Амністыя для палітвязняў па-іспанску. Дасье ў карыкатурах

Іспанскі ўрад збіраецца амніставаць каля 300 каталонскіх сепаратыстаў. Апазіцыя лічыць, што амністыя запусціць працэс развалу краіны.

Усё пачалося гэтым летам, калі лідар сацыялістаў Пэдра Санчэс быў зацверджаны на пасаду прэм'ер-міністра Кангрэсам дэпутатаў (ніжняй палатай парламента). Паколькі сацыялісты большасці не маюць, Санчэсу прыйшлося шукаць партнёраў. Імі сталі невялікія фракцыі баскскіх і каталонскіх нацыяналістаў, з кожнай з якіх прыйшлося дамаўляцца асобна. Мастак газеты La gazeta метафарычна пабачыў гэта так.

1_855.jpg

Самай складанай аказалася здзелка з партыяй «Разам за Каталонію» (JxCat), якую кантралюе Карлес Пучдэман. Яшчэ 30 кастрычніка 2017 года генеральны пракурор Іспаніі прад'явіў абвінавачанне ў мяцяжы і карупцыі Пучдэману і 13 вышэйшым службовым асобам Каталоніі за арганізацыю рэферэндуму аб незалежнасці краю. У гэты момант Пучдэман ужо знаходзіўся ў Бруселі, дзе звярнуўся да бельгійскіх уладаў з просьбай аб прадастаўленні палітычнага прытулку. Прытулку ён не атрымаў, але ніхто яго не чапае, дазваляючы змагацца за каталонскую незалежнасць з-за мяжы. У сілу нейкіх прычын у Бельгіі каталонец пасяліўся ў вядомым мястэчку Ватэрлоа. Нядзіўна, што мастакі любяць маляваць каталонскага «беглага» як Напалеона.

2_775.jpg

Як толькі пачаліся перамовы, Пучдэман запатрабаваў ад Санчэса амністыі для паплечнікаў, прыцягнутых да адказнасці за дзеянні, звязаныя са спробай абвяшчэння незалежнасці Каталоніі ў 2017 годзе. Спробы Санчэса адысці ад пытання не былі ўдалымі. На гэтым малюнку Пучдэман прымушае Санчэса бясконцую колькасць разоў пісаць слова «амністыя».

3_686.jpg

У выніку Пучдэман свайго дамогся. 13 лістапада ў Кангрэс дэпутатаў быў унесены законапраект, які прадугледжвае зняцце крымінальнай, адміністрацыйнай і нават бухгалтарскай адказнасці з усіх каталонскіх дзеячаў, якія былі асуджаныя за ўдзел у сепаратысцкім руху. Ён закране больш за 300 прыхільнікаў незалежнасці Каталоніі, якія ўцяклі з Іспаніі ў 2017-м, або знаходзяцца ў турмах. Страціць сілу ордар на арышт Пучдэмана, спыняцца ўсе справы ў дачыненні да каталонскіх сепаратыстаў.

Глядзіце таксама

Такі радыкальны варыянт амністыі выглядае для некаторых юрыстаў дастаткова спрэчным з пункту гледжання Феміды. На гэтым малюнку выдання El Espaniol Санчэс і Пучдэман разбураюць будынак Канстытуцыйнага суда. 


386471262_251578161268925_8138778403642349800_n.jpg


Законапраект выклікаў вострую крытыку з боку правых палітычных сіл і справакаваў шматлікія акцыі пратэсту па ўсёй краіне. Напярэдадні Дня Канстытуцыі 6 снежня каля 15 тыс. чалавек сабралася ў Мадрыдзе на мітынг супраць амністыі, які арганізавала апазіцыйная кансерватыўная Народная партыя. Апазіцыйныя медыі прадстаўляюць супраціў амністыі і яе лабістам як мужны акт.

5_590.jpg

Больш за ўсё правыя спекулююць на тым, што ў пагадненні паміж Санчэсам і Пучдэманам быццам ёсць згадка пра будучы рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі. Як вынік мастакі правых СМІ лічаць, што згода з нацыяналістамі і амністыя дасць зялёнае святло на шляху да стварэння незалежнай Каталоніі. Тэматычны малюнак выдання Cartoon Movement. 

6_440.jpg

З іншага боку, Санчэс жа не пацвердзіў, што згодны даць каталонцам права на рэферэндум. Так ці інакш, незразумела, што прапануе правая апазіцыя. Будучы пры ўладзе ў 2017-м кансерватары спрабавалі вырашыць каталонскую праблему з пазіцыі сілы. Гэты шлях аказаўся тупіковым. Ён хутчэй прывёў да дыскрэдытацыі цэнтру і ўзмацнення нацыяналістычных настрояў у Каталоніі. 

Санчэс прытрымліваецца прынцыпова іншай пазіцыі. Ён лічыць, што трэба ісці на разумныя саступкі і, такім чынам, паступова весці справу да федэралізацыі краіны. 

Зрэшты, для федэралізацыі ёсць яшчэ адна перашкода ў выглядзе Еўрапейскага саюза. Кіраўнікі ЕС баяцца, што саступкі каталонцам натхняць іншыя малыя народы Еўропы змагацца за сваю дзяржаўнасць. Магчыма, таму ў 2017-м Брусель пасіўна назіраў за хапуном каталонскіх нацыяналістаў. Тагачасны малюнак на гэтую тэму ніжэй. Пабачым, як будзе цяпер.

7_316.jpg