Балгарыя і Польшча будуць атрымліваць газ ад суседзяў па Еўрасаюзе
Фінляндыя таксама адмовілася плаціць Расіі ў рублях, піша Свабода.
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Польшча і Балгарыя атрымліваюць газ ад сваіх суседзяў па ЕС.
Ад сёння расійскі «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Польшчу і Балгарыю, якія не пагадзіліся на выстаўленыя расійскім бокам новыя ўмовы аплаты.
Урсула фон дэр Ляен назвала гэта «чарговай правакацыяй з боку Крамля» і абвінаваціла Маскву ў выкарыстанні газу для «шантажу» ЕС.
«Гэта тое, да чаго рыхтавалася Еўрапейская камісія ў цеснай каардынацыі і салідарнасці з дзяржавамі-сябрамі і міжнароднымі партнёрамі, — цытуе кіраўніцу Еўракамісіі Reform.by. — Наш адказ будзе неадкладным, адзіным і скаардынаваным. Па-першае, мы забяспечым, каб рашэнне „Газпрома“ аказала як мага меншы ўплыў на еўрапейскіх спажыўцоў. Сёння дзяржавы-чальцы сустрэліся ў Каардынацыйнай групе па газе. Польшча і Балгарыя праінфармавалі нас аб сітуацыі. І Польшча, і Балгарыя зараз атрымліваюць газ ад сваіх суседзяў па ЕС», — заявіла фон дэр Ляен.
Таксама яна адзначыла неабходнасьць надзейных энергетычных партнёраў, паабяцаўшы канец эры расійскага выкапнёвага паліва ў Еўропе, абавязалася забяспечыць план на сярэднетэрміновую перспектыву для дастатковых паставак і захоўвання газу і выказала надзею на інвестыцыі ў «зялёны пераход».
«Кожнае еўра, якое мы інвестуем у аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць, — гэта першы ўнёсак у нашу будучую энергетычную незалежнасць», — заявіла яна.
Міністарка Фінляндыі ў справах ЕС Ціці Тупурайнэн сёння паведаміла, што Фінляндыя не будзе аплочваць расійскі газ у расійскіх рублях, і ацаніла патрабаванне Масквы як шантаж — «частку геапалітычных намаганняў Расіі».
У канцы сакавіка прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што падпісаў указ, паводле якога так званыя варожыя краіны павінны плаціць за расійскі газ выключна ў расійскіх рублях. Большасць краін Еўрасаюза не пагадзіліся на гэты дыктат.