Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленні ў ЕС, а Еўрапарламент не прызнаў выбары ў Грузіі

Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленні ў ЕС да 2028 года, заявіў 28 лістапала прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ. Гэта заява прагучала неўзабаве пасля таго, як Еўрапарламент не прызнаў легітымнасць парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў Грузіі 26 кастрычніка.

hruzija___es.jpg

Кабахідзэ на брыфінгу заявіў: «Мы прынялі рашэнне не ставіць на парадак дня пытанне аб адкрыцці перамоваў з Еўрапейскім Саюзам да канца 2028 года. Таксама да канца 2028 года мы адмаўляемся ад любых бюджэтных грантаў з боку Еўрапейскага саюза», піша «Эхо Кавказа».

З ягоных слоў, для Грузіі «абсалютна непрымальна разглядаць інтэграцыю ў Еўрапейскі саюз як міласціну, якую ЕС павінен нам падаць».

«Мы бачым, што еўрапейскія палітыкі і бюракраты выкарыстоўваюць выдзеленыя гранты і крэдыты як шантаж супраць Грузіі», — дадаў ён.

Кабахідзэ кажа, што канец 2028 года — гэта той тэрмін, калі Грузія будзе гатовая, у першую чаргу эканамічна, каб пачаць перамовы аб уступленні ў Еўрапейскі саюз да 2030 года.

Раней сама Еўрапейская Рада абвясціла, што працэс інтэграцыі Грузіі фактычна прыпынены — праз дзеянні кіроўнай партыі «Грузінскай мары». Тады еўрапейцы заявілі, што не могуць падтрымаць адкрыццё перамоваў аб уступленні Грузіі ў ЕС, калі краіна, у прыватнасці, не адменіць законы, якія супярэчаць еўрапейскім каштоўнасцям і прынцыпам.

Сёння ж Еўрапарламент зацвердзіў рэзалюцыю, якая не прызнае вынікі выбараў у Грузіі. 

Глядзіце таксама

Еўрапарламент не прызнаў вынікі выбараў у Грузіі

Еўрапейскі парламент прыняў чарговую крытычную рэзалюцыю аб сітуацыі ў Грузіі. Большасцю галасоў еўрадэпутаты ўхвалілі дакумент, які фактычна не прызнае легітымнасць парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка.

Рэзалюцыя падтрымлівае заклік да незалежнага, міжнароднага і празрыстага расследавання абвінавачванняў у маніпуляцыях з вынікамі галасавання. «За» прагаласавалі 444 дэпутаты, «супраць» — 72, устрымаліся — 82, піша www.ekhokavkaza.com.

Еўрапейскі парламент заклікае да новых парламенцкіх выбараў у Грузіі, якія павінны быць праведзены пад міжнародным кантролем.

«Паведамленні аб маштабных фальсіфікацыях на выбарах падрываюць сумленнасць выбарчага працэсу, легітымнасць вынікаў, давер да любога новага ўрада і не служаць надзейным адлюстраваннем волі грузінскага народа...» — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Еўрапарламент адзначае, што Грузія правяла выбары, «якія не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў і яе абавязальніцтвам як дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ ў правядзенні свабодных і сумленных выбараў». Зафіксаваныя падчас галасавання парушэнні «несумяшчальныя са стандартамі, чаканымі ад краіны-кандыдата ў ЕС».

Еўрапарламент у сваёй рэзалюцыі адзначае, што «правядзенне выбараў стала яшчэ адной праявай дэмакратычнага застою, за які цалкам адказная кіроўная партыя».

Глядзіце таксама

Еўрапарламент таксама заклікае ЕС увесці санкцыі не толькі супраць ганаровага старшыні і першага нумара ў спісе кіроўнай партыі, Бідзіны Іванішвілі, але і супраць прэм'ер-міністра Іраклія Кабахідзэ, старшыні парламента Шалвы Папуашвілі, старшыні партыі «Грузінская мара» Іраклія Гарыбашвілі і генеральнага сакратара партыі Кахі Каладзэ. Еўрапейскі парламент лічыць, што гэтыя асобы нясуць адказнасць за антыдэмакратычныя дзеянні.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай рады перагледзець бязвізавы рэжым для грамадзян Грузіі, калі стандарты ЕС у галіне дэмакратычнага кіравання і свабод не будуць выкананыя.


Глядзіце таксама

Глядзіце таксама