Выбары — апошні шанец. Як Грузія, 70% насельніцтва якой хоча ў ЕС, разварочваецца ў бок Крамля

Пасля галасавання 26 кастрычніка кіруючая партыя «Грузінская мара» абвесціць, што набрала 60%. Як адрэагуе грамадства?

ap__1_.webp

Дзень 26 кастрычніка 2024 года ў Грузіі называюць лёсавызначальным. Не паспрачаешся: ужо ў гэтую суботу тут адбудуцца парламенцкія выбары, якія пагражаюць знішчыць грузінскую дэмакратыю і на доўгія гады закрыць для краіны шлях да еўраінтэграцыі.

Рызыкі надзвычайныя. «Грузінская мара» цягам апошніх месяцаў актыўна згортвае дэмакратычныя свабоды, фактычна не хавае сваіх сімпатый да пуцінскай Расіі, адкрыта зневажае заходнія дэмакратычныя каштоўнасці і прамым тэкстам пагражае пасля выбараў канчаткова расправіцца з апазіцыяй.

Толькі сляпы не бачыць: адбываецца няўхільнае спаўзанне краіны ў аўтарытарызм. Ужо затрымліваюць палітычных апанентаў. Ужо Цэнтрвыбаркам падкантрольны дзеючай уладзе. Ужо ідзе атака на незалежныя медыя і некамерцыйныя арганізацыі. Ужо гучаць заявы пра падспудны Захад, які рыхтуе каляровую рэвалюцыю.

Але не, кажуць улады, «ліберальны фашызм» не пройдзе, «партыя глабальнай вайны» пацерпіць паразу, а Грузія пад нашым чуллівым кіраўніцтвам будзе і надалей крочыць у светлую будучыню насуперак намаганням «агентуры» і «ворагаў народа».

Глядзіце таксама

«Партыяй глабальнай вайны» ва ўладзе называюць фактычна ценявы сусветны ўрад, які нібыта кіруе ўсімі працэсамі на зямлі. Вайну ва Украіне развязаў не Крэмль, а гэтыя во «масоны», прозвішчы якіх мы не называем, але ведаем. Сакартвэла спрабуюць у гэтую вайну ўцягнуць таксама яны, падкупіўшы прадажную апазіцыю. Еўрасаюз нас крытыкуе толькі таму, што з’яўляецца марыянеткай «партыі глабальнай вайны». Менавіта такая рыторыка пануе ва ўладных колах і дзяржаўных СМІ, якія даўно пераўтварыліся ў рупары прапаганды. Ці гэта сапраўдная канспіралогія, ці такая адмысловая палітычная тэхналогія — ужо не так і важна. Істотна тое, што заявы грузінскай улады часам цяжка адрозніць ад наратываў Лукашэнкі і яго памагатых. Уласна аб рызыках «беларусізацыі» Грузіі цяпер часта і кажуць апаненты кіруючай партыі.

Пра сур’ёзнасць намераў «Грузінскай мары» кажа тое, што яе перадвыбарчы спіс узначаліў Бідзіна Іванішвілі — заснавальнік руху, мільярдэр і раней зусім непублічная персона. Тое, што ён асабіста кіруе партыяй — і, значыць, краінай, ні для каго ў Грузіі сакрэтам не з’яўляецца. Навіна ў тым, што 68-гадовы алігарх, які здабыў багацці ў Расіі, цяпер выйшаў у медыйную прастору і асабіста вядзе электаральную кампанію.

Шэраг мітынгаў, якія перад выбарамі зладзіла партыя ўлады, прайшлі якраз з Іванішвілі ў ролі фронтмэна. Выступаў ён звычайна з-за браніраванага шкла (кажуць, баіцца замаху на сваё жыццё з боку «партыі глабальнай вайны») і зрабіў шмат антызаходніх заяваў. На тыя мітынгі звозілі бюджэтнікаў з усёй Грузіі, так што Тбілісі потым гадзінамі стаяў у корках. А са сцэны прамаўлялі алігарх і яго падначаленыя ў цёмных гарнітурах.

Вось што, напрыклад, Іванішвілі сказаў пра рэзалюцыю Еўрапарламента, прынятай 9 кастрычніка, у якой еўрадэпутаты раскрытыкавалі палітычныя працэсы ў Грузіі і канстатавалі там «адкат дэмакратыі».

«Усе бачылі прынятую некалькі дзён таму Еўрапарламентам рэзалюцыю, — заявіў кіраўнік краіны перад натоўпам спецыяльна звезеных людзей. — І ў гэтым выпадку «партыя глабальнай вайны» прымусіла Еўрапейскі парламент прагаласаваць за зусім не еўрапейскую рэзалюцыю. Усё гэта мела дзве мэты: з аднаго боку, яны паспрабавалі ў чарговы раз груба ўмяшацца ў справы Грузіі, а з другога боку, яны яшчэ раз паказалі ўсім, што Еўрапарламент стаў адным з іх інструментаў, якім яны будуць карыстацца ў любы час па сваім меркаванні. Ухваліўшы гэтую зусім не еўрапейскую рэзалюцыю, яшчэ раз было паказана, які ўплыў мае «партыя глабальнай вайны» на ЕС. «Партыя глабальнай вайны» змушае ЕС сваімі рукамі разбураць еўрапейскія каштоўнасці, што наогул з'яўляецца яе звычайным почыркам. Сапраўды гэтак жа яны руйнавалі Грузію рукамі грузінаў, якія знаходзіліся ва ўладзе ў 2004-12 гадах».

Заходнія краіны апошнім часам досыць рашуча крытыкуюць грузінскія ўлады, але непадобна, што тыя праз гэта неяк пераймаюцца. Улады крытыкуюць Захад у адказ, і варта сказаць, што іх лексіка яшчэ больш палымяная. Выглядае, што іх нават не надта турбуюць санкцыі, якія ўжо памалу ўводзяцца супраць прадстаўнікоў кіруючых вярхоў. Па ўсім гэтым бачна, што стаўку ў афіцыйным Тбілісі зрабілі не на Захад, а на Усход.

Ёсць хіба толькі адзін нюанс, на якія звяртае ўвагу «Грузінская мара». Усё ж яна разумее настроі ў грамадстве, якое шмат гадоў выказваецца ў сацыялагічных апытанняў за еўраінтэграцыю. Трывалы кансэнсус у гэтым пытанні трымаецца ў раёне 70%, і ўлады перад выбарамі вымушаныя з гэтым лічыцца.

Урадавыя чыноўнікі абралі тут дзіўную стратэгію. З аднаго боку, кажуць, што курс на ЕС не страціў актуальнасці, проста Грузія імкнецца туды «на сваіх умовах». Іванішвілі ўвогуле паабяцаў, што краіна абавязкова ўступіць у Еўрасаюз да 2030 года, проста да гэтага часу трэба знішчыць усіх ворагаў, якія гэтаму перашкаджаюць. Ворагі вядомыя — усё ж тая апазіцыя, якая марыць уцягнуць Сакартвэла ў расійска-украінскую вайну.

З іншага боку, усе дзеянні «Грузінскай мары» накіраваныя на насуперак еўраатлантычнага курсу, і грамадства не можа гэтага не бачыць. Бачаць гэта і ў Брусэлі, таму працэс уваходжання ў ЕС краіны, якая мае статус кандыдата, ужо афіцыйна замарожаны. І больш за тое, у Еўрасаюзе разглядаюць нават магчымасць скасавання бязвізу для грамадзян Грузіі, калі іх урад працягне будаваць аўтакратыю і збліжацца з Расіяй.

Глядзіце таксама

З перадвыбарчай сацыялогіяй тут наогул цікавая сітуацыя. Заходнія кампаніі праводзяць апытанне за апытаннем — і яны паказваюць, што за «Грузінскую мару» 26 кастрычніка гатовыя прагаласаваць каля траціны выбаршчыкаў. Пры гэтым апазіцыя, якая аб’ядналася ў некалькі кааліцый, агулам набірае больш за 50%.

Але ўлада не была б сабой, калі б і тут не мела «адказ Чэмберлену». У яе ёсць свая сацыялогія — даследаванні цэнтра Gorbi па замове дзяржаўнага тэлеканала Imedi. І вось яны кожны раз даюць кіруючай партыі ўстойлівую канстытуцыйную большасць у раёне 60%.

Гледзячы на тое, што адбываецца, няма сумневу, што ЦВК у выніку і абвесціць вынікам галасавання пераканаўчую перамогу дзеючай улады з такім паказчыкам. Галасы, вядома, лічыць яшчэ будуць, нездарма на выбарах зарэгістравалася вялікая колькасць незалежных назіральнікаў. Але ў той жа апазіцыі ўжо ў голас папярэджваюць пра магчымыя фальсіфікацыі. Тым больш што ўпершыню падлік галасоў будзе ажыццяўляцца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, а, маўляў, калі ёсць тэхніка, то атрымаць патрэбныя лічбы — справа тэхнікі.

І вось тут паўстае галоўнае пытанне: ці будзе гатовае грузінскае грамадства ў выпадку чаго адстойваць свой выбар?

Грузіны зацята пратэставалі ў гэтым годзе супраць «закона аб замежных агентах», ладзілі шматтысячныя маніфестацыі і перад выбарамі. Але нічога так і не дасягнулі. Эксперты між тым заўважылі, што сілавікі ў Тбілісі добра навучаныя супрацьстаяць масавым акцыям з выкарыстаннем розных сродкаў, у тым ліку і гвалтоўных. І сваю задачу МВД добра ведае, нездарма, мінулымі днямі было абвешчана, што для паліцыі закупленыя новыя вадамёты і новае ўзбраенне. У дадатак улады загадзя пагражаюць патэнцыйным пратэстоўцам крымінальнай адказнасцю ў выпадку «парушэння заканадаўства».

Што на гэта можа адказаць тая частка грамадства, якая хоча перамен? Прыблізна тым, што і беларусы ў 2020-м: мабілізацыяй, салідарнасцю, шчыльнымі радамі. Ці хопіць гэтага — пытанне рытарычнае. Але прынамсі вырашальнасць моманту грузіны разумеюць дакладна.

За два дні да галасавання самая вядомая апанентка «Грузінскай мары» і па сумяшчальніцтву прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі сказала: «Калі апазіцыя не пераможа на выбарах, то мне, імаверна, абвесцяць імпічмент і пасадзяць у турму». Што пытанне цяпер стаіць менавіта рубам і трэцяга не дадзена, разумеюць сёння ў Грузіі многія.