EUObserver: ЕС варта рыхтавацца да ўспышкі вайны ў Беларусі

Вядома, падзеі ў Беларусі маюць усе шанцы пайсці па адным з мірных сцэнароў, але Еўропе лепш быць гатовай да горшага.

img_3154_logo_1.jpg


З 1989 года ў Еўропе ішлі працэсы дэмакратызацыі, развіцця свабоды і росквіту. Аднак, відавочныя выключэння ўсё ж існуюць. З 1994 года Лукашэнка трымаў Беларусь у сваёй моцнай хватцы.

Са жніўня і пасля чарговых нелегітымных выбараў у краіне ўспыхнулі масавыя прадэмакратычныя пратэсты, якія працягваюцца дагэтуль. Так ці інакш, супраціў беларусаў, а таксама іх сіла і рашучасць — гэта пачатак канца «апошняга дыктатара ў Еўропе». Пра гэта на старонках EUObserver піша дэпутат Еўрапарламента са Швецыі Томас Тобе.

На яго думку, Еўрасаюз абавязаны падтрымліваць дэмакратычны рух у Беларусі. Да гэтага часу рэакцыя арганізацыі была досыць збалансаванай. Аднак, былі і прыкметы нерашучасці, а таксама адсутнасці хуткасці. Пасля павольнага старту, які праліў святло на неабходнасць перазапуску абмеркавання рэформы працэсу прыняцця рашэнняў у ЕС па знешняй палітыкі, Еўрапейскі савет нарэшце ўхваліў санкцыі супраць Мінска.

З пазіцыі Еўрапарламента, увага ў асноўным была засяроджаная на барацьбе беларускай апазіцыі і на яе патрэбы ў падтрымцы.

«Як швед і старшыня Камітэта Еўрапарламента па пытаннях развіцця, я рады, што Швецыя стала адной з краін ЕС, якія спынілі падтрымліваць некалькі праектаў у Беларусі, звязаныя з рэжымам. Аднак, розныя падыходы розных краін-удзельніц ЕС зноў паказвае на патрэба ў больш паслядоўным палітычным адказе па гэтым пытанні», — піша аўтар.

Еўрасаюз — найбуйнейшы донар дапамогі ў свеце. І менавіта таму ў яго ёсць магчымасць выкарыстоўваць сваю палітыку развіцця як спосаб ціснуць на рэжымы. Разам з тым, падтрымліваючы дэмакратычную змену рэжыму ў Беларусі, ЕС павінен таксама рыхтавацца да таго, што можа адбыцца, калі Лукашэнка страціць уладу.

«Я спадзяюся, што змена ўлады адбудзецца мірным шляхам. Аднак, на кон пастаўлена вельмі многае. Менавіта таму вельмі важна, каб ЕС не дзейнічаў наіўна. Яму варта спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага. Памятаючы пра арабскую вясну, ЕС павінен быць гатовым дзейнічаць, калі падзеі ў Беларусі нечакана разгорнуцца ў няправільным кірунку», — мяркуе аўтар.

Напрыклад, наўрад ці Крэмль не будзе ўмешвацца ў працэс змены ўлады ў Беларусі, калі такі пачнецца. Усім добра вядома, што Пуцін глыбока незадаволены Лукашэнкам. Але вельмі малаверагодна, што расійскі кіраўнік змірыцца з дэмакратычнай рэвалюцыяй у суседняй краіне.

Больш верагодна тое, што Масква паспрабуе ціхімі метадамі паклапаціцца, каб рэжым у Мінску застаўся лаяльным да Расіі. Такое ўжо здаралася ў мінулым і можа адбыцца зноў.

«Падобна да расійскай агрэсіі на ўсходзе Украіны, горшым сцэнаром стане з’яўленне “зялёных чалавечкаў” на вуліцах Мінска, якія возьмуць пад кантроль ключавыя дзяржаўныя функцыі», — лічыць шведскі еўрадэпутат.

picturepicture_8611063484710_81855.jpg


Аднак, са з’яўленнем новай адміністрацыі ў Вашынгтоне міжнародная супольнасць спадзяецца, што ЗША зноў возьмуць на сябе адказнасць за прасоўванне свабоды і дэмакратыі ў свеце. Гэта азначае, што ў лепшым выпадку, прэзідэнт Джо Байдэн падасць ранні прыклад, абараніўшы апазіцыю ў Беларусі ад расійскага ўмяшання і агрэсіі.

Якім бы ні была будучыня, ЕС, цалкам магчыма, не будзе гуляць ключавую ролю ў сферы ваеннай бяспекі ў Беларусі. Аднак гэта не абавязкова дрэнна. Сілы ЗША і NATO могуць дзейнічаць як фактар стрымлівання Расіі, пакуль ЕС будзе выкарыстоўваць свае эканамічныя мускулы, каб паклапаціцца, што падзеі развіваюцца ў правільным кірунку.

Патэнцыйна адным з падыходаў для ЕС могуць быць стасункі са свабоднай Беларуссю гэтак жа, як Заходняя Германія паводзіла сябе з камуністычнай ГДР у часы аб’яднання. У прыватнасці, гаворка ідзе аб інвеставанні значных палітычных і эканамічных рэсурсаў, каб дапамагчы Беларусі ўстаць на ногі.

Мірныя і надзвычай мужныя дэмакратычныя пратэсты дагэтуль сутыкаюцца з гвалтам і парушэннямі на вуліцах Мінска. Лукашэнка ўсё яшчэ трымаецца за ўладу, нягледзячы на нястомныя намаганні апазіцыі. Хоць жнівень 2020-га ўвойдзе ў гісторыю як пачатак канца для рэжыму Лукашэнкі, давядзецца яшчэ шмат зрабіць, перш чым «апошні дыктатар Еўропы» падзе.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ