Дональда Туска на радзіме можа чакаць Дзяржтрыбунал

Каб прыняць у Сейме рашэнне аб судзе над Тускам Дзяржтрыбуналам, патрэбныя 3/5 галасоў дэпутатаў Сейма.



po_piatkowych_zamieszkach_premier_chce_zmienic_prawo.jpg

Фота: www.europedirect-wroclaw.pl

Пасля заканчэння працы на пасадзе старшыні Еўрапейскай рады Дональд Туск можа чакаць суд на радзіме.

Кіроўная партыя "Права і Справядлівасць" збіраецца паставіць экс-прэм’ера Польшчы перад Дзяржтрыбуналам — паведамляе “Super Express” са спасылкай на міністра Канцылярыі прэм’ера Адама Ліпінскага, паплечніка Яраслава Качыньскага.

А. Ліпіньскі: "На ягоным сумленні вельмі шмат. Ён аддаў смаленскае следства расейцам, нядбайнасці пры выясненні катастрофы, рэшткі самалёта, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Расіі. Гэта была б сімбалічная перамога ПіС".

Ужо раней Яраслаў Качыньскі даваў зразумець, што хоча асудзіць Туска. У красавіку 2012 года ён заявіў:  “Усё, што адбылося перад катастрофай, гэта ваша віна. Гэта вынік вашай палітыкі, спадар Туск. У палітычным сэнсе вы на 100% адказны за гэту катастрофу ў Смаленску".

Каб прыняць у Сэйме рашэнне аб судзе над Тускам, патрэбныя 3/5 галасоў, то бок 276 дэпутатаў. У ПіС іх 234, але магчымая падтрымка з боку групоўкі Паўла Кукіза, куды ўваходзіць 41 дэпутат.

Трыбунал можа прысудзіць дзяржаўных чыноўнікаў да страты выбарчага права і забароны займаць кіраўнічыя пасады.