Нататкі некрапаліста. Помнік у егіпецкім стылі

На каталіцкім некропалі ў горадзе Пружаны захаваўся незвычайна цікавы і надзвычай рэдкі для Берасцейшчыны помнік, на магіле сям’і Чарноцкіх, які адносіцца да егіпецкага стылю.

a84efb7916d7d03e881d04f95e18436a.jpg


У пачатку XX стагоддзя “егіпецкі стыль” ўжываўся ў будаўніцтве самых розных па прызначэнні аб’ектаў: кінатэатраў, каледжаў, бібліятэк і музеяў, заводаў і фабрык, турмаў і сінагог. Строгія, масіўныя, манументальныя формы выкарыстоўваліся ва ўсіх абласцях архітэктуры і інтэр’еру.
Егіпецкі стыль — гэта напрамак у еўрапейскім мастацтве, якое выкарыстоўвае элементы мастацтва старажытнага Егіпта. Цікавасць да гэтай традыцыі ўзнікла яшчэ ў часы Старажытнага Рыма, аднак найбольшы пік прыйшоўся на канец XVIII — пачатак XIX стагоддзяў, калі “Егіпецкі паход” Напалеона зноўку адкрыў яе для Еўропы.
Егіпецкія матывы сталі неад’емным элементам стылю ампір. Наступны важны ўсплёск моды прыйшоўся на пачатак ХХ стагоддзя і быў звязаны са знаходкай пахавання Тутанхамона ў 1922 годзе.
Захапленне мастацтвам старажытнага Егіпта не абмінула і могілак. Напрыклад, у Лондане, на могілках Хайгейт, арыгінальнай славутасцю з’яўляецца егіпецкая алея, уваход якой аформлены накшталт Луксорскага храму. Надмагіллі ў егіпецкім стылі захаваліся на многіх старадаўніх могілках свету: Пер-Лашез ў Парыжы, Шато ў Ніцы, Вудлон ў Нью-Ёрку і многіх іншых.
На каталіцкім некропалі ў горадзе Пружаны захаваўся незвычайна цікавы і надзвычай рэдкі для Берасцейшчыны помнік, на магіле сям’і Чарноцкіх, які адносіцца да егіпецкага стылю.

1f012dbc943a4f13f0058d71ea6483b3.jpg


Чарноцкія — прадстаўнікі старадаўняга дваранскага роду герба Ліс-Бзуры, які бярэ свой пачатак на Валыні. Адным з першых прадстаўнікоў гэтага роду, які прыбыў на Пружаншчыну, быў Люцыян Баляслаў Чарноцкі. Пасля заканчэння паляводаў у Дублянах пад Львовам, ён уступіў у шлюб з Аленай Бароўскай, уладальніцай маёнтка Белавусаўшчына ў Пружанскім павеце. У іх было трое дзяцей: дачка Люцына і сыны Юзаф і Міхал. Пасля смерці Люцыяна Чарноцкага маёнтак Белавусаўшчына перайшоў у спадчыну Міхалу, а Юзаф стаў уладальнікам маёнтка ў Багуслаўцах. Пасля смерці Міхала палова маёнтка Белавусаўшчына адышла яго брату, дзяцей у Міхала не было.

Герб Ліс-Бзура

Герб Ліс-Бзура


На помніку бачныя рэльефныя ўпрыгожванні: абеліск (прамень святла), крыж (знак хрысціянскай веры), сноп хлеба (час біблейскага ўраджаю), галава “фараона”.

1a21f92c7d081201da7767f0bc37e308.jpg


Эксклюзіўны помнік на магіле бацькі і сына Чарноцкіх выкананы цалкам з ружовага пяшчаніку ў майстэрні Марцінкевіча ў Варшаве.
Іван Чайчыц, адмыслова для «Гістарычнай праўды»