Добры букмекер — ці бывае такое?

Вядомая беларусам хаця б па навязлівай рэкламе ў інтэрнэце букмекерская анлайн-кампанія «1xbet» звязаная з Беларуссю не толькі тым, што актыўна заваёўвае рынак ставак на спорт. «Трыбуна» расказвае пра сувязі букмекера з нашай краінай.

Букмекерскі бізнес усё мацней заваёўвае беларускі рынак. Ілюстрацыя: Midjourney

Букмекерскі бізнес усё мацней заваёўвае беларускі рынак. Ілюстрацыя: Midjourney

Сёння прафесійны спорт практычна немагчыма ўявіць без букмекераў — яны вельмі актыўна спансуюць каманды і турніры і нават ствараюць уласныя. У асяроддзі заўзятараў на гэты конт палярныя меркаванні: адны кажуць, што гэта звычайная забаўка, на якой нават можна зарабіць, іншыя нагадваюць пра магчымую залежнасць, якая спусташальная і згубная для тых, хто ў яе ўпадзе. Трэба адзначыць, што людзей, якія не могуць стрымацца, некаторыя кампаніі завабліваюць усё больш трывала — напрыклад, даюць ставіць на вельмі дзіўныя турніры. Адна з такіх кампаній, «1xbet», уключае ў пералік падзей і каламутныя паўаматарскія матчы ў Беларусі, дзе працуе нелегальна.

Але гэта не адзіная сувязь «1xbet» з Беларуссю. Гэтая кампанія, як і многія іншыя, у тым ліку вядомыя ў нашай краіне і Расіі букмекерскія канторы і анлайн-казіно, выкарыстоўвае ў анлайне софт і тэхнічныя рашэнні беларускай па паходжанні кампаніі «Softswiss». У нядаўнім інтэрвʼю ўкраінскаму IT-блогеру Алегу Арцішуку заснавальнік гэтай кампаніі мінчук Іван Монцік расказаў, што назва была выбраная толькі дзеля рынку – ён добра ведаў не толькі англійскую, але і нямецкую мову і арыентаваўся якраз на Швейцарыю, Германію і Аўстрыю.

Сёння Монціку 41 год. З тэхналогіямі на «ты» ад з самага дзяцінства – а купіць першы камп'ютар змог яшчэ ў школе дзякуючы таму, што зрабіў выбар на карысць спорту. Юны Іван хадзіў у музычную школу, але сказаў бацькам, што хоча іншага шляху – і нейкі час займаўся тэнісам і тхэквандо. А заадно дамовіўся з мамай і татам: калі сам зможа прадаць хатняе піяніна, то атрыманыя грошы можа выдаткаваць на манітор і зборку сістэмнага блока. У выніку самастойны юнак паспяхова пракруціў усе аперацыі.


Глядзіце таксама

Ужо тады Монцік асвоіў навыкі праграмавання – і пасля школы ў 2000-м паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Аднак там аказалася зашмат вышэйшай матэматыкі — і пасля трэцяга семестра Іван, каб вызваліць час, перавёўся на эканамічны факультэт, які ў выніку паспяхова скончыў, прычым перайшоўшы з уладальнікаў «хвастоў» у амаль выдатнікі. А час Монціку быў патрэбны для рэалізацыі бізнес-ідэй. У інтэрнэце ён зарабіў сабе на першую машыну, потым паспрабаваў афлайн-праект, аўтамыйку, але неўзабаве вырашыў, што гэта не яго.

Пасля ВНУ Іван папрацаваў крэдытным менеджарам у банку, дзе ўразіўся магчымымі ў Беларусі абаротамі, а потым сышоў ва ўкраінскі медыяпраект «Bigmir» — ён выходзіў на беларускі рынак і хацеў стаць канкурэнтам «TUT.BY», але не здолеў. Затое менавіта на гэтай працы Монцік сустрэў людзей, якія сталі першымі супрацоўнікамі заснаванага ў 2009-м «Softswiss».

Першы час кампанія займалася стварэннем і прасоўваннем сайтаў. А потым каманда Монціка зрабіла функцыянал для працы анлайн-аўкцыёна, а сам бізнесмен зацікавіўся працай аналагічных праектаў — і сфакусаваўся на анлайн-казіно. Софт для новага напрамку кампанія пачала прапаноўваць з 2013 года. Неўзабаве яна стала першай, хто падключыў магчымасць гуляць на крыптавалюту (цяпер аперацыі з ёй прыносяць «Softwiss» значную частку прыбытку, але гэта асобная гісторыя), а таксама распрацоўвала свае гульні і акумулявала чужыя і за некалькі гадоў выйшла на перадавыя пазіцыі на рынку. Цяпер з ПЗ ад «Softswiss» працуюць больш за 800 розных сайтаў, сумарны памер ставак на якіх кампанія ацэньвае ў больш за 10 мільярдаў еўра ў месяц.


Глядзіце таксама

Пазней у кампаніі Монціка вырашылі, што пры іх досведзе з анлайн-казіно дзіўна абмінаць букмекерства — і напрыканцы 2020-га была прадстаўлена платформа «SoftSwiss Sportsbook». Каэфіцыенты там бяруць у найбуйнейшых сусветных правайдараў, а софт разам з імі гатовыя інтэграваць на любы партал — і нават заняцца ліцэнзаваннем (праўда, прапануецца яго прайсці толькі ў афшорным Кюрасаа і ў канадскай рэзервацыі індзейцаў Канаваку). Аднак непасрэдна ставачнае ПЗ «Softswiss», мяркуючы па сайце кампаніі, спажываюць пакуль адзінкавыя кліенты (часцей букмекеры бяруць у кампаніі казіно-софт, каб кліентам не трэба было сыходзіць з бэтынг-сайта для дадатковых азартных гульняў). Тым не менш, кампанія рэгулярна публікуе статыстычныя справаздачы па стаўках — фіксуе нязменную папулярнасць футбола і рост ставак на кіберспорт. Спікерам выступае кіраўнік букмекерскага кірунку «Softswiss» украінец Аляксандр Камянецкі, які, мяркуючы па сацсетках, з сямʼёй пакінуў радзіму з пачаткам вайны. Пры гэтым у спісе партнёраў кампаніі застаецца букмекерскі праект расійскага паходжання.

Сёння ў «Softswiss» чатыры офісы ў розных краінах. Застаецца і ў Мінску — пры гэтым Монцік лічыць, што «тэрыторыі Беларусі даўно акупаваная». Больш за тое, бізнесмен заяўляе, што ў ліпені 2020-га пасля доўгай падрыхтоўкі атрымаў рэжымную ліцэнзію на запуск беларускага анлайн-казіно, але з улікам падзей вакол прэзідэнцкіх выбараў адмовіўся ад праекта, хоць і страціў прыстойныя грошы.

Больш за тое, напярэдадні выбараў у «Softswiss» падрыхтавалі экстраную праграму рэлакейту: першыя 60 супрацоўнікаў па ёй у Польшчу зʼехалі непасрэдна ў дзень выбараў. Пасля пачатку вайны ва Украіне, паводле слоў Монціка, з Беларусі пачалася «новая хваля рэлакацыі: людзі баяліся, што пачнецца прызыў».

Сам Монцік даўно жыве ў Берліне — у 2019-м нават купіў там 6-пакаёвую кватэру на 206 кв. м. за 1,8 мільёна еўра. 24 лютага 2022-га, даведаўшыся пра развязаную Расіяй вайну з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, бізнесмен адчуў сорам — і ўпэўнены, што ў яго кампаніі фанаты вайны не працуюць. «Адназначна бачу розніцу паміж ментальнасцю ўкраінцаў, беларусаў і рускіх. На халеру ўсіх спрабаваць абʼяднаць? І так усе быццам абʼяднаныя, нармальна размаўлялі», — кажа бізнесмен. Інтэрвʼюеру-ўкраінцу прадпрымальнік нагадаў пра беларускіх «рэйкавых партызанаў» і пра тое, што ў 2020-м «не было той падтрымкі ад Украіны, якой хацелі беларусы». Цяпер Монцік «за дабро» і дапамагае ўкраінскаму боку — праўда, канкрэтныя прыклады ў свежым інтэрвʼю не фігуравалі, а толькі сума ў 1,7 млн еўра, што была выдаткаваная на дабрачыннасць агулам у 2022-м.


Глядзіце таксама

Пры гэтым у траўні 2023-га ўкраінскі антыкарупцыйны медыяпартал «Стопкор» заявіў, што «Softswiss» праз крыптавалюту сыходзіць ад падаткаў, а паводле звестак нейкіх «інсайдараў рынку» 50% кампаніі належыць Аркадзю Ратэнбергу — гэты блізкі сябар і даўні «гаманец» Пуціна (а разам з тым і кіраўнік Федэрацыі хакея Расіі) знаходзіцца пад шырокімі заходнімі санкцыямі. Аднак пазней СМІ ў Эстоніі, дзе ў «Softswiss» ёсць юрыдычная асоба, не змаглі пацвердзіць падобную сувязь — як і ўкраінец Артышук. Сам Монцік хоць які ўдзел у сваім бізнесе Ратэнберга адмаўляе — лічыць, што гэта частка замовы па ачарненні «Softswiss» ад людзей, якім адмовіліся прадаць кампанію за бясцэнак. Паводле слоў прадпрымальніка, у розных медыя сталі зʼяўляцца абвінавачанні ў самых розных «грахах», у тым ліку ледзь не ў падштурхоўванні да суіцыду, і «наезды» на сямʼю, праз што Монцік цяпер робіць усё, каб «гэтыя людзі селі». А кампанію прадаваць бізнесмен наогул не жадае — пры гэтым ацэньвае яе даражэй, чым аднаго з канкурэнтаў, якіх не так даўно купілі за 1,2 мільярда долараў.

Дадамо, што Монцік спортам цікавіцца не толькі з букмекерскага боку. Ён бывае на «Формуле-1» і на топавым футболе: з сямʼёй (жонка і дзве дачкі) наведваў «Камп Ноў» на матчы «Барселоны», а таксама з выдатных месцаў глядзеў гульні на ЧС-2022 у Катары. А сам любіць устаць на сноўборд і выйсці на рынг у пальчатках — неяк Монцік нават паказваў, што трэнаваўся з вядомым байцом Віталём Гурковым.