Бязвіз для паляка

Па абодва берагі Бугу пануе эйфарыя з нагоды візавай лібералізацыі. Беларусам могуць знізіць плату за Шэнген да 35 еўра, а палякам — скасавалі візы ў Злучаныя Штаты.

Фота www.polska-kaliningrad.ru

Фота www.polska-kaliningrad.ru

Дыпламат Збігнеў Бжэзінскі, музыка Мэрлін Мэнсан, сузаснавальнік Apple Стыў Вазняк — гэта далёка не поўны спіс этнічных палякаў, без якіх ЗША не былі б ЗША. Не кажучы ўжо пра ролю, якую адыграла польская грамадзянская супольнасць у разбурэнні камуністычнага блоку. Нельга сказаць, што ў Белым доме калісьці забывалі пра польскі ўнёсак. Польшча з’яўляецца галоўным рэгіянальным партнёрам ЗША — з усімі наступствамі. Аднак на просьбах Варшавы наконт скасавання нарэшце візавага рэжыму тое сяброўства чамусьці доўгі час заканчвалася.

Яшчэ можна было зразумець наяўнасць візавых працэдураў для грамадзян Польшчы ў часы «халоднай вайны». Аднак і пасля аднаўлення ў 1991 годзе польскай дэмакратыі Белы дом не спяшаўся пераглядаць правілы. У выніку пытанне зацягнулася амаль на 30 гадоў — і ператварылася для польскага грамадства ў нейкую калектыўную псіхалагічную траўму. Яе спазмы рэгулярна абвастраліся праз тое, што ўсе без выключэння прэзідэнты ЗША спачатку ледзь не на Бібліі кляліся скасаваць візы, а пасля забываліся пра сваё абяцанне.

Першым у гэтым «ганебным» спісе фігуруе Джордж Буш-старэйшы, якога напачатку 1990-х гадоў праінфармавалі пра рашэнне Леха Валенсы адмяніць амерыканцам візы для наведвання Польшчы. Наіўны былы электрык з Гданьску чакаў парытэтнага адказу з Вашынгтона, аднак Буш абмежаваўся тым, што назваў Польшчу лепшым сябрам Амерыкі.

Не прасунулася справа і пры Біле Клінтане. Праўда, у гэтым пытанні той, хутчэй за ўсё, кіраваўся матывамі логікі. Крах польскай сацыялістычнай гаспадаркі прымусіў шмат каго шукаць працу (часта нелегальную і па дэмпінгавым заробку) за мяжой. Закранула гэтая з’ява і амерыканскі працоўны рынак. Інакш бы колькасць адмоваў у амерыканскіх консульствах у Польшчы напрыканцы 1990-х гадоў не дасягала 40 працэнтаў ад усіх пададзеных заяваў.

Прыкладна ў 2007 годзе колькасць палякаў, якім адмаўлялі ў амерыканскай візе, выйшла на ўзровень 10 працэнтаў. Гэта давала Польшчы ўнікальны шанец нарэшце атрымаць бязвіз, паколькі напярэдадні польскае лобі прасунула ў Кангрэсе ЗША спецыяльны закон. Паводле яго прэзідэнт мог надаваць бязвіз краінам — саюзнікам Злучаных Штатаў, калі статыстыка адмоваў іх грамадзянам была не большай за дзесяць працэнтаў. Аднак у выніку Буш-малодшы так закон і не падпісаў. Не дапамагло нават тое, што тагачасны польскі ўрад пагадзіўся адправіць кантынгент польскіх жаўнераў на іракскі і афганскі франты. Рашэнне Буша было яшчэ больш балючым, таму што адначасова ў рамках таго ж закону бязвіз атрымалі венгры, чэхі і літоўцы.

Наступны амерыканскі гарант працягнуў старое правіла — абяцаць адмяніць візы і ў выніку нічога не рабіць. У 2010-м Браніслаў Камароўскі вярнуўся са Штатаў апантаны словамі Абамы: «Візы знікнуць да заканчэння маёй кадэнцыі» — то-бок у 2012 годзе. З часам скончылася першая кадэнцыя Абамы. Пасля і другая. Аднак за амерыканскую візу палякі як плацілі прыкладна 160 долараў, так і працягвалі плаціць.

Абяцаў падчас выбарчай кампаніі вырашыць візавую праблему і Дональд Трамп. Прычым амаль стаханаўскімі тэмпамі: праз два тыдні пасля сваёй інаўгурацыі. У выніку два тыдні расцягнуліся на два гады, хаця ў выніку сваё абяцанне Трамп усё ж выканаў. Напярэдадні 11 лістапада — Дня польскай незалежнасці — падпісаў адпаведны цыркуляр. Згодна яму, Польшча трапляе ў Visa Waiver Program, што дазваляе яе грамадзянам падарожнічаць у Злучаныя Штаты без візы. Можна дапусціць, што Трампам рухалі, хутчэй, меркантыльныя матывы: на выбарах прэзідэнта 2020-га важна заручыцца падтрымкай польскай дыяспары.

Праўда, бязвіз для палякаў не будзе азначаць бязвіз у поўным сэнсе гэтага слова, калі можна наведваць краіну ў любы час. Грамадзянам краіны-суседкі ўсё ж давядзецца перад вылетам за акіян запоўніць праз інтэрнэт нейкі фармуляр і атрымаць фармальную згоду. Зараз сістэма знаходзіцца ў тэставым рэжыме. Таму, прынамсі пакуль, дакладны дзень запуску Visa Waiver Program невядомы.

Польская апазіцыя спадзяецца, што механізм падрыхтоўкі запуску бязвізу зацягнецца на доўгія месяцы. Няма сумневаў, што якраз на візавай тэме будзе рабіць піяр Анджэй Дуда, намагаючыся пераабрацца на пасаду прэзідэнта ўвесну наступнага года. Апаненты Дуды, у сваю чаргу, імкнуцца пераканаць палякаў, што прычынай візавай лібералізацыі стала выключна памяншэнне памераў польскай працоўнай міграцыі. Гэта, маўляў, ілюструе статыстыка адмоваў у амерыканскім консульстве — у гэтым годзе яна ўпала да рэкордных трох працэнтаў.

Самыя заўзятыя апазіцыянеры ўвогуле сцвярджаюць, што Visa Waiver Program — гэта не бязвіз. Маўляў, персанальную падачу заявы на візу проста замянілі на электронную. Хіба што цяпер трэба будзе выкласці не 160, а толькі 14 долараў. Пужаюць, што цяпер кантроль з боку памежных інспектараў у Злучаных Штатах будзе больш жорсткім, аж да праверак зместу вашага Facebook і магчымай дэпартацыі на радзіму ў кайданках.

З часам мы даведаемся, якім у выніку атрымаецца амерыканскі “бязвіз” для палякаў. Аднак нагода павіншаваць суседзяў, безумоўна, ёсць. Таксама як і нагода ўзяць урок таго, як нацыя можа дамагацца сваёй мэты. Безумоўна, праблема працоўнай міграцыі моцна паўплывала на рашэнне пра візы. Аднак, думаецца, што свой эфект мела і практыка, калі на кожнай высокай амерыканска-польскай афіцыйнай сустрэчы польскім бокам уздымалася тэма бязвізу. Чаму б і нашым чыноўнікам не пачаць узгадваць падчас кожнага рандэву з еўрапейскімі калегамі тэму адмены віз для беларусаў?