Недасьпяваная песьня садоўніка

Пакуты і боль вайны праз гісторыю аднаго чалавека. Гісторыя, якую можна распаўсюдзіць на безьліч іншых лёсаў. Яго забралі на фронт пасьля вызваленьня вёскі і сталіцы 3 ліпеня ў сталым узросьце. Жыць заставалася месяц.

Іван Гаўрылавіч Хадзінскі

Іван Гаўрылавіч Хадзінскі

Да вайны

Герой нашага аповеда — нашчадак старажытнага шляхетнага роду Хадзінскіх гербу Цялок. Іван нарадзіўся ў сям’і Гаўрылы Якаўлевіча і Марыі Іванаўны ў вёсцы Новы Двор, што ля самага Менску, на паўднёвым усходзе, 17 чэрвеня 1897 года. На гэты час у сям’і бадай толькі ў паданьнях перадаваліся гісторыі пра славутае паходжаньне продкаў: ужо доўгі час сям’я была пераведзеная ў сяляне пры расейцах. Працавалі на зямлі, здабывалі свой хлеб.

У Івана быў брат Мікалай (прадзед аўтара) і сястра Вера, і ў такім складзе сям’я сустрэла Першую сусьветную вайну. Івана Хадзінскага забралі ў войска, захаваўся дакумэнт за 1917 год, дзе пазначаныя мейсца службы і іншыя дэталі. Даведваемся, што ён ваяваў у 270-м пяхотным запасным палку, а вясною 1917 года трапіў у палявы шпіталь з грыпам.

Картка са шпіталя Першай сусьветнай вайны

Картка са шпіталя Першай сусьветнай вайны

Яшчэ да той вайны Іван пайшоў у Народную школу, скончыў 4 клясы, а ў 1923 годзе знайшоў сваю каханую. Вянчаліся з Адэляй Феліцыянаўнай Урбан у Каралішчавіцкім касьцёле 17 лютага 1924 года.

Перадшлюбны іспыт у Каралішчавіцкім касьцёле

Перадшлюбны іспыт у Каралішчавіцкім касьцёле

На 1925 год сям’я бацькі Гаўрылы, дзе па-ранейшаму жылі Іван з Адэляй, мела 1 каня, 2 каровы, 3 сьвіней і 2 авечак. Сьціплы мінімум, каб пракарміцца. Іван Хадзінскі працаваў садоўнікам у Новым Двары.

1925_hadzinski_hauryla_jakaulevicz._perapis.jpg

Пасьля гэтага ў хуткім часе пайшлі дзеці: у 25-м Марыя, у 26-м Міхаіл, у 28-м Павел, і ў 1938-м Васіль. У партыю не ўваходзіў, жыў мірна. Але потым усё зьмянілася.

Адэля Феліцыянаўна, жонка Івана Хадзінскага

Адэля Феліцыянаўна, жонка Івана Хадзінскага

1941

З прыходам немцаў Іван Хадзінскі з усёй сям’ёй застаўся ў вёсцы. З успамінаў аднавяскоўцаў (напрыклад, спадарыні Алы Ўладзімераўны Саладуха) можна даведацца, што нацысты да жыхароў ставіліся нэўтральна. Карных апэрацыяў не праводзілі, і больш за тое, напярэдадні адыходу ўлетку 1944-га яны арганізавана селі на машыны і зьехалі далей ад лініі фронту. Гучыць як гісторыя пра добрых немцаў, але маем, што маем.

Разам з тым акурат у 1944 годзе ў сям’і Івана Хадзінскага здарылася трагедыя.

У жніўні 1942 года Іван Гаўрылавіч наведаўся ў Менск, у Раённую Ўправу, Гебітскамісарыят Менск, дзе падаў заяву на атрыманьне дакумэнту — пашпарту. Толькі дзякуючы гэтай паперы атрымалася некалькі гадоў таму здабыць адзіны фотаздымак, які быў далучаны да справы. Іншых фота не існавала, і пытаньне, як выглядаў Іван, не давала спакою яго нашчадкам.

Заява на пашпарт Івана Хадзінскага, 1942 год

Заява на пашпарт Івана Хадзінскага, 1942 год

У 1943 годзе з Падатковых лістоў аб падатку за ліпень-верасень знаходзім цікавую інфармацыю. Іван Гаўрылавіч меў у карыстаньні 6,1 гектар зямлі, зь іх 5 гектараў — ворная зямля, 0,5 гектары — луг, і яшчэ 0,6 гектары — прысядзібная зямля. Згадзіцеся, не камуністычныя надзелы па дзесяць сотак.

Падатку мусіў сплачваць 15 рэйхсмарак. На сёньня, з улікам інфляцыі і пераводу ў даляры, гэта было б роўна 105$.

Апошні год жыцьця

У 1944-м пляменьнік Івана — вясковы хлопец Анатоль Хадзінскі — скраў у немцаў трафейны посуд, выраблены ў Баварыі ў 1941 годзе, што і да сёньня захоўваецца сярод сямейных рэліквіяў.

У гэтым жа годзе сярэдні сын Івана — Павел Хадзінскі — загінуў у 16-цігадовым узросьце недалёк ад Новага Двара. Як апавядаў дзед аўтара, Павел кідаў гранату ў нямецкі танк і быў забіты. А далей прыйшло чырвонае вызваленьне. Жыць заставалася месяц.

Магіла сына Івана Хадзінскага - Паўла ў Новым Двары

Магіла сына Івана Хадзінскага - Паўла ў Новым Двары

Вызваляльнікі

3 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія афіцыйна вызваліла Менск ад немцаў, а разам зь ім, вядома, і вёску Новы Двор. Ці сустракалі іх кветкамі і хлебам, не вядома, але фактам зьяўляецца наступнае. Ужо ў першыя ж дні пасьля гэтага наноў створаным камуністычным Менскім раённым ваенным камісарыятам Іван Хадзінскі ва ўзросьце 47 гадоў быў прызваны ў армію Саветаў.

З Новага Двара ўвогуле вырашылі ўзяць усіх, хто быў. У 1104-ты стралковы полк 331-й стралковай дывізіі 31-й арміі 3-га Беларускага фронту былі таксама забраныя: Васіль Хадзінскі (41 год), траюрадны пляменьнік Івана, Міхаіл Мачальскі (20 гадоў), Лукаш Рудзінскі (42 гады), Антон Рудзінскі (47 гадоў), Сьцяпан Шабан (37 гадоў), Адам Дуброўскі (38 гадоў), Міхаіл Дуброўскі (44 гады), Іван Малашэвіч (19 гадоў).

Ілюстрацыйны здымак іншага стралковага палка

Ілюстрацыйны здымак іншага стралковага палка

Што такое звычайны стралковы полк? Гэта чалавечая маса, у руках якіх вінтоўка ці ў лепшым выпадку аўтамат. Гэты натоўп кідаюць у наступ, раз за разам, раз за разам. Колькі часу прайшло з моманту вырываньня з роднай вёскі ў падрыхтоўцы да дзеяньняў у складзе вайсковага фармаваньня? Дакладная інфармацыя адсутнічае. Вядома толькі, што ўжо праз няпоўны месяц пасьля прыходу чырвоных некаторыя са сьпісу навадворскіх шарагоўцаў ужо адправіліся ў лепшы сьвет.

Кіраваў палком у гэты час Віктар Каржавін.

З дакумэнтаў 1104-га палка вынікае, што 27 ліпеня 1944 года атрыманае папаўненьне ў складзе 205 чалавек. Сярод іх былі і дзевяць з Новага Двара. У той дзень байцы праходзілі санітарную апрацоўку і баявую падрыхтоўку: чатыры гадзіны тактыкі на тэму «адзінкавы баец у наступе». А таксама чатыры гадзіны агнявой падрыхтоўкі на тэму «Мат. частка вінтоўкі і ППШ».

28 ліпеня, жыць заставалася 9 дзён

331-я дывізія, згодна з атрыманым загадам, перайшла ў рэзэрв кіраўніка арміі і зьдзейсьніла начны марш па маршруце: Сьвентаянск, Гердашэ, Ліпнюнцэ, Дзіржэ (сёньня гэта на самай мяжы Беларусі і Літвы па рацэ Нёман у Гарадзенскім раёне) і засяродзіліся пасьля 24-хкілямэтровага маршу ў лесе, на 1 км на поўдзень ад Міцэвічаў. Такім чынам дывізія перайшла зь левага на правы флянг Корпуса. Загінулых падчас маршу няма.

А 01.30 начы пачалі разьмяшчэньне падразьдзяленьня і абсталяваньня лягеру. На працягу дня зьдзяйсьнялі чыстку зброі.

А 14-й гадзіне былі прыведзеныя да прысягі байцы асабовага складу, якія былі атрыманыя ў папаўненьне.

29 ліпеня, жыць заставалася 8 дзён

Згодна з загадам кіраўніка дывізіі, полк аб 11.30 выйшаў на марш па маршруце: Міцэвічы, Вейсэле, Лейпуны, і пасьля 10-цікілямэтровага пераходу а 14.30 засяродзіўся ў гаі ў палутара кілямэтрах на поўнач ад Лейпуноў. Асабісты склад пачаў трэніроўкі. У іх уваходзілі: заняткі агнявой падрыхтоўкі на тэму «Мат. частка вінтоўкі, дагляд і зьберажэньне». Страявая падрыхтоўка на тэму «Страявы крок, павароты на месцы і ў руху, выйсьце са строю».

А 19-й гадзіне полк выйшаў на марш па маршруце: гай на поўнач Лейпуноў, Лейпуны, Шадзюны, Вэйсэе, Пятрашкі, Пазопсэ, і пасьля 26 кілямэтраў пераходу дасягнулі рубяжа скрыжаваньня шасэйных дарогаў, што на паўночны захад ад Брынюкоў. Полк засяродзіўся і акапаўся фронтам на паўночны захад у поўнай баявой гатоўнасьці.

30 ліпеня, жыць заставалася 7 дзён

А 12-й гадзіне дня полк выйшаў у 1 эшалон і павёў бой за Маркішкі, што на паўночны захад ад Пількэ.

А 14-й гадзіне полк перайшоў дзяржаўную мяжу і выйшаў на тэрыторыю Сувалкскай вобласьці (вобласьць дзяржаўных інтарэсаў Нямеччыны — як пазначана ў дакумэнце).

Схема 331-й дывізіі за 30 ліпеня 1944 г.

Схема 331-й дывізіі за 30 ліпеня 1944 г.

А 16.25 пасьля жорсткага бою зламілі супраціў ворага і авалодалі Маркішкамі. Пасьля гэтага разьвівалі посьпех.

Да 20.25 полк выйшаў: першы батальён да Пулкатаў, другі батальён завалодаў шашой у раёне млына, што на захад у 1,8 км ад Бежнікаў, трэці батальён знаходзіўся ў стыках першых двух на безыменнай узвышанасьці на паўднёвым усходзе ад Пулкаты.

А 20.30 назіраньнем заўважаны рух 6 сярэдніх танкаў ворага з Крэйвінцэ на Альшанку.

Страты палка за дзень: 31 чалавек. Вайсковая частка зьлева 173 сд, справа 1108 сп.

31 ліпеня, жыць заставалася 6 дзён

Схема войскаў за 31 ліпеня 1944

Схема войскаў за 31 ліпеня 1944

Вораг на ўчастку наступу палка ўпарта абараняецца асобнымі групамі пры падтрымцы 5 самаходных гарматаў, цяжкіх і лёгкіх мінамётаў і палявой артылерыі. Авіяцыя суперніка на працягу дня зьдзейсьніла 27 самалётавылетаў Ю-87 і 15 ФВ-190. Бамбіла і абстрэльвала кулямётным агнём баявыя парадкі пяхоты.

Полк пры падтрымцы артылерыі вёў наступальныя баі.

Да 10-й раніцы другі батальён 1104-га палка пры ўдзеле 1108-га палка захапіў Крэйвіцэ.

А 15-й гадзіне 2-гі батальён 1104-га, пераадольваючы моцны агнявы супраціў ворага, перайшоў праз перашэек, што падзяляў яго з Бежнікам і авалодаў шашой ля асобнага доміка за 1 км ад Альшанкі.

1-шы і 3-ці батальёны нашага палка абышлі возера зьлева, выбілі ворага з узвышанасьцяў на поўдзень ад Крэйвіцэ і выйшлі на скрыжаваньне грунтовых дарогаў у 500 мэтрах на паўднёвы ўсход ад Альшанкі.

У выніку посьпеху першага і трэцяга батальёнаў, другі стралковы батальён да 18 гадзінаў выйшаў на безыменныя пагоркі, якія ўзвышаюцца над Альшанкай, на 500 мэтраў на паўночным усходзе.

А 22-й гадзіне полк выйшаў на ўсходнюю ваколіцу Альшанкі і вядзе бой за яе.

Страты ворага: забітымі да 60 чалавек.

Нашыя трафеі: бронемашына і склад з боепрыпасамі.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

1 жніўня, жыць заставалася 5 дзён

Полк пасьля напружанага боя аб 11-й гадзіне завалодаў Альшанкай і перасьледаваў суперніка. А 12.30 завалодаў Зарубамі і адцясьніў ворага да месца Сейны.

Да 22-й гадзіны сустрэлі ўпарты супраціў і моцны згубны агонь з кулямётных кропак, якія знаходзіліся на паўночных, паўночна-ўсходніх і заходніх ваколіцах Сейны і на касьцёле, а таксама мінамётна-артылерыйскі агонь, — наступальныя падразьдзяленьні палка выйшлі на рубеж за 700 м на ўсход ад Сейны і працягвалі весьці бой за валоданьне ёю.

Схема фронту на пазначаны час, можна ўбачыць 331 стралковую дывізію

Схема фронту на пазначаны час, можна ўбачыць 331 стралковую дывізію

2 жніўня, жыць заставалася 4 дні

Страты ворага: забітымі да 80 чалавек.

Працягваючы з баямі прасоўвацца наперад, полк заняў а 4-й раніцы Сейны і разьвіваў посьпех на працягу дня. З баямі заняў Радзюшкі, Лапукава, Паўлуўка, месца Краснаполь і а 21-й гадзіне засяродзіўся на рубяжы заходніх ваколіцаў Краснаполя фронтам на захад, акапаўся і прыняў баявое становішча ў гатоўнасьці адбіваць контратакі ворага.

3 жніўня, жыць заставалася 3 дні

Полк на гэты дзень меў наступныя сілы: тры батальёны няпоўнага складу, 650 актыўных штыкоў, 6 станкавых кулямётаў, 14 мінамётаў 82 мм, 4 гарматы, 2 гарматы 76 мм і 3 цяжкіх мінамёта. Падтрымлівала гэта 5 самаходных установак 76 мм.

А 4-й раніцы полк выйшаў на марш па маршруце Краснаполь, Высоке-Гура, Пятровізна, на ўзьлеску на захад ад Пятровізны ў 1 км і па дарозе на Ліпняк а 14-й гадзіне засяродзіўся на гэтым рубяжы.

Супернік абараняецца ў вёсцы Ліпняк.

Суадносіны былі наступныя: у пяхоце перавага прыблізна ў 3 разы над немцамі, у артылерыйскай групе — у 2-3 разы менш. Прычым у пяхоце абсалютная большасьць стралкоў былі ўзброеныя вінтоўкаю, а артылерыя мела востры недахоп у мінах і снарадах.

«Такія суадносіны сілаў асабліва настойліва дыктавалі пяхоце як мага хутчэй зблізіцца з супернікам на самай блізкай адлегласьці, каб пазбавіцца ад яго артылерыйскага агню. Таму што артылерыя суперніка пры блізкім баі нявольна вымушаная спыніць агонь па нашых баявых парадках праз асьцярогу абстраляць сваю ж пяхоту. Таму кіраўнік палка загадаў кіраўнікам батальёнаў як мага бліжэй, упрытык падвесьці пяхоту да суперніка ў разьліку на рукапашны бой».

Чорным па белым кіраўніцтва 331-й стралковай дывізіі пісала аб тым, што лепшая тактыка пры атацы — гэта закідваньне ворага чалавечым мясам сваіх вайскоўцаў. Нашых жа ў 3 разы больш, давайце ўрукапашную.

Частка апісаньня бою за Ліпняк

Частка апісаньня бою за Ліпняк

Усё, як вы маглі бачыць у розных фільмах, самая страшэнная фаза вайны, калі ты бяжыш з нажом, з прыкладам, са штыком, з голымі рукамі на ворага, і толькі дзякуючы перавазе ў людзях праходзіш далей па трупах сваіх жа паплечнікаў.

Бязьлітасная і па сутнасьці злачынная тактыка камуністычнага кіраўніцтва арміі.

У гэтым жа дакумэнце чырвоныя не саромеюцца сказаць, што немцы, хоць і фашысты на ўсю галаву, але артылерыяй па сваіх біць ня стануць. За Саветамі такое не заржавее. Праўда, снарадаў было мала.

А 18-й гадзіне пасьля 15-хвіліннага артналёта полк пачаў наступаць на Ліпняк, і да 20-й гадзіны вырваўся на ўсходнія ваколіцы Ліпняка. Завязаўся бой непасрэдна ў населеным пункце за кожны асобны дом, сарай, у справу былі пушчаныя гранаты.

Да 22-й гадзіны полк цалкам авалодаў вёскай Ліпняк. Паветраная абарона сваім агнём прыкрывала пяхоту, якая наступала.

Страты ворага: забітымі да 30 чалавек.

4 жніўня, жыць заставалася 2 дні

Супернік абараняецца за загадзя падрыхтаваным рубяжы: траншэйная сістэма поўнага профілю. Яна праходзіць па: Асака, безыменная ўзвышанасць паміж Асакай і Ліпняком, за 200 м ад Ліпняка, Нова-Высь. Вораг аказвае моцны агнявы супраціў: стрэльбава-кулямётным, арт-мінамётным агнём і агнём самаходных гарматаў.

Полк пасьля боя за Ліпняк прасунуўся на 40 м за Ліпняк і сустрэў моцны агнявы супраціў. Полк акапаўся на дасягнутым рубяжы. Шматразовыя спробы наступаць плсьпехаў ня мелі.

5 жніўня, апошні дзень жыцьця

Полк засяродзіўся на мінулым рубяжы. У баях за Ліпняк полк панёс вялікія страты. Выйшлі са строю кіраўнік 1-га батальёна маёр Кісялёў, кантужаны кіраўнік 2-га батальёна маёр Афанасьеў. У ротах засталося па 10-12 чалавек, а некаторыя роты зусім перасталі існаваць.

Не засталося ніводнага станкавага і ручнога кулямёта, а таксама аўтаматаў.

Кіраўніцтва вырашыла сфармаваць адзін батальён пад кіраўніцтвам маёра Ільічава. У батальёне стварылі тры роты.

12 падзякаў Сталіна за зьнішчаных людзей

12 падзякаў Сталіна за зьнішчаных людзей

Агульны асабісты склад жаўнераў складаўся са 130 чалавек.

Аб 11-й раніцы пасьля кароткай артылерыйскай падрыхтоўкі батальён пераадольваў моцны агнявы супраціў ворага, пайшоў у атаку, каб захапіць траншэю суперніка. Полк панёс страты і зноў засяродзіўся на сыходным рубяжы.

У выніку палутарагадзіннага бою а 12.30 частка пяхоты была выбітая зь нямецкай траншэі і адышла назад на заходні ўзьлесак, а іншая частка засталася ў траншэі суперніка, панесла вялікія страты ад масіраванага агню суперніка.

Штаб 1104-га стралковага палка праз некалькі дзён напіша наступнае данясеньне:

«Полк не адыходзіў ад занятага рубяжа, ён зьнік не з поля бою, полк зьнік на полі бою. Полк сьцёк крывёю, змагаўся да апошняга жаўнера, ні на крок не адступіў.

Маральны стан пяхоты быў на вельмі высокім узроўні, што сказалася на незгасімым наступальным імпэце».

З дзевяці мужчынаў Новага Двара, забраных у Чырвоную Армію, пры вызваленьні Менска 3 ліпеня дадому вярнуўся адзін.

Іван Гаўрылавіч Хадзінскі забіты 5 жніўня

Міхаіл Максімавіч Мачальскі забіты 8 жніўня

Іван Сямёнавіч Малашэвіч забіты 5 жніўня

Сьцяпан Ямяльянавіч Шабан забіты 1 жніўня

Адам Кандратавіч Дуброўскі забіты 2 жніўня

Міхаіл Кандратавіч Дуброўскі забіты 1 жніўня

Антон Ямяльянавіч Рудзінскі забіты 6 жніўня

Лукаш Ямяльянавіч Рудзінскі арыштаваны ў кастрычніку 1944 года за антысавецкую агітацыю і асуджаны да 10 гадоў зьняволеньня.

Лукаш Рудзінскі

Лукаш Рудзінскі

І толькі Васіль Аляксандравіч Хадзінскі ў сьнежні 1944 года пасьля цяжкага раненьня быў адпраўлены дадому.

Васіль Хадзінскі

Васіль Хадзінскі

Івана Хадзінскага пахавалі ля вёскі Ліпняк, дзе ў 1952 годзе была праведзеная эксгумацыя і перапахаваньне на вайсковых могілках у Кшывульцы, што сёньня адносіцца да Сувалкскага ваяводзтва Польшчы.

novy_dvor_2.jpg

Сьвіслач, якая цячэ праз вёску Новы Двор