Балгарыя — за электронную дэмакратыю

На рэферэндуме балгары прагаласавалі за ўвядзенне ў краіне інтэрнэт-галасавання. Гэтым ініцыятары рэферэндуму спадзяюцца надаць балгарскай дэмакратыі новае дыханне. 



bckmcgi2_1_.png

Рэферэндум праходзіў адначасова з мясцовымі выбарамі, і таму яўка была дастаткова высокая. З тых, хто прыйшоў на ўчасткі, прыблізна 1,7 мільёна падтрымалі ідэю інтэрнэт-галасавання, або так званы I-Voting. Супраць прагаласавала 24 працэнты.

Гэта не значыць, што ў Балгарыі так шмат праціўнікаў інавацый. Хутчэй, кажучы «не», яны жадалі паказалі дулю ўрадавай партыі ГЕРБ, чыё кіраўніцтва падтрымала ў свой час незвычайную рэформу выбарчага кодэксу. Дарэчы, партыі урадавай кааліцыі — кансерватыўны ГЕРБ і правы «Рэфармісцкі блок» — у выніку перамаглі на выбарах.

Хаця партыі-пераможцы абяцаюць выбаршчыкам вялікія перамены, большасць каментатараў звязваюць надзею на лепшае не з палітыкамі, а менавіта з сістэмай I-Voting. Балгарская дэмакратыя перажывае не самыя лепшыя часы. Энтузіязм 1990-х гадоў саступіў месца татальнай фрустрацыі. Людзі расчараваныя ў дэмакратыі праз засілле алігархаў і палітычную карупцыю. Калі даць хабар выбарчай камісіі нельга, у ход ідуць брудныя выбарчыя тэхналогіі. Паводле тутэйшых газет, у Балгарыі напрацаваны цэлы вагон прыёмаў для атрымання патрэбнага электаральнага выніку. Самым экзатычным метадам падаецца штучнае стварэнне на тэрыторыі выбарчай акругі нейкай праблемы, напрыклад, экалагічнай. Пасля ў прысутнасці тэлекамер на дапамогу людзям у вырашэнні праблемы прыходзіць кандыдат-палітык, які сам гэтую праблему і замовіў.

Не выпадкова колькасць аматараў хадзіць да выбарчых скрыняў у Балгарыі стабільна скарачаецца. Адначасова грамадскі пратэст усё часцей набывае фармат радыкальных вулічных акцый, як гэта было ў 2013–2014 гадах. Тады, пратэстуючы супраць новых коштаў на газ, балгары нават публічна палілі самі сябе.

Такі трэнд каталізаваў дэбаты пра інстытуцыйныя рэформы. Пасля шматлікіх канферэнцый, ток-шоў і вывучэння замежнага вопыту, выйсце вырашылі шукаць у павялічэнні магчымасцяў кантролю з боку грамадзян. У студзені 2014-га парламент пачаў разглядаць канкрэтныя законапраекты. Прапаноў было шмат, аднак у выніку перамагла ідэя ўвесці I-Voting.

Важны аспект на карысць I-Voting звязаны з вялікімі маштабамі працоўнай эміграцыі з Балгарыі. Нагадаем, што сёння 2 з 7,2 мільёна балгар жывуць за яе межамі, што складае 20 працэнтаў электарату. Пры гэтым, як сведчыць статыстыка, толькі 10 працэнтаў балгар у замежжы ходзяць у пасольствы ў дзень выбараў на радзіме, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак. За кошт інтэрнэта, на думку лабістаў I-Voting, балгары-гастарбайтэры маглі б удзельнічаць у палітычным працэсе.

Але сацыялістычны ўрад, які знаходзіўся тады пры ўладзе, заблакаваў праект. Зялёнае святло яму дала правая кааліцыя пад кіраўніцтвам Бойкі Барысава, якая перамагла на выбарах восенню 2014-га. У ліпені 2015-га ўсе супярэчнасці наконт закону пра I-Voting унутры кіруючай кааліцыі былі ўзгодненыя, і яго праз адпаведнае галасаванне адправілі на кастрычніцкі рэферэндум. Такім чынам, Балгарыя стала трэцяй краінай у свеце, дзе ў выбарчым заканадаўстве прысутнічае такая норма, як «электроннае галасаванне». Раней падобныя законы былі прынятыя ў Эстоніі і Швейцарыі.

Не паспелі ініцыятары закону адзначыць перамогу, як усё гучней сталі галасы песімістаў. Іх галоўныя аргументы тычацца палажэння канстытуцыі, што гарантуе балгарам права на таемнае галасаванне. Галасаваць праз электронныя лісты ананімна не атрымаецца, а значыць, палітычная сіла, якая прайграла выбары, атрымлівае аргумент, каб аспрэчыць афіцыйныя вынікі праз суд. Менавіта таму ў 2011 годзе сафійскі суд забараніў пілотны праект I-Voting, які спрабавалі арганізаваць на адной са сталічных акругаў. У дадатак магчымасць кантраляваць змест электроннага выбарчага бюлетэня адчыняе новыя гарызонты для подкупу выбарцаў.

Акрамя таго на Балканах праз невялікія заробкі і распаўсю­джаны крымінал знайсці групу кампутаршчыкаў, гатовую атакаваць сайт балгарскага ЦВК, будзе не вельмі цяжка. Крытыкі галасавання праз інтэрнэт спасылаюцца таксама на той факт, што балгарская кампутарная сфера славутая сваімі хакерамі і аўтарамі кампутарных вірусаў. Самы іранічны контраргумент прапанавалі мясцовыя гумарысты. Па іх словах, краіна даўно ўжо не бачыла проста нармальных выбараў. Можа, паспрабаваць для пачатку правесці хаця б адно нармальнае празрыстае галасаванне без карупцыі і подкупаў, а пасля займацца тэхнічна складанымі мерапрыемствамі.

Адзін з самых незвычайных аргументаў супраць новага заканадаўства прапанавалі культуролагі. На іх думку, за гады масавай міграцыі балгар за мяжу там склалася камуна з абсалютна іншымі каштоўнасцямі і забабонамі, чым у Балгарыі. Іх уплыў на палітычны працэс на радзіме праз сістэму I-Voting можа мець самыя непрадказальныя наступствы. Напрыклад, балгарам-эмігрантам можа быць абсалютна не цікавы стан сацыяльнай абароненасці ў Балгарыі або нейкія інфраструктурныя праекты. У перспектыве гэта можа правесці не да адзінства балгараў, а, наадварот, да канфлікту.

Нарэшце, некаторыя палітолагі лічаць, што балгары вельмі хутка расчаруюцца ў лічбавай дэмакратыі. Так ці інакш, дэпутаты, якія будуць абірацца таксама праз інтэрнэт, трапляючы ў парламент, становяцца практычна аўтаномнымі ад выбаршчыкаў. У гэтым плане будзе набіраць папулярнасць такі метад ціску на ўладу, як масавыя вулічныя акцыі. Практыка сведчыць, што гэта цяпер больш эфектыўны сродак прымусіць палітыкаў слухаць людзей.

Што атрымаецца на самай справе з электронным галасаваннем у Балгарыі, мы даведаемся прыкладна праз тры гады. Раней запусціць электронную дэмакратыю папросту тэхнічна не атрымаецца.