатоўнасць.
Паводле naviny.by