«Гэтая краіна належыць народу». Зорныя грузінскія спартсмены падтрымалі пратэстоўцаў
У Грузіі трываюць пратэсты, і ўсё большая колькасць публічных людзей выступае ў іх падтрымку. Дайшла чарга і да спартсменаў.
Футбаліст зборнай Грузіі Хвіча Кварацхелія называе відэа, якія распаўсюджваюцца ў сацсетках, «балючымі і эмацыйнымі», піша грузінская служба «Радыё Свабода».
«Мне балюча за маю краіну, мне балюча за мой народ. Глядзець на гэтыя відэа, якія распаўсюджваюцца, балюча і эмацыйна. Спыніце гвалт і агрэсію! Грузія заслугоўвае Еўропу сёння так, як ніколі раней!» — піша Кварацхелія.
Футбаліст, які прадстаўляе італьянскі клуб «Напалі», называе еўрапейскі курс Грузіі «гістарычным выбарам».
«Жаданне і воля грузінскага народа — ісці еўрапейскім шляхам. Гэта наш гістарычны выбар, адзіна правільны выбар, і не дапушчальна адхіляцца ад гэтага шляху. Гэтая краіна належыць народу, і ніхто не стаіць вышэй волі народа», — дадаў ён.
«Сорамна!» — напісаў у Instagram брамнік нацыянальнай зборнай Грузіі і іспанскай «Валенсіі» Георгій Мамардашвілі і прыклаў відэа, на якім відаць, як паліцэйскі б’е нагой пратэстоўца, які ўпаў.
Футбаліст грузінскай зборнай Георгій Качарашвілі апублікаваў сторыс у Instagram у падтрымку пратэстоўцаў.
«Грузія заслугоўвае адзінства і справядлівасці. Балюча глядзець, як пакутуе наш народ. Наш голас і дзеянні павінны быць накіраваныя на лепшую будучыню краіны», — падпісаў спартсмен кадры прамога эфіру з акцыі пратэсту.
Футбаліст зборнай Грузіі Буду Зіўзівадзэ асудзіў празмерную сілу, ужытую сілавікамі супраць удзельнікаў пратэсту ў Тбілісі. У сацыяльнай сетцы спартсмен напісаў: «Я заўсёды стаяў і буду стаяць побач з Грузіяй і грузінскім народам, якія змагаюцца за лепшую будучыню Грузіі. Я асуджаю гвалт, немагчыма глядзець на тое, што адбываецца сёння ў Грузіі. Грузія заслугоўвае таго, каб быць адзінай і часткай Еўропы. Маё меркаванне ніколі не змянялася, месца Грузіі ў Еўропе», — піша ён.
Былы баскетбаліст Заза Пачулія, двухразовы чэмпіён NBA, таксама апублікаваў сторыс, дзе падтрымаў пратэстоўцаў.
«Цяжка глядзець на гэтыя кадры і не пратэставаць, калі грузін нападае на грузіна. Я асуджаю і адмаўляюся ад любога гвалту! Грузія, была і будзе часткай Еўропы!», — напісаў ён.
Маштабныя пратэсты ўспыхнулі ў Грузіі ўвечары 28 лістапада, пасля таго, як улады абвясцілі аб зняцці з парадку дня да 2028 года пытання адкрыцця перамоваў аб уступленні краіны ў ЕС і адмове ад усіх бюджэтных грантаў Еўрасаюза. На практыцы гэтае рашэнне азначае, што правядзенне мноства рэформаў, накіраваных на абарону правоў чалавека, павышэнне незалежнасці судоў, пракуратуры і іншых дзяржаўных інстытутаў, для ўладаў больш не прыярытэтныя. Ва ўрадзе сцвярджаюць, што не адмаўляюцца ад еўрапейскага курсу, а толькі хочуць засцерагчы краіну ад «шантажу» звонку.
У Тбілісі праеўрапейскія мітынгі разганяюць з выкарыстаннем вадамётаў і слёзатачывага газу. Паведамляецца пра дзясяткі фактаў збіцця пратэстоўцаў і СМІ сілавікамі. На акцыях у грузінскай сталіцы за два дні ў адміністрацыйным парадку затрымалі 150 чалавек.