У Грузіі зноў разагналі шматтысячны пратэст: дзясяткі параненых, сотня затрыманых
Грузінскія сілавікі зноў разагналі шматтысячную акцыю пратэсту, якая ўспыхнула праз адмову ўладаў праводзіць перамовы аб уступленні ў Еўрасаюз.
Мясцовыя медыя паведамляюць, што, як і дзень таму, пратэстоўцаў у цэнтры Тбілісі разагналі з дапамогай вадамётаў і газу, сярод пацярпелых — журналісты. Мітынгоўцы тым часам спрабавалі пабудаваць барыкады з усяго, што было пад рукой: з лавак, смеццевых бакаў, шын і нават электрасамакатаў.
Пратэстоўцы спрабавалі адбіцца ад нападаў паліцэйскіх, а таму, акрамя будаўніцтва барыкад, яны запускалі феерверкі ў бок сілавікоў, каб не падпусціць тых да сябе.
Таксама на відэа зафіксавалі моманты збіцця ўжо пацярпелых у выніку сутыкненняў пратэстоўцаў. Раненні атрымалі дзясяткі мітынгоўцаў.
Агулам мітынг доўжыўся цягам сямі гадзін. У МУС Грузіі ў гэты час заявілі аб затрыманні 107 мітынгоўцаў. Агулам за два дні арыштавалі каля 150 пратэстоўцаў. Яшчэ 10 праваахоўнікаў, як паведамляецца, атрымалі раненні.
Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі назвала маштабы цяперашніх пратэстаў нябачанымі і заклікала паліцыю «не падымаць руку» на людзей.
«Ні на [праспекце] Руставелі, ні ў іншых гарадах не адбываецца нічога, што патрабуе вашага ўдзелу і разгонаў, таму адказнасць за ўсё гэта толькі ваша і вашых начальнікаў. Хай і вашы начальнікі пра гэта падумаюць», — звярнулася яна да праваахоўнікаў.
Грузінская апазіцыя не прызнае вынікі парламенцкіх выбараў, дзе перамагла партыя «Грузінская мара». Міжнародныя назіральнікі адзначылі, што галасаванне было азмрочана няроўнымі ўмовамі, ціскам і напругай. Грузінскія праваахоўнікі адкрылі 47 крымінальных спраў па магчымых злачынствах, звязаных з парламенцкімі выбарамі. У прыватнасці, абвінавачванні выставілі двум падазраваным, якія кінулі цэлы пачак бюлетэняў у скрыню на адным з участкаў. Але апаненты ўлады выказваюць меркаванне, што гэтыя справы не будуць даведзеныя да судоў.
Еўрапарламент не прызнаў вынікі парламенцкіх выбараў у Грузіі і запатрабаваў правесці новыя. Аднак суд у Тбіліскі адхіліў усе пазовы апазіцыйных палітсілаў і грамадскіх арганізацый, якія патрабавалі прызнаць несапраўднымі выніковыя пратаколы акруговых камісій.
Апазіцыйныя партыі Грузіі абвясцілі аб бестэрміновым вулічным пратэсце з патрабаваннем правесці новыя парламенцкія выбары.
Між тым «Грузінская мара» аднаасобна зацвердзіла новы парламент, прызначыла дату выбараў прэзідэнта, вылучыла свайго кандыдата-футбаліста і абвясціла аб адмове ад перамоваў аб уступленні ў ЕС да 2028 года.
Апошняе рашэнне распаліла новую хвалю пратэстаў, якія абярнуліся сутыкненнямі. Суткамі раней, на досвітку 29 лістапада, грузінскія спецназаўцы таксама жорстка разагналі пратэст пад парламентам, дзясяткі людзей, у тым ліку журналісты і палітыкі, былі збітыя і затрыманыя.