Незалежнасць: пачатак

Авантура ГКЧП за тры дні зрабіла тое, на што, мяркуючы па стану грамадскай думкі на сярэдзіну лета 1991-га, спатрэбілася б яшчэ некалькі гадоў. Не дзіўна, што аформіць прыход новай эры ў адпаведнасці з канонамі проста не паспелі. (На здымку: Галіна Сямдзянава прынесла ў Вярхоўны Савет бела-чырвона-белы сцяг 24 жніўня 1991 года)



415185ea244ea2b2bedeb0449b926802.jpg

Авантура ГКЧП за тры дні зрабіла тое, на што, мяркуючы па стану грамадскай думкі на сярэдзіну лета 1991-га, спатрэбілася б яшчэ некалькі гадоў. Не дзіўна, што аформіць прыход новай эры ў адпаведнасці з канонамі проста не паспелі.

(На здымку: Галіна Сямдзянава прынесла ў Вярхоўны Савет бела-чырвона-белы сцяг 24 жніўня 1991 года)


У дадатак дзень для абвяшчэння незалежнасці — 25-га жніўня — быў абраны яўна няўдала. Дастаткова ўзгадаць, што гэта была нядзеля, калі шмат людзей традыцыйна «адпачываюць» на фазэндах (так пачалі называць дачныя соткі пасля серыяла «Рабыня Ізаура»). Да таго ж у дзень надання «Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце» сілы канстытуцыйнага закона панавала спякота. У выніку сведак гістарычнай падзеі было няшмат, прыкладна 5 тысяч палітычна заклапочаных грамадзян, якія сабраліся на плошчы імя Леніна. У параўнанні з той жа суседняй Украінай або Літвой усё выглядала неяк сумбурна, хаатычна.
Публіцыст Сямён Букчын пакінуў наступныя нататкі пра Мінск увечар дня абвяшчэння незалежнасці. «Што адбываецца ў краінах, як рэагуюць народы, калі знаходзяць доўгачаканую незалежнасць. Кажуць, што, калі гэта здараецца падвечар, людзі выходзяць на вуліцы, гараць агні. Адным словам, усеагульнае ажыўленне, незвычайны духоўны ўздым. Увечары мінулай нядзелі наш ВС прыняў закон пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, я дарма шукаў на гарадскіх вуліцах хоць нейкія прыкметы народнай весялосці… горад быў пусты звычайнай пустэчай, якой заканчваюцца нядзелі. Што ж тычыцца агнёў, то а 11-й гадзіне ў Савецкім раёне адключылі электрычнасць».
Аднак выбіраць, па-сутнасці, не даводзілася. Прамаруджванне было сапраўды падобнае да смерці. Партыйна-савецкая наменклатура магла выйсці са ступару, у які яе ўвяла параза путчу, і заблакаваць Дэкларацыю аб незалежнасці.
Сумбурнасць пры абвяшчэнні беларускай незалежнасці хутчэй указвае на непрадказальнасць сітуацыі, якая развіваліся ў той час надзвычай дынамічна. Яшчэ тыдзень да гэтага ніхто нават уявіць сабе не мог, што Беларусь стане незалежнай, а Кампартыя Беларусі страціць легальны статус. Прычым галасаваць за тыя пастановы будзе партакратыя, якая як агню баялася расійскіх дэмакратаў. Менавіта на гэтай паранойі і згуляў дэмакратычны блок. Калі верыць Навумчыку, пераломным на сесіі Вярхоўнага Савета стаў выступ Зянона Пазняка, які заявіў, што ў Расіі «фармуецца маладая агрэсіўная імперыя ў форме дэмакратыі». «Я прашу вас паставіць гэтае пытанне і вырашыць яго сёння. Бо заўтра можа быць позна», — заклікаў Пазьняк. Камуністы ў жаху пачалі ціснуць кнопкі. Прапанова пра незалежнасць атрымала большасць галасоў.
Што тычыцца сціплай лічбы прысутных 25 жніўня 1991 года на плошчы, то яе, магчыма, кампенсуе наступны факт: менавіта са жніўня прысутнасць грамадзян перад Домам ураду стала нормай. Насупраць помніка Леніну ўзнік намётавы лагер, які пратрымаўся аж да зімы 1992 года. Хто тут толькі ні тусаваўся! Ад дэлегацыі літоўскіх беларусаў, якія патрабавалі інкарпараваць у склад Беларусі Віленскі край, да камуністаў, якія абаранялі помнік Леніну, мусіруючы чуткі, што дэмакраты збіраюцца паставіць замест Ільіча статую Леха Валенсы.
Цяжка пагадзіцца з тым жа Букчыным, што народу ідэя незалежнасці была па барабану. Мяркуючы па зводках газет, незалежнасць была ўспрынятая насельніцтвам дастаткова лаяльна. Тым больш, што яна пасавала папулярнай тады ў народзе думцы аб вывазе з рэспублікі ў Расію дэфіцытных тавараў. Як пісаў у тыя часы Уладзімір Арлоў: «Незалежнасць — гэта калі велізарныя аўтафуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія фуры, дзе было б напісана «Центроввоз»?) падрульваюць не да чужых, а да нашых крамаў».
Пра наяўнасць такога «незалежніцкага» настрою сведчыць выпадак у Барысаве. Прыкладна праз пару дзён пасля атрымання суверэнітэту на барысаўскай аўтабазе, якая належала арганізацыі «Смоленскдорстрой», паспрабавалі паставіць на машынах расійскія нумары. Шафёры заблакавалі выезд машын з прадпрыемства. «Хочам працаваць для Беларусі!» — крычалі яны.
Знешнюю пасіўнасць насельніцтва 25 жніўня можна патлумачыць таксама і тым, што многія не ўспрымалі абвяшчэнне незалежнасці ўсур’ёз. Ідэю заключэння новага Саюза абараняла нават заўважная частка дэмакратаў, якая баялася, што кансерватыўная камуністычная большасць у ВС затармозіць рынкавыя рэформы. У дадатак фармальна Беларусь працягвала быць суб’ектам Новаагароўскага працэсу, лабістам якога быў Міхаіл Гарбачоў, што вярнуў сабе папулярнасць. Нават называліся даты падпісання новай саюзнай дамовы. У верасні, наведваючы ФРГ, абраны на пасаду спікера Станіслаў Шушкевіч выступіў супраць устанаўлення дыпламатычных адносін РБ з замежнымі краінамі.

Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк, 1993 год


Аднак канкрэтныя абставіны патрабавалі ад уладаў стварэння атрыбутаў для кагосьці жаданай, для кагосьці нежаданай незалежнасці. Без гэтых атрыбутаў не магла працаваць адміністрацыйная вертыкаль. На вастрыі атакі за найхутчэйшае ўвядзенне новай сімволікі і ўсіх інстытутаў суверэннай дзяржавы ішла фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце і дастаткова ўнушальная нацыянальна-дэмакратычная плынь па-за ім (па сацыялагічных апытаннях, БНФ падтрымлівала 15–20 працэнтаў насельніцтва). Канец жніўня-верасень — час, калі ліхаманкава ствараўся каркас айчынай дзяржаўнасці: сімволіка, МЗС, Нацбанк, войска і г.д.
Так, насуперак заявам Шушкевіча ў Берліне, былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны з Літвой. Адбылося гэта падчас вераснёўскага візіту ў Мінск Вітаўтаса Ландсбергіса. Візіт трошкі сапсаваў непрыемны інцыдэнт. Госць нечакана заявіў, што літоўцы збіраюцца называць Беларусь — «Рэспубліка Гудзіес» (ад «гуд», што па-літоўску «іншаземец»). Нашым інтэлектуалам гэта не спадабалася. Яны рашуча выступілі за варыянт «Балтарусія».
Услед за візітам Ландсбергіса ў Вільню накіраваўся Шушкевіч. Там ён трапіў у аналы гісторыі. Старшыня ВС стаў першым замежным палітыкам, якога ў новай незалежнай Літве сустракала ганаровая вайсковая варта. Для такога выпадку Станіслаў Станіслававіч вывучыў фразу па-літоўску: «Вітаю вас, мужныя змагары».
А 1 кастрычніка пачаўся першы прызыў у беларускую армію. І адразу ўзнікла праблема. Не хапіла навабранцаў, каб забяспечыць Беларускую вайсковую акругу, на базе якой і стваралася войска. У казармы забрылі толькі 77 працэнтаў ад патрэбнай колькасці. Выйсце прапанаваў камісар Ленінскага РВК Уладзімір Чарданцаў. Па яго словах, з улікам добрых адносін з Узбекістанам і Кіргізіяй, трэба папрасіць у Карымава і Аліева крыху прызыўнікоў. Ва Узбекістане з прызыўнікамі быў відавочны перабор — 346 працэнтаў. А ў Кіргізіі — увогуле 660. Войска неяк укамплектавалі без кіргізаў і ўзбекаў, і адразу ж распачаліся дэбаты пра скарачэнне арміі — адна з самых вялікіх і складаных тэмаў для маладой дзяржавы.
Узнікла праблема і з нацыянальнай сімволікай. 19 верасня дэмакраты дамагліся зацвярджэння новага сцяга, і нават прызначылі час змены сцягоў — 20 верасня, а 10-ай гадзіне. Але нехта спрацаваў на апярэджанне і ўсталяваў «наш бел-чырвона-белы штандар» з самай раніцы. Прыгожы сцяг лунаў над сталіцай, але ж цырымонія была сапсаваная. Журналісты, якія прыйшлі а 10-й на плошчу Леніна, былі вельмі незадаволеныя.
Плошчы Леніна, дарэчы, хутка не стала. Мінгарсавет перайменаваў яе ў плошчу Незалежнасці. Змянілася назва і галоўнага праспекта сталіцы. Дарэчы, першым злачынствам, зафіксаваным на нованазваным праспекце імя Францыска Скарыны, стала збіццё грамадзяніна Габону. Шпана экспрапрыіравала ў яго скураную куртку і 300 французскіх франкаў.
Больш складанай была справа з гербам Пагоня. Рэдакцыя газеты «Звязда» (якую, дарэчы, прапаноўвалі перайменаваць у «Зорку») прапанавала наўпрост прыклеіць Пагоню ў цэнтр гербу БССР. Нейкія пацыфісты патрабавалі прыбраць з рукі вершніка меч, бо гэта знак мілітарызму, архаізм для канца ХХ стагоддзя. Былі пярэчанні і з-за падабенства беларускага і літоўскага гербаў. Цікавы адказ для падобнай публікі прыдумаў гісторык Алег Дзярновіч. Ён заклікаў выкарыстоўваць у якасці гербу варыянт Пагоні, які месціцца на вокладцы Трэцяга Статуту ВКЛ. Наверсе той Пагоні намаляваная карона. «Карона (сімвал сюзерэна ўлады) будзе сімвалам суверэннасці беларусаў. Ну а летувісы хай карыстаюцца пагоняй без кароны», — аўтарытэтна адзначаў Алег.
Сёння тая дыскусія ўражвае сваёй вастрынёй. Аднак трэба згадаць, што пачатак 1990-х быў вельмі спецыфічнай эпохай. Першыя дні беларускай незалежнасці супалі з зенітам галоснасці. Голад страўнікавы яшчэ не паспеў выцесніць голад інфармацыйны. Задавальнялі прагу інфармацыі ўсім — споведзямі путанаў, байкамі пра іншапланецян, фокусамі экстрасэнсаў. Орган камуністаў — газета «Мы и время» — скардзіўся на аршанскую раёнку «Ленинский призыв», якая на працягу 14 выпускаў (!) на ўсю газетную старонку знаёміла аршанцаў з «Сакрэтамі майстэрства Бруса Лі». Між тым, тая ж «Мы и время» не саромелася распавядаць пра амерыканскі крэйсер, які, калі верыць публікацыі, стаіць на рэйдзе балгарскай Варны і апраменьвае адтуль Гарбачова і Ельцына з устаноўкай на працяг перабудоўчых працэсаў.
Перманентнае спажыванне сенсацый фармавала дзіўную форму разумення рэальнасці. Людзі верылі ў самыя фантастычныя пражэкты. Літаральна напярэдадні путчу прэм’ер Кебіч сустрэўся з прафесарам тэхаскага ўніверсітэту Скотам Норвудам і прасіў яго стварыць у БССР паўнавартасную рынкавую структуру. «Ноу проблем», — сказаў яму амерыканец.
Другім фонам першых месяцаў незалежнасці стаў працэс першапачатковага накаплення капіталу. Ідэя рынку крочыла ў масы. Так, у піянерскім лагеры «Юны хімік», што пад Гомелем, улетку 1991-га ўвялі сваю грашовую адзінку «терюхан». За адзін «терюхан» можна было ўвечары пасядзець каля кастра.
Формулу абагачэння ведаў кожны смяротны: набыць нешта ў Беларусі і прадаць за мяжой. Праз брэсцкі вакзал у летнія дні 1991-га штодня туды-сюды праязджала да сямі тысяч чалавек. У прэсе ішла дыскусія, што рабіць з Камароўкай — самым вялікім сталічным рынкам. Нарэшце ў кастрычніку было прынятае канцэптуальнае рашэнне перанесці рынак на стадыён «Дынама». Такое рашэнне, думаецца, віталі футбалісты мінскага спартыўнага таварыства «Дынама». Дзякуючы грошам камерсантаў нарэшце ўдалося ўключыць на стадыёне гарачую ваду. Магчыма, калі б ваду далі раней, дынамаўцы згулялі б лепш. А так сезон 1991-га яны закончылі ў сярэдзіне табліцы.
Між тым, адначасова з нефармальным бізнэсам з’явіўся крымінал. У 1991 годзе рэкет стаў атрыбутам паўсядзённага жыцця. Часам браткі дзейнічалі вельмі арыгінальна. Так, на варшаўскім рынку «Стадыён», дзе гандлявалі «чаўнакі» з Беларусі, паўстала нейкая банда ў выглядзе вулічнага ансамбля. Выканаўшы музычны нумар, музыкі прасілі ў гандляроў ганарар у 30 тысяч злотых (на той час 1 долар). Таму, хто адмаўляўся, пырскалі ў твар нейкую хімію са словамі: «Аста ля віста, бэбі!» — культавай фразай з фільму «Тэрмінатар», які з трыумфам прайшоў па кінатэатраў летам 1991-га.