Знявечаныя лёсы жыхароў Брэста: Няўмелыя змагары
Асобныя маладыя палякі мэтанакіравана гуртаваліся для барацьбы за вызваленне Польшчы, збіралі ў Брэсцкай крэпасці зброю, якая засталася пасля супраціву жаўнераў немцам у верасні 1939 года.
Прапануем трэці нарыс, напісаны на аснове сабраных у сярэдзіне 1990-х гадоў архіўных матэрыялаў. Гэтыя архівы зараз зачыненыя. У свой час аўтара папярэдзілі, што матэрыялы нельга выкарыстоўваць у дакументальных творах, пакуль не пройдзе тэрмін захоўвання тайны. Гэты тэрмін захоўвання тайны скончыўся. І мы знаёмім з нарысамі нашых чытачоў. Першы і другі нарысы можна прачытаць у №№ 11, 13.
23 мая 1940 года ўпаўнаважаны Галоўнага дарожна-транспартнага аддзела НКУС Трасцянецкі затрымаў вучня восьмага класа Брэсцкай школы №21 Ігнута Яўгена Францавіча 1922 года нараджэння, паляка, які жыў у Брэсце, на вуліцы Камсамольскай, дом 8, кватэра 10. Яўгена затрымалі за тое, што ён з’яўляецца ўдзельнікам контррэвалюцыйнай паўстанцкай нацыяналістычнай арганізацыі. Хлопца абшукалі і знайшлі пры ім пашпарт серыі І-НУ №516799, студэнцкае пасведчанне № А406, савецкія грошы — 7 рублёў і 70 капеек, адзін злоты, песні, напісаныя на польскай мове, і фотаздымкі родных. Высветлілі, што арыштаваны паходзіць з сям’і чыноўніка Ігнуты Франца Аляксандравіча, якому 52 гады, да 1935 года ён служыў у казённай палаце, пасля выйшаў на пенсію. Маці Яўгена — Ядвіга Іванаўна (45 гадоў) — хатняя гаспадыня, таксама на пенсіі, а да 1931 года выкладала матэматыку і нямецкую мову ў польскай школе.
Пачаліся допыты. Арыштаваны прызнаўся, што мае «Браўнінг» без магазіна і патронаў, які захоўвае за сметнікам дома, дзе жыве. Зброю Яўген купіў у знаёмага Рамана Навакоўскага за 25 злотых. Раніцай 14 мая бацька забраў у сына рэвальвер і чатырнаццаць патронаў і сказаў, што выкінуў у прыбіральню. Для Ігнута-малодшага гэта была рэч такая каштоўная, што ён не пагрэбаваў, знайшоў рэвальвер у прыбіральні і схаваў на сметніку, а пасля на сметніку яго знайшлі нкусаўцы, што стала важкай падставай для далейшай працы з юнаком. Хлопец вымушаны быў расказваць пра бацькоў, выкладчыкаў, сяброў, аднакласнікаў і проста знаёмых: «Мае бацькі — вялікія патрыёты, — апавядаў юнак. — У нашай сям’і часта казалі пра тое, што савецкая ўлада тут часова, у недалёкай будучыні Польшча вызваліцца з дапамогай Англіі і Францыі, таму я ўступіў у паўстанцкую моладзевую арганізацыю «Полымя».
Давялося выдаць сяброў:
Паколькі звестак даваў Яўген Ігнут мала, дык яго пачалі ціснуць, катаваць, у выніку ўжо 2 чэрвеня ён апынуўся ў Баранавіцкай бальніцы на лячэнні. Праз месяц допыты аднавіліся. 10 ліпеня 1940 года ў 22.00 быў распачаты чарговы пратакол, у якім Яўген Ігнут паведамляў, што паўстанцкую арганізацыю, у якую ён уваходзіў, спачатку ўзначальваў Главацкі Лявон Іванавіч, падхарунжы польскага войска, які браў удзел у ваенных дзеяннях 1939 года, у кастрычніку таго ж года ён з’явіўся ў Брэсце і працаваў афіцыянтам у рэстаране бацькі, пасля ўцёк на тэрыторыю Польшчы, акупаваную немцамі. У падпольнай арганізацыі было 15 дзясяткаў, гэта значыць, 150 чалавек. Пасля таго, як Главацкі пайшоў за Буг, арганізацыю ўзначаліў Чарнецкі. Падпольшчыкі мелі таемную радыёстанцыю на кватэры Казлоўскага, які сам сабраў радыёпрыёмнік, і жыў паблізу Дома Чырвонай Арміі, дзе раней размяшчалася ваяводства. Таемная друкарня (друкарка з польскім шрыфтам) знаходзілася ў Ляшнеўскага…
Варта адзначыць, што гарадскі парк быў улюбёным месцам, дзе збіралася моладзь горада.
Адначасова пачаліся арышты знаёмых Яўгена Ігнута. Самым першым апынуўся пад вартай у турме студэнт чыгуначнага тэхнікума Чэслаў Бржазоўскі, 1922 года нараджэння. Хоць ягоная сям’я была простая, бацька Віктар працаваў насільшчыкам, маці Браніслава — хатняя гаспадыня, пятнаццацігадовы брат Антон падпрацоўваў на розных работах, трынаццацігадовы Тадэвуш вучыўся ў школе, Чэслаў на допытах паводзіў сябе як вялікі патрыёт Польшчы, расказаў, што на вечарыне пілі за перамогу Англіі і Францыі над Германіяй і за хуткае вызваленне Польшчы. Выказваў крамольную, у разуменні следчых, думку: каб Фінляндыя перамагла ў вайне СССР, дык палякам можна было б выступіць супраць Саветаў. Тлумачыў нездаволенасць насельніцтва новай уладай тым, што раней вольна можна было ўсё купіць, а цяпер усталяваўся суцэльны дэфіцыт. І зноў цэлым спісам пайшлі на допыт студэнты чыгуначнага тэхнікума: Стэфанюк Чэслаў, Рыбак Тадэвуш, Канвішар Казімір, Сабчак Генрых, Капала Лех, Скаружынскі Казімір, Віткоўскі Богуміл, Мушынскі Яўген і іншыя — усяго каля двух дзясяткаў чалавек. Услед за імі аказаліся пад следствам іхнія знаёмыя дзяўчынкі: Ядвіга Мянжынская, Іда Календа, Ядвіга Ількоўская, Ірэна Ткачык і іншыя.
З дакументаў вядома, што Яўген Ігнут адбываў пакаранне ў Варкутлазе. 10.09.1941 года быў вызвалены па амністыі, згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12.08.1941 года. Тадэвуш Рыбак спачатку ўтрымліваўся ў Брэсцкай турме, а пасля этапам накіраваны на станцыю Енісей Краснаярскага краю ў распараджэнне Нарыльлагера НКУС 14.08.1940. Там жа апынуўся Лех Капала. Хлопцаў размяркоўвалі па розных лагерах, мусіць, каб яшчэ больш абцяжарыць іхняе існаванне ў турме.
У артыкуле гісторыка Станіслава Сільвановіча (часопіс «ARCHE ПАЧАТАК» 5/2015) можна знайсці тлумачэнне частых правалаў і вялікіх страт польскага падполля: «Па прычыне сваёй упэўненасці ў непрацягласці патрэбы знаходжання ў падполлі многія арганізацыі не звярталі сур’ёзнай увагі на патрабаванні канспірацыі і сталі лёгкай здабычай савецкіх органаў бяспекі. Кепскую службу шмат якім удзельнікам падполля адыграла і недаацэнка праціўніка, які разглядаўся як адсталы і ні на што не здольны. На самай жа справе органы НКУС-НКДБ аказаліся добра падрыхтаванымі да барацьбы з падпольнымі структурамі і на працягу 1939–1941 гадоў нанеслі серыю ўдараў… Асабліва хутка правальваліся моладзевыя арганізацыі. Разглядаючы вайну і падпольную дзейнасць як рамантычную прыгоду і не маючы вопыту канспіратыўнай працы, маладыя людзі хутка траплялі ў рукі праціўніка і не вытрымлівалі следства, сутыкнуўшыся з дасканалымі метадамі НКУС-НКДБ».
Колькі было тых гаротнікаў, што прайшлі пакуты, прыніжэнне і знішчэнне ў савецкіх турмах? Мусіць, ніхто дакладна не ведае. Яны сышлі, сплылі з вірліваю плынню часу, і толькі ў нейкім таемным архіве іншы раз можна сустрэць звесткі пра іх.
Я пашукала ў тэлефонным даведніку Брэста такія ж прозвішчы, як у палякаў, названых у артыкуле, і знайшла некалькі: Лісецкі, Рыбак, Гурскі, Крэнц, Шчука, Пякарскі, Віткоўскі, Мушынскі. Магчыма, гэта выжылі тыя самыя патрыёты, а мо гэта іхнія родзічы, нашчадкі ці выпадковыя людзі з такімі ж прозвішчамі. Вельмі хацелася б больш даведацца пра герояў артыкула. Мы можам толькі здагадвацца, які шлях абралі сабе тыя, што ацалелі ў сталінскіх лагерах: нехта трапіў у войска Андэрса, нехта пайшоў да Берлінга, асобных маглі перакінуць з Вялікай зямлі ў беларускія партызанскія атрады. Ім належала прайсці дарогамі вайны. Хто выжыў, хто загінуў — невядома.
Хачу звярнуцца да тых палякаў, які перажылі рэпрэсіі, і папрасіць іх расказаць пра свае пакуты і перамогу над неміласэрным лёсам, пра сяброў і аднадумцаў. Можа, родзічы, суседзі ці проста знаёмыя захочуць падзяліцца ўспамінамі. Гэта важна ведаць нам, сучаснікам, каб нашы ўнукі і праўнукі ніколі не перажылі ў будучыні тое, што выпала на долю старэйшага пакалення.