Брытанія выходзіць — Грузія ўваходзіць?
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што «Brexit дае шанц для Грузіі атрымаць сяброўства ў ЕС».
Тбілісі, паводле яе словаў, павінен «скарыстацца магчымасцю, якую дае выхад Вялікабрытаніі з ЕС, і высунуць свае аргументы на карысць уваходжання ў яго склад».
Логіка грузінскага гаранта наступная: «З краінай, якая няўхільна імкнецца ў Еўропу і хоча ўвайсці ў яе склад, не павінны абыходзіцца горш, чым з краінай, якая ўвесь час аддаляецца ад Еўропы». Пры гэтым прэзідэнт Грузіі нагадала, што летам у Батумі адбудзецца канферэнцыя лідараў ЕС, якая можа дапамагчы краіне ў гэтым імкненні.
Ініцыятыва Зурабішвілі ўяўляе цікавасць у тым ліку таму, што Грузія — не першая краіна, якая збіраецца па апісанай вышэй формуле заскочыць у ЕС. Раней з такой ініцыятывай выступілі ў Вярхоўнай Радзе Украіны, прапанаваўшы ЕС «згуляць на апярэджанне», замяніўшы Вялікабрытанію Украінай. А яшчэ раней падобныя развагі гучалі ў Турцыі, якая, у адрозненне ад Грузіі і Украіны, мае шматгадовы вопыт узаемадзеяння з ЕС.
Зрэшты, эксперты згаджаюцца, што лепшыя шанцы сярод гэтай тройкі сапраўды ў Грузіі — маленькай і хрысціянскай краіны. З іншага боку, сумнеўна, што ЕС будзе пашырацца на Усход, пакуль не інтэгруе ў свой склад балканскія краіны.
Варта таксама ўзгадаць, што днямі тая ж Зурабішвілі заявіла, што 64 працэнты мяжы Грузіі з Азербайджанам не вызначаныя. Наўрад ці без заканчэння гэтага працэсу можна разлічваць на сур’ёзную размову з Бруселем.
Паводле грузінскай прэсы