Аляксей Навальны ў турме абвясціў галадоўку
Ён патрабуе забяспечыць яму належнае медычнае абслугоўванне.
Пра гэта напісана ў Інстаграме палітыка.
«Чаму зняволеныя аб’яўляюць галадоўкі? Гэтае пытанне турбуе толькі тых, хто зняволеным не быў. Гэта звонку ўсё выглядае складаным. А знутры усё проста: а няма ў цябе іншых метадаў барацьбы, вось і аб’яўляеш. Ха-ха-ха.
Дакладней, парачка яшчэ ёсць, але іх лепш зберагчы.
Хто ляжыць у робе, лысы, у акулярах на ложку з Бібліяй у руках? Гэта я.
З Бібліяй, таму што гэта адзіная кніга, якую я змог атрымаць за тры тыдні. А на ложку (суперскандальнае парушэнне правілаў) — таму што абвясціў галадоўку.
Ну а што рабіць?
Я маю права запрасіць лекара і атрымаць лекі. Ні таго, ні другога мне тупа не даюць. Боль у спіне перайшла ў нагу. Участкі правай, а цяпер і левай ногі страцілі адчувальнасць. Жарты жартамі, але гэта ўжо напружвае.
А замест медыцынскай дапамогі ў мяне катаванне пазбаўленнем сну (будзяць 8 разоў за ноч), і адміністрацыя, якая падгаворвае зэкаў-актывістаў (aka "казлы") запалохваць шараговых зэкаў, каб тыя не прыбіраліся вакол майго ложка. Тыя так і кажуць: "Лёша, прабач, але мы тупа баімся. Гэта ж Уладзімірская вобласць. Жыццё зэка каштуе менш за пачак цыгарэт”.
Ну вось і чаго рабіць? Я абвясціў галадоўку з патрабаваннем выканаць закон і пусціць да мяне запрошанага лекара. Так што ляжу галодны, але пакуль з двума нагамі.
І вы таксама не хварэйце», — напісана ў Інстаграме Навальнага.
Нагадаем, Аляксей Навальны знаходзіцца ў папраўчай калоніі №2 у Пакрове Уладзімірскай вобласці, дзе ён адбывае тэрмін па справе «Іў Рашэ». Сіманаўскі раённы суд 2 лютага замяніў умоўны тэрмін Навальнаму на рэальны па скарзе ФСВП. Ведамства палічыла, што палітык, які лячыўся ў Германіі ад наступстваў атручвання «Навічком», парушыў абавязацельствы ўмоўна асуджанага, бо не адзначаўся ў інспекцыі. Абарона настойвала, што ФСВП ведала пра лячэнне Навальнага.
ФСВП абвінаваціла Навальнага ў парушэннях у апошні дзень выпрабавальнага тэрміну. Нягледзячы на гэта, менш чым праз месяц палітык вярнуўся з Германіі у Расію. Ён быў затрыманы ў аэрапорце Шарамеццева на праходжанні пашпартнага кантролю.