У Францыі затрымалі ўраджэнца Чачні, які падазраецца ў падрыхтоўцы тэракту падчас Алімпіяды

«Актыўна рыхтаваўся» да нападу, прадыктаванага «ісламісцкай ідэалогіяй».

Ілюстрацыйны здымак. AP PHOTO

Ілюстрацыйны здымак. AP PHOTO

Галоўнае ўпраўленне ўнутранай бяспекі МУС Францыі 22 мая затрымала 18-гадовага ўраджэнца Чачні, якога падазраюць у падрыхтоўцы тэракту на стадыёне «Жофруа Гішар» у Сэнт-Эцьене падчас летніх Алімпійскіх гульняў, паведамляецца ў рэлізе ведамства.

Імя затрыманага і іншыя падрабязнасці ў МУС не прыводзяць, удакладняючы толькі, што падазраваны «актыўна рыхтаваўся» да нападу, прадыктаванага «ісламісцкай ідэалогіяй».

Яго мэтай павінны былі стаць гледачы і паліцыянты на стадыёне падчас футбольнага матчу.

Таксама ў заяве гаворыцца, што падазроны хацеў здзейсніць напад на алімпійскія мерапрыемствы, «каб памерці і стаць пакутнікам».

Маладога чалавека затрымалі дома, але перад гэтым ён ужо правёў разведку, піша тэлеканал BFMTV са спасылкай на крыніцу, блізкую да следства.

Па дадзеных тэлеканала, пры ператрусе ў яго на кампутары знайшлі фота і відэа стадыёна ў Сэнт-Эцьене. Сам ён адмаўляў правядзенне разведкі і падрыхтоўку нападу, сцвярджаючы, што ён займаўся распазнаннем зашыфраваных паведамленняў у мэсэнджэрах.

26 траўня затрыманаму прад'явілі абвінавачанне як кіраўніку злачыннай тэрарыстычнай супольнасці, паведамілі BFMTV у Нацыянальнай антытэрарыстычнай пракуратуры.

Яго адправілі пад варту. Па інфармацыі тэлеканала, у Францыю ён прыехаў з бацькамі ў 2023 годзе.

Глядзіце таксама

Францыя знаходзіцца ў стане павышанай гатоўнасці напярэдадні Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Парыжы, якія, як чакаецца, збяруць мільёны наведвальнікаў  сёлета з 26 ліпеня па 11 жніўня. 

Жэральд Дарманен, міністр унутраных спраў краіны, заявіў, што існуе мноства патэнцыйных пагроз, у тым ліку з боку ісламскіх экстрэмісцкіх груп, агрэсіўных экалагічных актывістаў, скрайне правых груп і кібератак з боку Расіі.

«Бяспека з'яўляецца найвышэйшым прыярытэтам Парыжа 2024 года. Мы штодня працуем у цеснай каардынацыі з Міністэрствам унутраных спраў і ўсімі зацікаўленымі бакамі — і працягнем быць цалкам мабілізаванымі», — гаворыцца ў заяве Аргкамітэта Парыжскай Алімпіяды.

Засцярогі наконт бяспекі асабліва высокія ў сувязі з цырымоніяй адкрыцця, падчас якой французскую сталіцу наведаюць больш за 100 сусветных лідэраў.