Спартовец-ябацька ўцёк з Беларусі ў Амерыку. Мінспорта патрабавала ад яго 40 тысяч долараў

Дзіўныя прыгоды батуціста Уладзіслава Ганчарова, які ў 2020 годзе падпісаў ліст праўладных спартоўцаў, а цяпер з'ехаў з радзімы ў ненавісныя лукашэнкаўскім рэжымам Злучаныя Штаты.

Фота reuters

Фота reuters

Алімпійскі чэмпіён 2016 года ў скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў будзе выступаць у самым знакамітым цырку свету. Пра гэта паведамляе «Прэсбол».

Выданне адзначае, што першы ў гісторыі Беларусі алімпійскі чэмпіён у скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў вырашыў кардынальна памяняць кар'еру. 27-гадовы спартсмен прыняў прапанову знакамітага канадскага цырка Cirque du Soleil і напісаў заяву аб звальненні з нацыянальнай зборнай.

Паводле крыніц «Прэсбола», вядомы спартсмен стаміўся чакаць сур'ёзных міжнародных стартаў, а таксама відавочна не задаволены роляй другога нумара каманды пасля Івана Літвіновіча. Немалаважным фактарам сталі і фінансы, удакладняе спартыўнае медыя. Пры гэтым сцвярджаецца, што ўслед за мужам гэтым жа маршрутам збіраецца пакінуць Беларусь і яго жонка, таксама батутыстка Ганна Ганчарова.

Вядома, што ў 2020 годзе пасля фасільфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і падчас масавых пратэстаў Ганчароў падпісаў ліст праўладных спартсменаў, тым самым фактычна падтрымаўшы і тагачасны гвалт сілавікоў, і наступныя татальныя палітычныя рэпрэсіі.

Пасля пачатку вайны беларускі спорт апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі. Зараз, паводле рэкамендацыі МАК, з некаторых відаў спорту санкцыі здымаюцца, але нядаўна стала вядома, што Міжнародная федэрацыя гімнастыкі не будзе дапускаць беларусаў і расійцаў да спаборніцтваў. Якраз пад эгідай гэтай арганізацыі і выступаюць скакуны на батуце.

Тым часам беларускі гімнаст Сямён Букін у інтэрв'ю ютуб-каналу «Ч*стнОК» распавёў пра тое, у якіх абставінах алімпійскі чэмпіён і падпісант прарэжымнага ліста спартсменаў Уладзіслаў Ганчароў пакінуў Беларусь.

Нагадаем, Сямён Букін у 2020 годзе падтрымаў пратэсты, браў у іх удзел, за што патрапіў пад пераслед і вымушана з'ехаў з Беларусі. Зараз ён працуе менавіта ў цырку Cirque du Soleil.

«Я цяпер размаўляў з хлопцам. Ён батутыст. Таксама ў нас працуе. Ён у сваю чаргу размаўляў з хлопцам, які цяпер з Уладам [Ганчаровым] працуе. Улад казаў, што калі ён звальняўся з Міністэрства спорту... Я паўтаруся, гэта могуць быць такія чуткі праз аднаго-другога чалавека... Але паводле гэтай інфармацыі, калі ён звальняўся, яму сказалі, што трэба выплаціць нейкую суму грошай. І гэтая сума, з ягоных слоў, была блізу 4 тысяч долараў, — цытуе Сямёна Букіна «Тр*буна». — 

Ён пагадзіўся. Пайшоў выплачваць гэтую суму, а яму кажуць: «40 тысяч долараў». Чым гэта скончылася, я не ведаю. Ён сказаў, што ён проста ўцякаў з гэтай Беларусі, па словах Улада. І цяпер ён працуе дзесьці месяц у Вегасе ў шоў «Майкл Джэксан» (адно з шоу Cirque du Soleil)».

Таксама ў 2020 годзе Ганчароў удзельнічаў у некаторых мерапрыемствах у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Адно з іх уяўляла сабой мотапрабег байкераў-ябацек і праходзіла з удзелам Віктара Лукашэнкі.

Сам Ганчароў пакуль не каментаваў свой ад'езд з Беларусі.