Эрдаган перамагае на выбарах у Турцыі
«Пераможцам гэтых выбараў стаў увесь турэцкі народ», — заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган пасля сённяшняй меркаванай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах з 52% галасоў у другім туры супраць кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі Кемаля Кылычдараглу.
Вышэйшая выбарчая камісія пакуль не абвясціла канчатковыя вынікі, але, паводле апошніх звестак, Рэджэп Таіп Эрдаган набірае каля 53% галасоў. Такія лічбы былі агучаныя пасля ўскрыцця 75% скрыняў для галасавання. Ягоны супернік Кемаль Кылычдараглу набраў 47,9% галасоў. Такім чынам, Эрдаган замацоўвае за сабой уладу яшчэ на 5 гадоў, да 2028 года.
У другім туры выбараў прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі за галасы выбаршчыкаў змагаліся дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Таіп Эрдаган, які мае імідж папуліста-клерыкала, і кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі кемаліст Кемаль Кылычдараглу.
У першым туры ніводны з кандыдатаў не змог набраць неабходныя для перамогі 50% галасоў. За дзейнага прэзідэнта прагаласавалі 49,35% выбаршчыкаў, за апазіцыянера — 45%.
Эрдаган выступіў перад сваімі прыхільнікамі яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў, заявіўшы, што народ Турцыі на найбліжэйшыя пяць гадоў перадаў адказнасць за кіраванне краінай яму і ягонай адміністрацыі.
Ён таксама назваў вынікі выбараў святам дэмакратыі і заявіў, што «пераможцам гэтых выбараў стаў увесь турэцкі народ».
Прыхільнікі Эрдагана выйшлі на вуліцы, размахваючы сцягамі Турцыі і партыі Эрдагана ПСР.
Лідары некаторых краін паспяшаліся павіншаваць Эрдагана з перамогай на выбарах яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў. Сярод тых, хто павіншаваў загадзя — прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў і эмір Катара.
Рэджэп Эрдаган кіруе краінай — як прэм'ер-міністр ці прэзідэнт — ужо больш за 20 гадоў.