Як Масква, Лондан і польскі эмігранцкі ўрад змагаліся за ўсходнюю мяжу

У Беластоку 29 кастрычніка 1939 года была прынятая Дэкларацыя Беларускага народнага сходу па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР. Паводле гэтага дакумента Беларусь павінна была аб’яднацца пасля амаль дваццаці гадоў жыцця ў фармаце частак розных цывілізацый. Аднак беларусам было рана радавацца.

Падпісанне дамовы паміж Сікорскім і Майскім у 1941 годзе

Падпісанне дамовы паміж Сікорскім і Майскім у 1941 годзе

Падтрымаць д’ябла

У 1940–1941 гадах даваенная мяжа ператварылася ў «зону загароды», якую працягвалі ахоўваць савецкія памежнікі. У снежні 1940 года кіраўнік НКУС СССР Лаўрэнцій Берыя «прасіў» Сталіна захаваць даваенную мяжу ў сувязі з тым, што «тэрыторыя заходніх абласцей Украіны і Беларусі дасюль не ачышчаная ад антысавецкіх і варожых элементаў». У чэрвені 1941 года Гітлер напаў на свайго былога хаўрусніка, а ўжо праз месяц баёў немцы былі далёка на ўсходзе ад былой «рыжскай мяжы».

Рыжская мірная дамова 1921 года

Рыжская мірная дамова 1921 года

Савецкі Саюз апынуўся ў сітуацыі, калі неабходна было шукаць хаўруснікаў. Вялікабрытанія і ЗША таксама не жадалі губляць усходні тэатр вайсковых дзеянняў супраць нацыстаў. Асаблівую ролю тут адыгрываў польскі фактар — эмігранцкі ўрад Польшчы ў Лондане. Апошні імкнуўся ўратаваць сваіх грамадзян з рук сталінскай рэпрэсіўнай сістэмы, а таксама… вярнуць усходнія межы Другой Рэчы Паспалітай.

Аднак Вялікабрытанія вельмі асцярожна ставілася да гэтага пытання. Пасля нападу Германіі на СССР прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Уінстан Чэрчыль заявіў: «Нават калі б Гітлер напаў на пекла, я б намагаўся натхніць Палату Абшчын падтрымаць д’ябла». Польскі прэм’ер-міністр Уладзіслаў Сікорскі выказваў надзею, што Савецкі Саюз скасуе ўсе пагадненні з Трэцім Рэйхам (у тым ліку пра падзел тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай), вызваліць усіх польскіх грамадзян, а таксама прызнае даваенную мяжу. Польскія палітыкі таксама спрабавалі змусіць брытанцаў, каб тыя выказаліся за вяртанне польскіх даваенных усходніх межаў. Але савецкі бок вуснамі амбасадара Івана Майскага адказваў брытанцам і палякам, што выступае за «ўсталяванне мяжы па этнічным прынцыпе». Пры гэтым бальшавіцкі амбасадар не выключаў, што некаторыя тэрыторыі, якія ўвайшлі ў склад СССР у верасні 1939 года, могуць быць аддадзеныя Польшчы.

Прадстаўнікі польскага эмігранцкага ўраду працягвалі пераконваць брытанскі Foreign Office у тым, што «Савецкая Расія» апынулася сярод антыгітлераўскай кааліцыі выпадкова. 30 ліпеня 1941 года ў будынку МЗС Вялікабрытаніі прэм’ер Уладзіслаў Сікорскі і савецкі амбасадар Іван Майскі падпісалі дамову аб аднаўленні дыпламатычных стасункаў паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. Паводле гэтага дакумента, савецкі бок дэнансаваў усе дамовы з нацыстамі, а таксама абвясціў «амністыю» ўсім польскім грамадзянам, якія знаходзіліся ў савецкіх лагерах, турмах і спецпасяленнях. З гэтых людзей планавалася сфарміраваць польскае войска. Сікорскаму прыйшлося саступіць у спрэчцы пра даваенную мяжу на карысць ратавання тысяч польскіх вязняў — жыццё людзей было важнейшае за палітычныя мэты.

Дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР

Дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР


Тэгеранскі варыянт

У снежні 1941 года брытанскі міністр замежных спраў Энтані Ідан спрабаваў абмеркаваць у Крамлі пытанне польскіх усходніх межаў, але размова не мела вынікаў. Адзначым, што час размоў быў карысным для палякаў — нямецкія войскі знаходзіліся пад Масквой, аднак Сталін «трымаўся ўпэўнена» і не ішоў на саступкі. Дарэчы, тады ж бакі пачалі абмяркоўваць магчымасць перадачы Польшчы пасля вайны нямецкіх тэрыторый. Пры гэтым бальшавікі актыўна выкарыстоўвалі формулу «лініі Керзана» ў якасці будучай усходняй мяжы Польшчы.

Лінія Керзана

Лінія Керзана


У 1943 годзе немцы знайшлі парэшткі польскіх афіцэраў у катынскім лесе, што прывяло да разрыву дыпламатычных стасункаў паміж СССР і эмігранцкім урадам Польшчы. Тады ж Іосіф Сталін канчаткова прыйшоў да высновы стварэння «сацыялістычнай Польшчы» з новымі межамі. Падчас канферэнцыі хаўруснікаў па антыгітлераўскай кааліцыі ў Тэгеране 28 лістапада — 1 снежня 1943 года Вялікабрытанія, ЗША і СССР упэўнена выказаліся за «лінію Керзана». Пры гэтым брытанцы працягвалі запэўніваць польскі бок, што тэрыторыі па Одэры значна больш прывабныя, чым палескія багна, нават з Вільняй і Львовам. Уінстан Чэрчыль у адной з тэлеграм амерыканскаму прэзідэнту Франкліну Рузвельту адзначаў: «Гэта дае палякам жыццёвую прастору ў больш за трыста квадратных міль і дзвесце пяцьдзясят міль балтыйскага ўзбярэжжа».

Амерыканская газета пра 17 верасня 1939 года

Амерыканская газета пра 17 верасня 1939 года


Дэмаркацыйная лінія ад Ракава да Беластока

Між тым, 3 студзеня 1944 года савецкія войскі перайшлі даваенны савецка-польскі кардон на тэрыторыі Украіны. 11 студзеня 1944 года Крэмль заявіў, што «не лічыць нязменнымі межы 1939 года». «У гэтыя межы могуць быць унесеныя змены на карысць Польшчы, там, дзе пераважае польскае насельніцтва. У гэтым выпадку савецка-польская мяжа магла б прайсці па так званай лініі Керзана, якая была прынятая ў 1919 годзе Вярхоўным саветам хаўрусных дзяржаў, і якая прадугледжвае ўваход Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза», — адзначалася ў дакуменце. 20 студзеня 1944 года на сустрэчы з польскімі эмігранцкімі палітыкамі Чэрчыль падкрэсліў, што польскі бок павінен пагадзіцца на «лінію Керзана», узамен на што Польшча атрымае тэрыторыі на Захадзе. «Цяжка ўявіць, што Вялікабрытанія распачне вайну супраць Савецкага Саюза з-за ўсходняй мяжы Польшчы. Злучаныя Штаты таксама не будуць гэтага рабіць», — адзначыў брытанскі палітык.

На сваецка-польскай мяжы ў Коласава

На сваецка-польскай мяжы ў Коласава

23 студзеня 1944 года польскі эмігранцкі ўрад накіраваў Foreign Office ноту, у якой, сярод іншага, палякі пыталі пра гарантыі вяртання эмігранцкага ўраду ў Польшчу, эвакуацыю чужых войскаў з польскай тэрыторыі і перадачу ўсёй тэрыторыі Усходняй Прусіі польскай дзяржаве. 4 лютага 1944 года Сталін запатрабаваў, каб польскі эмігранцкі ўрад прызнаў «лінію Керзана», а брытанцы аддалі Саветам Кёнігсберг. У адказ прэм’ер польскага эмігранцкага ўрада Станіслаў Мікалайчык прапанаваў формулу, паводле якой на тэрыторыі паміж мяжой 1921 года і савецка-германскай мяжой 1941 года стваралася часовая дэмаркацыйная лінія з польскай і савецкай адміністрацыяй. Пры гэтым Вільня і Львоў засталіся б на польскім баку. Акрамя гэтага, палякі не хацелі аддаваць бальшавікам Кёнігсберг.


Савецкае войска ідзе на Захад

У траўні 1944 года нямецкія пазіцыі ў Італіі штурмавалі жаўнеры Другога польскага корпуса, які ўваходзіў у склад 8-й брытанскай арміі. Каля 30 працэнтаў жаўнераў гэтага вайсковага злучэння складалі беларусы. Цікава, што на пасведчанні да памятнага знака 5-й крэсавай дывізіі Другога польскага корпуса была выява даваенных межаў Другой Рэчы Паспалітай і надпіс: «Без Вільна і Львова няма Польшчы».

Пасведчанне ўзнагароды 5-й крэсавай дывізіі Другога польскага корпуса

Пасведчанне ўзнагароды 5-й крэсавай дывізіі Другога польскага корпуса

23 чэрвеня 1944 года пачалася Беларуская наступальная аперацыя савецкага войска «Баграціён», і 3 ліпеня 1944 года чырвоны сцяг узняўся над Мінскам. Праз пару дзён чырвонаармейцы перакрочылі даваенную савецка-польскую мяжу ў Беларусі. Фарміраванні Арміі Краёвай былі не ў стане стрымаць савецкі наступ на лініі даваеннага кардона, дый задачы такой не ставілася. 27 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія ўвайшла ў Беласток, а праз дзень ад нацыстаў быў вызвалены Брэст. Такім чынам, савецкія войскі дасягнулі лініі савецка-германскай мяжы 1941 года.

У Ялце 4–11 лютага 1945 года адбылася канферэнцыя краін антыгітлераўскай кааліцыі, падчас якой Уінстан Чэрчыль чарговым разам выступіў у падтрымку савецкай прапановы пра мяжу з Польшчай па «лініі Керзана». На прапанову Франкліна Рузвельта аддаць Польшчы Львоў і Львоўскую акругу, Сталін адзначыў, што «лінію Керзана» стварылі Керзан, Клемансо і амерыканцы ў 1918–1919 гадах. «Расію тады не запрашалі, і яна не ўдзельнічала. План гэты быў прыняты насуперак волі расіян і на падставе этнічных дадзеных. Ленін быў супраць яго. Ён не хацеў аддаваць Беласток і Беластоцкую акругу палякам. [...] Мы адыходзім ад пазіцыі Леніна. Што на гэта скажуць рускія і ўкраінцы? Што Сталін і Молатаў горш абараняюць Расію, чым Керзан і Клемансо?» Урэшце, падчас пятага пленарнага пасяджэння Ялцінскай канферэнцыі яе ўдзельнікі вырашылі, што ўсходняя мяжа Польшчы будзе праходзіць па «лініі Керзана», пры гэтым у пэўных раёнах адыходзіць ад яе на 5–8 кіламетраў на карысць Польшчы. Пазней гэта рашэнне было замацаванае на Патсдамскай канферэнцыі ў 1945 годзе і ў дамове паміж Савецкім Саюзам і Часовым урадам нацыянальнага адзінства Польшчы 16 жніўня 1945 года.

Малюнак польскага жаўнера з часоў бітвы пад Монтэ-Касіна

Малюнак польскага жаўнера з часоў бітвы пад Монтэ-Касіна


Як і ў верасні 1939 года, так і 1944–1945 гадах у Крамлі не думалі пра беларусаў і іх этнічныя тэрыторыі. Тэрыторыя Беларусі была разменнай манетай у геапалітычных гульнях спачатку Гітлера і Сталіна, а потым заходніх хаўруснікаў і Крамля. Ахвярамі тых падзелаў сталі і мільёны палякаў, якія вымушаныя былі пакідаць родныя дамы і маёмасць і бегчы з імперыі Сталіна. Гэтыя людзі добра ведалі, што бальшавікам веры няма.