Анатоль Котаў: Ці дазволяць беларускім спартоўцам назваць вайну вайной?

Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне адносна беларускіх і расійскіх спартсменаў. Індывідуальным атлетам усё ж дазволяць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах — але без сцяга, без гімна, без нацыянальных колераў, з забаронай падтрымліваць вайну ва Украіне і мець дачыненне да сілавых структур.

10411f3db09b4247ffa7f5274a9329ab.png


Былы генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў лічыць гэтыя ўмовы невыканальнымі для беларускага рэжыму, аднак адзначае, што рашэнне МАК — гэта крок у бок «латэнтных Z-спартсменаў».

— Я б параўнаў гэта рашэнне з заключэннем так званага «Брэсцкага міру», калі за аснову была ўзята тактыка «ні вайны, ні міру», — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» Анатоль Котаў. — Крытэрыі, прапанаваныя МАК, на мой погляд, недастаткова адназначныя.

Ну, напрыклад, па якіх параметрах будуць вызначаць стаўленне да вайны? Дапусцім, фота з Пуціным ці Лукашэнкам пасля 24 лютага 2022 года з усмешкай — гэта падтрымка ці не? А маўчанне ў адказ на канкрэтнае пытанне «Вы супраць вайны?» ці адказ кшталту «я за мір ва ўсім свеце»? Як трактаваць такія ўніклівыя пазіцыі?

Не ўсё да канца зразумела і з каманднымі відамі спорту. Ёсць яснасць толькі па гандболе, баскетболе, хакеі, футболе і іншых.

А вось біятлон, у якім выступаюць і камандай, і ў індывідуальных дысцыплінах? Тое ж самае тычыцца веславання на байдарках і каноэ, мастацкай гімнастыкі і шэрагу іншых дысцыплін. Тут, мне здаецца, патрэбны дадатковыя тлумачэнні.

На магчымасці ўдзелу беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, на думку суразмоўцы, не лепшым чынам адаб'юцца і адносіны з сілавымі структурамі.

— Практычна ўсе нашы топавыя спартсмены, удзельнікі чэмпіянатаў Еўропы і свету, з'яўляюцца дзеючымі супрацоўнікамі сілавых структур. Гэта не проста не сакрэт ні для каго, гэта паказана ў іх прафайлах, створаных міжнароднымі федэрацыямі з моманту рэгістрацыі — дзе яны лічацца і ў якім званні.

Выкрасліць гэту інфармацыю будзе дастаткова складана, але на нейкія хітрыкі рэжым можа пайсці: дапусцім, звольніць усіх заднім чыслом.

Улічваючы гэта, тут таксама не хапае канкрэтыкі: спартсмен не можа быць звязаны з сілавымі структурамі наогул ці на канкрэтную дату, і на якую — задаецца пытаннем Котаў.

Ён таксама ўказвае на тое, што спіс абмежаванняў, прыняты на апошнім пасяджэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта, не канчатковы і што МАК тэхнічна дазваляе міжнародным федэрацыям яго дапаўняць.

— Кожная Федэрацыя мае права ўсталёўваць свае правілы. Дапусцім, федэрацыя лёгкай атлетыкі падоўжыла бан расійскім і беларускім спартсменам яшчэ мінімум на год. 95% усіх кваліфікацыйных спаборніцтваў пройдуць без іх удзелу.

Фехтавальшчыкі падпісваюць нейкія лісты з патрабаваннем дапусціць расійцаў і беларусаў. Але там нават у выпадку допуску ў Расіі яшчэ ёсць Соф'я Вялікая, якая, праўда, сказала, што без расійскага сцяга нікуды не паедзе.


А вось каб знайсці апошняга беларускага фехтавальшчыка ўзроўню Алімпіяды, трэба адкруціць некалькі Алімпійскіх гульняў назад.

— Аднак нават па гэтых даволі размытых параметрах атрымліваецца, што спартсмены тыпу Алімбекавай і Недасекава не праходзяць адразу па некалькіх крытэрыях, як і астатнія атлеты вышэйшага ўзроўню?

— Так.

— А хто з беларусаў усё ж такі можа марыць пра ўдзел у Алімпіядзе?

— Зыходзячы з медальных перспектыў і правіл, устаноўленых на сёння, можна казаць, што беларускае шчасце дзесьці ў веславанні і мастацкай гімнастыцы. Калі, вядома, рушаць услед тлумачэнні ад МАК наконт таго, што такое каманда.

— А беларускія ўлады дазволяць спартсменам, у якіх ёсць перспектывы, выканаць усе ўмовы, напрыклад, датычныя той жа пазіцыі адносін да вайны?

— Ці дазволяць ім назваць вайну вайной і расказаць пра тое, ці рабілі яны данаты? У тое, што з пакінутых дзеючых спартсменаў хтосьці гатовы падобнае заявіць, я, шчыра кажучы, не моцна веру. У той жа час зразумела, што ўлады будуць патрабаваць ад іх маўчаць, не казаць ні «за», ні «супраць».

Такую ж тактыку яны ўжывалі на апошняй Алімпіядзе: нічога не казаць, ні з кім не кантактаваць без узгаднення з прэс-службай. Тады, праўда, баяліся пытанняў пра падзеі ў Беларусі.

Цяпер жа, на маю думку, тыя, хто ўсё-ткі даедуць да Алімпійскіх гульняў, павінны на кожным кроку атрымліваць пытанні ад прэсы з нагоды вайны, каб вось гэта крывадушнае маўчанне было разбурана.

— Больш за 30 краін патрабуюць не дапускаць расійцаў і беларусаў да спаборніцтваў наогул. Як вы да гэтага ставіцеся?

— І апошнія некалькі дзён таксама праходзяць маніфестацыі ў Лазане (там знаходзіцца штаб-кватэра МАК) і іншых месцах. Шэраг краін выступае супраць таго, каб беларусаў і расійцаў дапускалі нават пад нейтральнымі сцягамі.

У нас, незалежнай супольнасці беларусаў і спартоўцаў, якія падтрымалі народ у 2020 годзе і асудзілі дзеянні РФ у 2022 годзе, пазіцыя, скаардынаваная з большасцю краін. Я б вылучыў ініцыятыву міністра спорту Польшчы, які прапанаваў для спартоўцаў з РФ і РБ, якія адкрыта выказваюць антываенную пазіцыю, стварыць асобную каманду. Гэта было б ясна, выразна і зразумела.

А пакуль рашэнне, якое вынес МАК, — гэта такі крок у бок латэнтных Z-спартсменаў.

Праўда, у наш час карэктывы ў названае рашэнне могуць быць унесены зусім раптоўна. Напрыклад, улічваючы апошнія падзеі з абяцанай перакідкай ядзернай зброі.